Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Пагрозы вельмі сур’ёзныя, часам неверагодныя


Прэзідэнт Беларусі правёў рабочую сустрэчу з дырэктарам Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі 


Напачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Сяргею Нарышкіну за тую дапамогу, якую Служба знешняй разведкі Расіі аказвае перш за ўсё ў пераабсталяванні і абсталяванні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. «Вы, напэўна, гэта заўважылі, што ў апошні час мы і разведданымі абменьваемся больш інтэнсіўна, і якасць інфармацыі палепшылася, — звярнуўся да Сяргея Нарышкіна кіраўнік дзяржавы. — Гэта перш за ўсё звязана з актывізацыяй дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі. Але і немалаважная роля ў тым, што расіяне вельмі сур’ёзна, і перш за ўсё вы, дапамагаеце нам у тэхнічнай разведцы».

Беларускі лідар не хавае: без тэхнікі сёння наўрад ці можна атрымаць добрую, дакладную, вывераную інфармацыю. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што розныя падзеі ў свеце, у тым ліку спецыяльная ваенная аперацыя Расійскай Федэрацыі, прымусілі з усіх бакоў паглядзець на ўсе структуры сілавога блоку. «Як я часта кажу, не было б гэтага, дык трэба было прыдумаць, каб нас дзесьці падштурхнуць, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — У сувязі з гэтым мы працаваць сталі актыўна».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пагрозы, якія даводзіцца назіраць, вельмі сур’ёзныя — часам, па яго словах, неверагодныя. За ўсім, што адбываеццца навокал, з улікам імклівага развіцця тэхнічных сродкаў спецслужбы не заўсёды могуць угнацца. У гэтай сувязі час ад часу ўзнікаюць пэўныя пытанні. «Але людзі павінны разумець: мы не ад Госпада Бога, таму ўсё прадугледзець не можам, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму і ў нас, і ў вас з’яўляюцца рознага роду адмарозкі менавіта ўнутры грамадства, на якіх робяць стаўку замежныя тэрарысты — іх іначай не назавеш. Гэта не разведка і не контразведка, гэта проста нашы ворагі. Яны знаходзяць у нашым лагеры, як прынята казаць, адпаведных людзей і робяць на іх упор».

Прэзідэнт расказаў Сяргею Нарышкіну, што нядаўна ў Беларусі затрымалі тэрарыста, які выконваў заданні Службы бяспекі Украіны. «І самае галоўнае, што мяне больш за ўсё абурае, затрымалі ўжо больш 30 памагатых, — удакладніў беларускі лідар. — Яны адкуль? Яны былыя і сапраўдныя сволачы, якія жывуць у нашым грамадстве. Іначай мярзоту гэтую я назваць не магу, якія здзяйсняюць, дапамагаюць здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні, тым больш тэракты, на ўласнай зямлі, супраць сваіх жа суайчыннікаў». 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работы ў нас вельмі шмат. «Але я хачу вас запэўніць, што мы абсалютна адкрытыя да супрацоўніцтва, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вы гэта адчуваеце і бачыце. Удзячныя вам за тую інфармацыю, якую вы нам пастаўляеце і своечасова нас напружваеце па асобных пытаннях. Думаю, што наперадзе ў нас больш глыбокае супрацоўніцтва. На нас вы можаце разлічваць па тых кірунках, дзе мы штосьці можам». 

Сяргей Нарышкін, у сваю чаргу, падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за прадстаўленую магчымасць сустрэцца і абмеркаваць надзённыя пытанні. Акрамя таго, падчас візіту расійскай дэлегацыі ў нашу краіну запланавана чарговае сумеснае пасяджэнне калегіі Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. 

«Наша ўзаемадзеянне раўнацэннае, уяўляе роўную ўзаемную цікавасць, — падкрэсліў Сяргей Нарышкін. — Штосьці ёсць больш моцнае ў нас, штосьці — у нашых беларускіх калег. Мы сапраўды ў апошнія гады самым сур’ёзным чанам узмацнілі наша ўзаемадзеянне з мэтай выяўлення і папярэджання ўсіх пагроз, знешніх пагроз, якія стаяць перад дзвюма нашымі краінамі, перад Саюзнай дзяржавай. У нас даволі сур’ёзныя планы ў гэтым кірунку — рухацца з тым, каб дапамагаць перш за ўсё палітычнаму кіраўніцтву нашых дзвюх краін на аснове той разведвальнай інфармацыі, якую мы атрымліваем, прымаць вывераныя, дакладныя, стратэгічныя рашэнні».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.