Вы тут

Прэм'ера. Чым будзе цікава пастаноўка італьянскага рэжысёра ў Вялікім?


Гэтай прэм'еры чакалі, бо «Сівільскі цырульнік» — адна з самых улюбёных опер, якая часта ставілася на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. А тут — дзясятае ўвасабленне. І тым больш што ажыццяўлялі яго пастаноўшчыкі з радзімы кампазітара Джаакіна Расіні: рэжысёр Альда Тарабэла і мастак, аўтар сцэнаграфічнага рашэння і касцюмаў Энрыка Мусеніч. Італьянская опера, якая дэманструе магчымасці тэатра (бо патрабуе выканальніцкага майстэрства) ды яшчэ ці не самая лёгкая і захапляльная — што яшчэ трэба гледачу напрыканцы юбілейнага тэатральнага сезона? Чакалі, праўда.


Сапраўды, ёсць спектаклі любімыя, якія цудоўна ўспрымае глядач ва ўсім свеце, яны павінны быць у рэпертуары, лічыць генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. Паколькі над пастаноўкай працаваў італьянскі рэжысёр, мова спектакля — італьянская. Ды мала таго: пад пастаноўку яшчэ спецыяльна абвяшчалі кастынг — каб знайсці артыстаў, якія выканаюць галоўныя партыі. Таму імёны многіх выканаўцаў будуць адкрыццямі для айчыннай публікі. Праўда, некаторыя артысты ўжо выказалі жаданне працаваць у трупе Вялікага тэатра Беларусі. Нягледзячы на ўсю лёгкасць оперы Расіні, яна няпростая для выканання. Але гэта пастаноўка яшчэ і мае італьянскую інтэрпрэтацыю — можа, не адразу заўважную. Але на што зверне ўвагу дасведчаны глядач — максімальнае аднаўленне арыгінальнай партытуры Расіні, адкрыццё шмат якіх купюр, якія дазваляюць зразумець форму Расіні. На гэта пайшлі беларускі дырыжор-пастаноўшчык Уладзімір Авадок і рэжысёр Альда Тарабэла. Яны пазнаёміліся раней у італьянскім горадзе Лука, на радзіме Джакама Пучыні. Але сустрэліся падчас работы над «Сівільскім цырульнікам»: гэтага рэжысёра параілі Вялікаму тэатру Беларусі колішні мастацкі кіраўнік тэатра «Ла Скала» Рыкарда Муці і «Равэна фестываль».

І вось адбылася і прэм'ера. Разваг пра яе будзе яшчэ шмат як у прафесійным асяродку, так і сярод гледачоў: пра рэжысёрскую канцэпцыю і яе акцёрскае ўвасабленне. Але каб лепш зразумець сутнасць пастаноўкі, важна ведаць, што было прынцыпова для стваральнікаў у гэтым спектаклі? Паслухаем рэжысёра Альда Тарабэла:

Інтэрпрэтацыя

— Лірычная опера — гэта традыцыя, не толькі ў Італіі, але і ва ўсім свеце. Таму важна мець малады склад выканаўцаў, каб працягваць гэтую традыцыю. Але яшчэ мы можам атрымаць спевака-акцёра, які будзе жыць на сцэне. Такім чынам мы можам узнавіць традыцыйны і неверагодна важны для італьянскай культуры жанр камедыі дэль артэ, фрагменты якой можна ўбачыць на сцэне. Паколькі ў некаторых сцэнах персанажы пераўвасабляюцца ў кананічныя архетыпічныя маскі з камедыі дэль артэ, якія ёсць у Карла Гальдоні і шэрагу італьянскіх аўтараў. Напрыклад, Фігара пераўвасабляецца ў Арлекіна, Разіна — у Каламбіну, Базіліа і Бартала — у Панталонэ, — адзначае Альда Тарабэла.

Імправізацыя

— Складанасць работы была ў тым, што высокая арганізаванасць артыстаў патрабавала ад іх пастаянных пытанняў да рэжысёра: чаму той ці іншы рух павінен быць у гэтым месцы, што ён абазначае? Таму адна з маіх задач — максімальна захаваць адчуванне імправізацыі і прымусіць артыстаў існаваць унутры персанажа і ўнутры той ці іншай сцэны. Рэпертуар Вялікага тэатра Беларусі складаецца з вялікіх опер, адаптаваных пад рэчаіснасць. Адна з маіх задач была — прывезці з сабой куфар лёгкасці, радасці і забаўкі, паколькі гэтага патрабуе музыка Расіні. Опера была напісана ў кароткія тэрміны. Літаральна за 2 тыдні. І галоўнай задачай Расіні было забаўляць і прымусіць сваю публіку смяяцца.

Партытура

— Нават у італьянскіх тэатрах традыцыйна ёсць некаторыя купюры, калі абразаецца музыка. Але тут фактычна ўся музыка захаваная. У гэтым заслуга маэстра Авадка, які пастараўся захаваць максімальна аўтэнтычную партытуру Расіні. Гэта дало каласальнае задавальненне.

Менталітэт

— Адна са складанасцяў, з якой я сутыкнуўся, калі пачаў працаваць з мясцовымі артыстамі, — тое, што кожны інтэрпрэтатар імкнуўся выдаць строгую суровую структуру персанажа. Галоўны пасыл быў у тым, каб кожнага максімальна прымусіць захаваць лёгкасць і ўважліва слухаць музыку Расіні. Таму што галоўная драматургія і характары ўсіх персанажаў закладзены ў ёй. Калі пачынае іграць тая ці іншая тэма, то ногі імкнуцца танчыць, калі ўважліва слухаць музыку. Гэта матывуе і натхняе, каб быць максімальна натуральным на сцэне... Я часта ставіў «Сівільскага цырульніка» на многіх сусветных сцэнах, і кожны раз ён быў розны.

Артыстычнасць

— Для нас таксама было важна выкарыстоўваць неверагодную лёгкасць і светлыню музыкі Расіні, якая правакуе ўсіх выканаўцаў на адпаведныя рухі. Для мяне было вялікім сюрпрызам тое, што я сустрэў на рэпетыцыйнай пляцоўцы беларускіх салістаў і запрошаных салістаў з Вялікага тэатра Расіі і з тэатраў іншых гарадоў, якія былі вельмі падрыхтаваныя да спецыфікі італьянскай мовы. Звычайна ёсць некаторыя абмежаванні і моўны парог, але тут быў каласальны цуд. Таму што, нягледзячы на тое, што мы людзі з розных краін, мова, якая нас аб'ядноўвае, — гэта мова тэатра і музыкі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.