Вы тут

Пра што гаварылі на круглым стале фестывалю дзіцячай кнігі


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшоў фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды», які музейныя работнікі правялі пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкага дома «Звязда» і Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска.


Для юных гасцей гэта была выдатная магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі пісьменнікамі і нашчадкамі Песняра. Аўтограф-сесіі, віктарыны, майстар-класы, лялечныя спектаклі па народных казках, гульні, якія падрыхтавалі арганізатары, дапамагалі дзецям паглыбіцца ў захапляльны кніжны свет і адкрыць некаторыя сакрэты творцы. Так, падчас музейна-педагагічных заняткаў «Міністр грыбной гаспадаркі» дзеці даведваліся пра адно з захапленняў класіка. Для некаторых юных чытачоў праз гульню пачалося знаёмства з паэмай «Міхасёвы прыгоды» — па сюжэце створана лато.

Калі адгуло дзіцячае свята, музей ператварыўся ў дыскусійную пляцоўку. Пры ўдзеле Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі прайшоў круглы стол, на якім разглядалася пытанне стварэння энцыклапедыі Якуба Коласа. Раней ужо ўбачыла свет падобнае выданне ў трох тамах, прысвечанае Янку Купалу.


«Міхасёвы прыгоды» у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Фотарэпартаж


Як заўважыла даследчыца творчасці Коласа, адна з яго ўнучак Вера Міцкевіч, новая энцыклапедыя можа заняць не менш за шэсць тамоў. Тут трэба ўлічыць 1500 твораў класіка, вялікую колькасць дакументальных крыніц. Калі ўзяць толькі эпісталярную спадчыну, можна налічыць каля 150 адрасатаў. Да гэтага часу знаходзяцца новыя інскрыпты — вядома, што Колас падпісваў свае кнігі 120 адрасатам, і ці не кожны год адкрываюцца новыя крыніцы. Ён пражыў больш за Купалу, паспеў наладзіць зносіны з вялікай колькасцю людзей, у тым ліку як дэпутат і як навуковец, у 1929 годзе быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Безумоўна, каб грунтоўнае энцыклапедычнае выданне, якое абагульніць жыццёвы і творчы шлях класіка, убачыла свет, неабходна аб'яднаць намаганні вялікай колькасці даследчыкаў, прычым гэта могуць быць не толькі літаратуразнаўцы, але і мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы. Прычыніцца да пошуку інфармацыі гатовыя музейшчыкі, прадстаўнікі вядучых навучальных устаноў краіны, нашчадкі майстра.

Таксама ўдзельнікі круглага стала пазнаёміліся з інфармацыйна-гістарычным цэнтрам «Міхал Клеафас Агінскі. Жыццё. Лёс. Час» пры лабараторыі Інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук і разгледзелі магчымасць стварэння падобнага віртуальнага рэсурсу, прысвечанага Якубу Коласу.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.