Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «У адным ручніку, альбо „Так зрабіў бы кожны!“»


У адным ручніку, альбо «Так зрабіў бы кожны!»

«Звязда» праўду пісала, гісторыі бываюць самыя розныя: камічныя, трагічныя, банальныя, абуральныя, павучальныя...


Фота: pixabay.com.

У мяне якраз такія. І нават дзве. Першую любіць расказваць мой тата. Ён, дарэчы, помніць столькі анекдотаў, прыпевак, тостаў, што ўсе сваякі, нават вельмі далёкія, запрашаюць яго на вяселлі і загадзя просяць, каб «пакіраваў», папрацаваў тамадой. Тата рэдка адмаўляецца.

Такім чынам адна з яго вясельных гісторый — пра самы кароткі шлюб.

Днём, недзе пад абед, тыя хлопец з дзеўкай распісаліся, вечарам пасядзелі ў кавярні, ноччу паспалі і раніцай прачнуліся. Жонка пайшла на кухню, наабірала бульбы, паставіла смажыць.

На пах, што даносіўся з кухні, прыклыпаў муж, паглядзеў у патэльню, наверх паклаў накрыўку.

— Навошта? — спытала жонка і тут жа зняла.

— Трэба! — строга сказаў муж. — Мая мама смажыць бульбу пад накрыўкай.

— А вось мая — без, — заявіла жонка.

— Твая нічога не разумее.

— Гэта твая — нічога! Ні ў бульбе, ні...

Праўду кажуць, сварыцца толькі пачні, потым — наўрад ці скончыш.

Так яно і было: муж не дараваў сваёй жонцы дрэнныя словы пра маму: бразнуў дзвярыма, сышоў, каб больш не вярнуцца.

І здарылася гэта праз... няпоўныя суткі! «Адкуль, — казаў тата на вяселлях, — першае правіла маладых: забудзься ўсё, што казала мама. Альбо хоць не агучвайце, калі не хочаце паставіць новы рэкорд».

— А ён ужо таго... пастаўлены, — цішком прызнаўся тату адзін са стрыечных пляменнікаў. І расказаў, як жа тое было.

Ён, маўляў, яшчэ служачы ў войску, у інтэрнэце пазнаёміўся з Дашай, месяцы з тры перапісваліся, размаўлялі па тэлефоне, абменьваліся фоткамі, віртуальнымі пацалункамі.

Усё, карацей, ішло да рэальных: дзяўчына досыць настойліва запрашала яго да сябе. І не проста прыехаць, а як многія цяпер, паспрабаваць пажыць разам. Ну чаму б і не, калі кватэра ёсць?

Ад такіх прапаноў рэдка адмаўляюцца. Таму хлопец, вярнуўшыся дадому, купіў джэнтльменскі набор (шампанскае, кветкі, цукеркі) і падаўся ў дарогу.

Далей — амаль даслоўна:

— Спадабалася, што ў кватэры чыста...

Не спадабалася, што на стале не было амаль нічога, апроч майго шампанскага ды цукерак.

Але ж мы пасядзелі, пагаварылі, паглядзелі кіно, заказалі дзве піцы (другую — на раніцу). Потым гаспадыня паказала мне ванны пакойчык, сказала, што на душ адводзіць мне пяць (?) мінут.... Праз паўзу дадала: «Іначай вады шмат зрасходуеш, а ў нас лічыльнікі».

Я насцярожыўся, але згадзіўся.

Даша дала мне вялікі ручнік і нейкую анучку, каб потым я вымыў і насуха выцер ванну.

Хацеў быў спытаць, навошта, але змаўчаў.

Спаласнуўся, вылез, у адным ручніку падышоў да ложка. «Ванну выцер?» — спытала гаспадыня. Я ёй: «Не... Яна і так высахне». — «Мая мама кажа, што трэба. Я прывыкла. І ты прывыкай!»

Я падаўся назад, выцер тую пасудзіну, адзеўся, узяў цыгарэты, пайшоў на лесвіцу пакурыць (у хаце-на балконе — бронь божа!) і ў кватэру больш не вярнуўся...

— Дзядзька, вось ты як чалавек бывалы скажы мне, — прасіў п'янаваты пляменнік, — я правільна зрабіў ці не?

Тата — без роздуму — адказаў, што на ягоным месцы так зрабіў бы кожны.

М. СМАГІНА

г. Мінск


Вады — няма, а вадалазы ёсць!

...У вёсцы, дзе пачынала працаваць Святлана, было, здаецца, усё: школа, крама, клуб, бібліятэка, тры малочна-таварныя фермы, канюшня... Для поўнага шчасця не хапала хіба лесу, рэчкі ды маладых людзей. Затое пажылыя...

Варта было Святлане адамкнуць дзверы ФАПа, як разам з ёй у прыёмную заходзіла сем-восем чалавек. Нехта з іх сапраўды меў патрэбу ў леках і лячэнні, нехта — прыходзіў параіцца, а то і проста пагаманіць — паміж сабою і з новай дакторкай. Яна тым больш не крыўдавала, не шкадавала часу (яшчэ і асабістага), бо гэтыя зносіны былі і па-свойму цікавымі, і патрэбнымі: як-ніяк пазнавала людзей, мясцовыя парадкі, звычаі... Хоць Іванаўна — яшчэ адна работніца ФАПа — іншы раз злавала: знайшлі, маўляў, месца! Вунь клуб непадалёку, там бы і збіраліся! А тут — амбулаторыя, медыцынская ўстанова, няма чаго з вуліцы гразь прыносіць!

Бурчэла так, але ж прыбірала, бо сама ўключалася ў размовы — амаль штодзённыя. Хіба...

У тую прыгожую летнюю раніцу, як ні дзіўна, людзей на прыёме зусім не было. Святлана занялася паперамі.

Праз нейкі час у кабінет зайшла Іванаўна — паскардзілася, што стамілася, пакуль управіла гаспадарку... Але ж і тут не прысела: у акне, што выходзіла на вуліцу, згледзела брудную шыбу, — стала чысціць шкло і...

— О, дакторачка, — аклікнула раптам Святлану, — вы перажывалі, што на прыём нікога няма. А людзі вунь, каля клуба сёння сабраліся... І землямеры там, і вадалазы.

— Хто-хто?! Якія?! Адкуль? — падхапілася з крэсла дакторка.

Бо землямеры — яшчэ зразумела: можа, сенакос дзе будуць дзяліць... А з чаго б вадалазы, калі тут нават лужын глыбокіх няма?!

— І не трэба! — адсмяяўшыся, заявіла Іванаўна. — Вадалазамі ў нас завуць тых, хто носіць акуляры з вялікімі плюсавымі дыёптрыямі. Вочы праз іх здаюцца лупатымі, бы ў вадалазаў... А землямеры — гэта бабулі і дзядулі з кіёчкамі! Па вуліцы ідуць і быццам гароды мераюць!

Вось тут пасмяялася ўжо і дакторка, бо ведала, каго давядзецца лячыць.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

в. Радкава, Салігорскі раён


Апошняе спатканне

...Я, мусіць, ніколі не напісала б, не даслала б гэтыя маленькія гісторыі, калі б не прачытала ў адным часопісе нататку пра флаталогію, навуку (?!), якая вывучае працэс газаўтварэння ў страўніку і — адпаведна — самавольны або несамавольны акт выкіду — флатус.

Такім чынам якраз пра яго. Выпадак першы.

Ідзе вайна. Мы з брацікам жывём у бабулі, у вёсцы Града, занятай немцамі. Сядзім у кухні за сталом, на які бабуля ставіць чыгунок з гарачай разварыстай бульбай (у мундзіры), міску з квашанай капустай...

Мы, з лыжкамі ў руках, заміраем, бо ў хату, па адным, заходзяць пяць немцаў, пачынаюць нешта гергетаць, хапаць з чыгунка нашу бульльбу і, не абіраючы, есці.

Бульбу — няхай! Нават з капустай! Толькі б нас не чапалі, — думаем мы і маўчым.

Немцы ж наадварот: ядуць, гавораць і раптам адзін з іх, пры ўсіх, выдае такі гук...

Нават за цішэйшы і карацейшы мяне, малую, дзядуля выгнаў бы з кухні!

Не змаўчаў ён і немцу: пачырванеўшы ад злосці, сказаў:

— Каб цябе разарвала, свіння ты паршывая!

«Госць», на шчасце, па-нашаму, па-беларуску нічога не зразумеў, яго сябрукі — таксама: як елі, так і ядуць. Толькі перакладчык спалохана глядзіць на дзядулю, лапоча:

— Нельга так, пане! А то будзе пуф-пуф: застрэляць і пікнуць не дадуць!..

Выпадак другі.

Я ляжу ў бальніцы. У палаце на суседнім ложку — жанчына, якой нядаўна зрабілі аперацыю. Стан, як пішацца ў сумных зводках, — стабільна цяжкі, а таму хірург да нас заходзіць часта, некалькі разоў на дзень: пытае, як яна пачуваецца, газы адыходзяць ці не?

Жанчына, мусіць, бянтэжыцца (што кажа, мне не чуваць...), затое хірург слоў не падбірае:

— Ну вы ж глядзіце тут — не цырымоньцеся, — гучна просіць ён пацыентку. — Газы як толькі збяруцца, — «страляйце»! Ды так, каб шыбы ў вокнах звінелі!..

Выпадак трэці.

Некалі даўно мая знаёмая закахалася ў хлопца, ён, як выглядала, у яе. Маладыя часта сустракаліся.

Вось і ў той раз ён не проста прыйшоў на спатканне, — ён прыехаў на ровары (гэта як сёння на новым «бумеры»!), паклікаў яе пакатацца.

Дзяўчына села на раму — едуць! Ён круціць педалі і, можна сказаць, аберуч абдымае яе, горача дыхае ў вушка... Яна проста млее ад радасці!

Але ж вось яны выехалі за вёску, ровар спыняецца. Дзяўчына саскоквае на зямлю і — што называецца... усё: міжвольны «выстрал», гарачая хваля сораму і спешныя ўцёкі. Свята канчаецца: гэта — апошняе іх спатканне.

...Дык, можа, правільна робяць немцы, фіны ды іншыя народы, калі не трымаюць газы ў сабе і не зважаюць на «стрэлы» іншых? Можа, не трэба і нам дзівіцца на жыхароў Індыі, дзе метэарызм служаць сімвалам удзячнасці за трапезу?

Наогул, як мне здаецца, замоўчваць гэтую тэму зусім не варта. Саромецца — таксама.

Зоя НАВАЕНКА

г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж напамін: усе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вызначаюць іх, тыя найлепшыя, два журы — малое рэдакцыйнае і вялікае чытацкае, у склад якога рады прыняць кожнага з ахвотных.

Што для гэтага трэба? Па-першае, на працягу года чытаць усе змешчаныя гісторыі (сайт «Звязды» на дапамогу!), па-другое, нейкім чынам пазначаць тое, што спадабалася, для таго каб бліжэй да Каляд назваць сваю дзясятку найлепшых.

Творы, якія набяруць максімальную колькасць галасоў, выйдуць у лідары — з усімі адсюль наступствамі ў выглядзе ганаровых дыпломаў і каштоўных прызоў. Так што чытайце і пішыце (калі ласка — з нумарам тэлефона для аператыўнай сувязі) і, вядома ж, выпісвайце — сваю, найстарэйшую, «родную газету на роднай мове»!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.