Вы тут

Падтапленне ў Слаўгарадскім раёне: Проня паказвае нораў


Проня — правы прыток Сожа, упадае ў яго на ўсходняй ускраіне Слаўгарада. Гэта каля Замкавай гары, перасягнуць якую нават пры вялікім жаданні ёй не па сілах. Але ў некалькіх кіламетрах ад райцэнтра, дзе мясцовасць у асноўным раўнінная, ёй раздолле — разліваецца месцамі кіламетраў на 10. Больш за ўсё непрыемнасцяў яна дастаўляе жыхарам вёсак Гіжэнкаўскага сельсавета, якія знаходзяцца на мяжы з Лапаціцкім. Гэта Лецягі, Бярозаўка, Целяшы. У звычайны час аўталаўкам, ратавальнікам і астатнім спецслужбам хутчэй і танней было абслугоўваць іх праз Лапаціцкі сельсавет. Але гэты нумар не праходзіць падчас паводкавых сітуацый. Слабае месца — мост каля вёскі Лецягі. Штогод ён аказваецца пад вадой, але не настолькі, як сёлета. 


— Небяспечным лічыцца ўзровень, калі Проня ў сваім росце дасягае 290 сантыметраў, у месцы каля Лецяг ён значна перавышаны — 368 сантыметраў, — паведамілі на Слаўгарадскай метэастанцыі. — Але ў пятніцу ён знізіўся на 4 сантыметры. Калі дажджоў не будзе, рака хутка вернецца ў берагі. Больш спакойна вядзе сябе Сож. Ён ужо ўпэўнена мінусуе па 8-10 сантыметраў у дзень. 

Кожны дзень правесці візуальны агляд і зрабіць фота прыязджаюць на Проню і ратавальнікі. Разам з намеснікам начальніка Слаўгарадскага РАНС Валянцінам Жукавым едзем маніторыць абстаноўку. 

— За 23 гады сваёй службы (з 18 гадоў працуе!-аўт.) я бачыў вялікія паводкі, — кажа ён. — Сёлета сапраўды вялікае разводдзе, даўно такога не было. У Слаўгарадзе ёсць некалькі двароў, куды мы перыядычна выязджаем адкачваць ваду. Гэта на вуліцы Сямашка, Панамарова, у завулку Карла Маркса. У асноўным вада збіраецца ў склепах і агародах. Мы яе адкачваем, а яна за ноч зноў вяртаецца. Сітуацыя, між тым, не крытычная, пра адсяленне грамадзян размовы няма. У Слаўгарадзе дзве сур’ёзныя ракі — Сож і Проня, але гораду пашчасціла, што ён на ўзвышшы. Гэта яго аберагала нават у самыя паводкавыя гады. 

Раней праблемай № 1 было Засожжа, на час паводкі вёскі, якія там знаходзяцца, цалкам адсякаліся ад раёна. Сувязь трымалі праз Краснапольскі раён, а гэта крук амаль 200 кіламетраў. Слаўгарадскіх ратавальнікаў, напрыклад, выручалі краснапольскія калегі. Але пасля таго, як у Слаўгарадскім раёне па загадзе Прэзідэнта з’явіўся вялікі мост, праблемы няма. Насып настолькі высокі, што ніякая паводка гэты мост не дастане. Сёння едзеш па ім на Блакітную крыніцу і любуешся пейзажам. Сож пад мостам разліўся на некалькі кіламетраў. 

А вось з Проняй пакуль прыходзіцца мірыцца, чакаць, калі яна вызваліць са свайго воднага палону мост па чавускай трасе і дазволіць зноў карыстацца больш кароткім маршрутам да вёсак Гіжэнкаўскага сельсавета. 

Непрыкметная ў астатнія часы года рэчка сёння бачна ўсім, хто праязджае па дарозе ад Слаўгарада на Магілёў, або карыстаецца старой «варшаўкай» на Маскву. Каля вёскі Завад-Віравая Валянцін Жукаў нават спецыяльна зварочвае на паўкіламетра ў бок, каб паказаць, што Проня дабралася аж да сядзібных участкаў на ўскрайку населенага пункта. У сваіх памкненнях яна пераадолела болей 100 метраў. Да дамоў ёй засталося яшчэ некалькі метраў, але ратавальнік спадзяецца, што ўзяць гэты рубеж яна ўжо не зможа. 

Хаця ад Проні можна чакаць усё, што заўгодна. 

— Аднойчы летам у водную пастку трапілі каровы, якія пасвіліся на заліўным лузе, — ўспамінае адзін з такіх выпадкаў ратавальнік. — Вада вельмі рэзка паднялася, і каровы ў прамым сэнсе слова паплылі. Мы селі на лодкі і адправіліся іх ратаваць. Большасць сама выбралася, але некаторыя зачапіліся за дрэвы. Мы ім дапамагалі вызваліцца. 

Мост, да якога мы едзем, у трох кіламетрах ад магілёўскай трасы — на тэрыторыі Лапаціцкага сельсавета. Ён цалкам пад вадой, на тым беразе крыху бачныя толькі парэнчы ад яго. Там жа, непадалёк на астраўку, адзінока бялее пост раённай метэаслужбы. Дабрацца да яго можна толькі на лодцы. 

Пра характар Проні сведчаць водныя перакаты, дзе вада кіпіць як у горнай рэчцы. Да другога берагу дзесьці паўкіламетра. 

— Мы назіраем за паводзінамі Проні штодзень, — кажа суразмоўнік. — Запрашваем зводкі ў метэаролагаў, праводзім візуальныя агляды. Абстаноўка ўвесь час пад кантролем. 

На ўзбраенні Слаўгарадскага райаддзела дзве лодкі, спецыяльныя гідракасцюмы, камізэлькі. Але пашчасціла ў паводкавую пару не карыстацца імі. Летась, напрыклад, зімой быў выпадак, калі чалавек пад лёд праваліўся, на шчасце, своечасова паспелі на дапамогу. У аддзеле створана група выратавання на вадзе, працуюць там спецыяльна навучаныя людзі. 

Пакуль фатаграфавалі разліў на Проні, пад’ехала легкавая машына. Мужчына працуе ў мясцовай гаспадарцы, правярае, ці хутка можна будзе на трактары водную паласу пераехаць. Трэба ў Лецягі па калгасных справах, а кругом вельмі далёка, кіламетраў, напэўна 50. 

— Летась я нават па вадзе праязджаў, — прызнаецца ён. — Дарога ж праглядваецца. А што тут ехаць? Я гэты шлях з дзяцінства ведаю. Але сёлета вада сапраўды высокая, такой даўно не было.

Напэўна, для такіх адчайных тут дарожнікі знак і паставілі, што праезд забаронены. Кажуць, што некаторых і ён не ахалоджвае. 

— Нам яшчэ пашчасціла, што нашы вёскі размяшчаюцца на гэтым баку ракі, а вось калегам з Гіжэнскага сельсавета не пазайздросціш, — кажа старшыня Лапаціцкага сельсавета Сяргей Антошкін. —Тая ж аўталаўка на Гіжэнку ездзіла па кругу. А зараз спачатку да нас, потым вяртаецца ў Слаўгарад і кіламетраў 30 дадаткова едзе па маршруту. Праблемы ёсць і для аграгаспадарак. На тэрыторыі нашага сельсавета іх дзве. За ракой у іх кармы, ўгнаенні. Жыхарам таксама не зручна. Раней перайшлі праз мост і на Магілёў можна ехаць. Зараз трэба ехаць спачатку да Слаўгарада, а адтуль на Магілёў. Людзі разумеюць, што тут мала што ад нас залежыць, трэба пачакаць, пакуль вада спадзе. Сёлета сапраўды выпрабаванне. Раней тыдзень-два і рака супакоілася. Сёлета ўсё зацягваецца. 

Каб прасякнуцца сітуацыяй, едзем у Лецягі праз Слаўгарад у кругавую. Проня падступае да дарогі і тут, але яна на ўзвышшы. Калі меркаваць па палях ад старога моста, то , калі б ён заставаўся на папярэднім ўзроўні, гэты шлях таксама мог быць перакрыты ракой. Зараз яна залівае толькі луг, але грунтоўна. Калі б не дрэвы, якія то там, то тут выглядаюць з вады, можна было б падумаць, што гэта мора. Са старой «варшаўкі» зварочваем на Гіжэнку. Па баках лес, але ўсюдыісная Проня і туды пранікла. Яшчэ некалькі кіламетраў і мы ў Лецягах. Круг далі прыкладна 40 кіламетраў. 

Стараста вёскі Таццяна Мельнікава самая маладая ў вёсцы, ёй 50 гадоў. Жыве ў Лецягах, а працаваць ездзіць у калгас ў Бярозаўку, да якой некалькі кіламетраў. 

— З паводкай у людзей узнікаюць нязручнасці з перамяшчэннем, — канстатуе яна. — Дзеці да старых амаль не ездзяць — далёка. Адзін шлях толькі праз Слаўгарад. Яны чакаюць, калі вада пойдзе на спад, каб наведаць бацькоў. І для арганізацый хапае цяжкасцяў. Камусьці трэба ехаць у Чавусы за палівам, камусьці да чыгункі. Раней скок і ўжо там. А зараз кругі наразаеш. Пасяўная ў разгары, а падвозка ўгнаенняў запаволілася. Наш дырэктар кожны дзень ездзіць да моста, глядзіць, ці памяншаецца ўзровень.

— З іншага боку, гэта добра, што такая высокая вада, у сэнсе — для прыроды, — разважае Таццяна. — Гэта ж заліўныя лугі, рыбе раздолле. Помню, як у дзяцінстве нашы Лецягі радавалася паводцы. Вёска тады вялікая была, дзяцей шмат. Усе выходзілі на разліў, жанчыны песні спявалі. Гэта такое свята было. Мне нават шкада сённяшніх дзяцей, што яны такога не бачылі. Сёлета паводка высокая, але ж мы не моцна бядуем. Аўталаўка да нас даязджае, пошта таксама, з ФАПа Анатаніна Іванаўна на веласіпедзе як ездзіла раз на месяц, так і ездзіць. Калі трэба, і хуткая дапамога прымчыцца. Вось толькі бабулек шкада, сумуюць яны без дзяцей. 

Кіраўнік групы гідралогіі «Магілёўаблгідрамета» Іна Філёва:

— На сённяшні дзень усе рэкі Магілёўскай вобласці прыпынілі свой рост. З пятніцы пачалося паступовае падзенне ўзроўняў па некалькі сантыметраў у суткі. Толькі па Беразіне ў раёне Бабруйска нулявая адзнака. Але хутка і яна пачне памяншацца ў памерах. На бліжэйшы час моцных дажджоў не прагназуецца, а гэта значыць, што рэкі будуць паступова вяртацца ў свае берагі. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.