Вы тут

Прэзідэнт — назначаным кіраўнікам: «Усё засяроджана ў вашых руках, бярыце і дзейнічайце»


Панядзелак — дзень не цяжкі, а кадравы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне новых кіраўнікоў месяцовых выканаўчых і распарадчых органаў, найважнейшых арганізацый, рэспубліканскіх органаў. 


Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў кандыдатуру Дзмітрыя Петражыцкага на пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама. Кадравыя перастаноўкі адбыліся ў Мінскаім гарвыканкаме: Надзея Лазарэвіч стала першым намеснікам старшыні, а Аляксандр Чэрнікаў — намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама. Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Сяргея Лабадзінскага на пасаду старшыні Брэсцкага гарвыканкама, а кандыдатуру Аляксандра Горбача — на пасаду старшыні Добрушскага райвыканкама. Анатоль Завацкі стаў старшынёй Вілейскага райвыканкама, а Дзмітрый Колас — Уздзенскага райвыканкама. Сяргей Ермаліцкі ўзначаліць Круглянскі райвыканкам, Геворг Мелканян — Хоцімскі, Дзмітрый Акуліч — Чавускі. Кандытатура Віталя Марозава ўзгоднена на пасаду кіраўніка адмінстрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля.

Аляксандр Лукашэнка асобна звярнуўся да Сяргея Лабадзінскага, які раней працаваў кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама: «Я так разумею, Сяргей Мікалаевіч, вы чалавек перспектыўны, ведаеце ўсе вузкія месцы, недахопы. І ў Брэсце гэта будзе выпраўлена?». Новы мэр горада адказаў сцвярджальна. Прэзідэнт папярэдзіў, што летам або восенню плануе наведаць Брэст, каб праверыць, як там наладжана работа ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. «Пакуль да Брэсцкай вобласці прэтэнзій увогуле вялікіх няма. Вы, магчыма, нават не горш працуеце, чым іншыя вобласці. Але тым не менш...» — заўважыў ён. Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся матывацыяй Сяргея Ермаліцкага, які вырашыў змяніць пасаду старшыні Гомельскага райвыканкама на пасаду кіраўніка Круглянскага райвыканкама. «Магілёўскі рэгіён для мяне — гэта малая радзіма. Хацелася б папрацаваць на Магілёўшчыне», — растлумачыў Сяргей Ермаліцкі.

Прэзідэнт удзяліў асаблівую увагу развіццю Гомельскай вобласці. На нарадзе, якая прайшла ў лістападзе мінулага года ў Гомельскім аблвыканкаме, кіраўнком дзяржавы былі дадзеныя канкрэтныя даручэнні па развіццю рэгіёна. «Праблемы ведаеш. Адыходзіць няма куды. Гэты год паказальны. Тое, што ты становішся побач з губернатарамі і будзеш несці адказнасць, — гэта добра. Але ты ж разумееш адказнасць? — звярнуўся Прэзідэнт да Дзмітрыя Петражыцкага, які ўзгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама. — Далей ужо няма куды. Таму настройвайся адразу разам з Іванам Іванавічам Крупко (губернатарам Гомельскай вобласці. — Заўв.) на ваенны лад і пачынайце разгортвацца як след». Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ходам пасяўной кампаніі ў Гомельскай вобласці, зрабіўшы акцэнт на неабходнасці захавання тэхналогій і якаснай падрыхтоўкі глебы для пасеваў. «Калі своечасова цяпер падкорміце, па-сапраўднаму, — будзеце мець ураджай. Не падкорміце — ураджаю не будзе. У гэтым асаблівасць і ўсёй Беларусі: своечасова падкарміць азімыя. Я за некаторымі палямі назіраю. Дзе падкармілі дні 4- 5 таму, у гэтыя цёплыя дні, — зялёныя ўсе палі стаяць. І рапс ужо патроху зелянее. Я яшчэ раз настойваю на тым, каб было ваеннае становішча ў гэтым плане. Дзень і ноч трэба працаваць, але своечасова падкарміць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама заўважыў, што людзей, якія працуюць у сельскай гаспадарцы днём і ноччу праводзяць пасяўную кампанію, трэба матываваць матэрыяльна. 

«Задачы, мужыкі, вы ведаеце. Я не аднойчы пра гэта казаў. Год асаблівы. Нам трэба падрыхтавацца да палітычных кампаній, каб нас не пачалі хістаць у чарговы раз», — канстатаваў беларускі лідар. Ён даручыў звярнуць увагу на пытанні, якія ставіць насельніцтва. Але, па словах, кіраўніка дзяржавы, гэта не здымае з людзей абавязкаў самастойна вырашаць жыццёвыя пытанні і не чакаць дапамогі ўлад у дробных бытавых справах. Сярод пытанняў, пра якія павінны дбаць прадстаўнікі ўлады ён назваў цэнаўтварэнне, пытанні ЖКГ, пытанні сельскай гаспадаркі. «Адзін інвестыцыйны праект — адзін раён — гэта ваша задача. Мы гэтага не забудзем, і перш за ўсё я. Гэта маё асабістае даручэнне кожнаму старшыні. райвыканкама. Трэба бегаць хутка па краіне, шукаць інвестараў. У гэтым годзе вы павінны далажыць аб рэалізацыі гэтага праекта. Пры гэтым маштабы праекта павінны залежаць ад рэзерву свабоднай працоўнай сілы ў рэгіёне», — паставіў задачу Прэзідэнт. Па яго словах, у полі зроку мясцовай улады павінны знаходзіцца і пытанні развіцця вытворчай базы: «Рынкі адкрыты, асабліва вялізны расійскі рынак. Усім трэба варушыцца, не толькі абласной уладзе, але і старшыням гор- і райвыканкамаў. Райвыканкамы ў нас не задзейнічаны ва ўсю моц, яны недагружаны ў гэтым плане. Патрабавальнасць у гэтым ключы будзе толькі ўзрастаць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё знаходзіцца ў руках назначэнцаў. «Бярыце і дзейнічайце, ківаць няма на каго. Час будзе няпросты. Я пераканаўча прашу: не расслабляйцеся і глядзіце на людзей», — сказаў ён. 

«Я буду зацікаўлены, каб усё атрымалася»

З панядзелка новыя кіраўнікі з’явіліся ў найважнейшых арганізацыях. Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Ігара Сысоя на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне». Аляксандр Кавалёщўстаў генеральным дырэктарам ААТ «Белшына», а Сяргей Саглаеў — генеральным дырэктарам ААТ «Даламіт». Ігар Дземідзенка — новы генеральны дырэктар вытворча-гандлёвага РУП «Белмедтэхніка». 

Прэзідэнт пацікавіўся ў Аляксандра Кавалёва, як зараз складваецца сітуацыя на «Белшыне». «Шыны прадаюцца. Ёсць у нас прырост у рэштках гатовай прадукцыі. Але гэта праблема сезоннага попыту і праблема па звышбуйнагабарытным сегменце. Вы ведаеце папярэднюю праблему. На сёння мы спрабуем яе вырашыць шляхам стварэння новай тавараправоднай сеткі ў гэтым сегменце. З гэтай мэтай спецыялісты прадпрыемства ўжо знаходзяцца на месцах, дзе расійскія горназдабывальныя кампаніі на Кузбасе. Гэта значыць, плануецца наведванне прадпрыемстваў. Восем сустрэч запланавана на гэтым тыдні. Спрабуем перакантрактавацца менавіта па гэтым прадукце. Таму што большасць спажыўцоў было закантрактавана праз расійскага дылера», — далажыў новы генеральны дырэктар прадпрыемства. Да назначэння на пасаду кіраўніка Аляксандр Кавалёў працаваў намеснікам галоўнага інжынера па тэхнічным развіцці.

Новы генеральны дырэктар вытворча-гандлёвага РУП «Белмедтэхніка» Ігар Дземідзенка з 2016 па 2022 гады працаваў першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Ён запэўніў, што ведае праблемныя пытанні прадпрыемства, бачыць шляхі іх вырашэння. «Ваенны чалавек ёсць ваенны. У нас сітуацыя такая, што парадак трэба наводзіць усюды, у тым ліку і ў гэтай сферы. Я вельмі буду зацікаўлены, каб тут атрымалася», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Кадравыя перастаноўкі закранулі і рэспубліканскія органы. Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Юрыя Горбіча на пасаду намесніка міністра аховы здароўя, а Андрэя Картуна — на пасаду намесніка міністра эканомікі. Наталля Васілеўская — новы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Ігар Голуб — новы дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацый. Прэзідэнт даў згоду на назначэнне Дзмітрыя Уласіка кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама, Дзмітрыя Козела — старшынёй Гомельскага райвыканкама. Пётр Кірычэнка і Юлія Ліпоўская прызначаны членамі Гомельскага аблвыканкама. Аляксандр Саксонаў — членам Магілёўскага аблвыканкама. Па ўзгадненні Прэзідэнта Сяргей Краўцоў — новы генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве». Алег Токун з панядзелка — намеснік начальніка Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. 


У тэму

Асноўная задача — развіццё рэальнага сектара эканомікі

Назначэнцы падзяліліся з журналістамі сваімі планамі на работу на новых пасадах. Новы генеральны дырэктар ААТ «Белшына» Аляксандр Кавалёў расказаў, што на прадпрыемстве працуе ўжо 27 гадоў. «Той досвед, які я атрымаў на прадпрыемстве, я цалкам накірую на росквіт роднага прадпрыемства і Бабруйшчыны ў цэлым. „Белшына“ паспяхова пераадольвае ўсе перашкоды, я маю на ўвазе санкцыі. Мы выходзім на рынак Ірана, нашы спецыялісты наведалі краіну, заключаны дагавор на першыя пастаўкі», — адзанчыў ён, дадаўшы, што сёння прадукцыя бабруйскага прадпрыемства можа скласці канкурэнцыю вядучым вытворцам.

Ігар Дземідзенка, які ўзначаліў вытворча-гандлёвы РУП «Белмедтэхніка» падкрэсліў, што сёння сфера аховы здароўя — гэта бяспека краіны. «Сёння спецыялістаў у медыцынскай сферы знайсці не так проста. Таму будзем берагчы людзей, закупляць найбольш якаснае абсталяванне і старацца, каб гэта ўсё было на карысць Рэспубліцы Беларусь», — адзначыў ён.

З Гомельскага райвыканкама ў Круглянскі райвыканкам Сяргея Ермаліцкага пераводзіць покліч сэрца. Ён прызнаўся, што хоча папрацаваць на малой радзіме і дапамагчы яе развіццю. «На сёння асноўная задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы — гэта развіццё рэальнага сектара эканомікі, захавання тэмпаў развіцця Круглянскага раёна, нарошчванне дынамікі развіцця сельскай гаспадаркі. І самая галоўная задача — паляпшэнне дабрабыту грамадзян Круглянскага раёна. Кожны раён па-свойму складаны. І праца на дзяржаўнай службе, асабліва першай асобай — заўсёды складаная і адказная, таму што даводзіцца прымаць сур’ёзныя важныя рашэнні, лёсавызначальныя як для людзей, так і для прадпрыемстваў. Трэба быць адказным і справядлівым, уважліва працаваць з кадрамі і людзьмі», — сказаў Сяргей Ермаліцкі. Ён таксама расказаў журналістам, што інвестыцыйны праект у Круглянскім раёне будзе звязаны з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі. 

Вопытны эканаміст Надзея Лазарэвіч з пасады намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама пераходзіць на пасаду першага намесніка. «Прыстаўка „першы“ дадае больш адказнасці. Канешне, з улікам таго, што спектр пытанняў для мяне застаўся тым жа, я разумею, што магчымасці эканомікі стаяць у прыярытэце. Цяпер эканоміка на чале ўсяго. Будзем займацца яшчэ больш шчыльна развіццём эканомікі ў горадзе Мінску». — расказала яна. Надзея Лазарэвіч падкрэсліла, што мінулы складаны год зрабіў усіх мудрэйшымі, бачныя перспектывы развіцця, бачныя балючыя кропкі, на якія трэба звярнуць увагу. Па яе словах, сёння на многіх мінскіх прадпрыемствах рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, якія адкрываць вялікія магчымасці. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.