Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» прайшоў шанхайскім шляхам. Чым адметная ШАС?


Гісторыя Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва налічвае 22 гады. Cёння гэта насамрэч адна з найбуйнейшых сусветных платформ узаемадзеяння. Пра стварэнне ШАС было абвешчана 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі Казахстанам, Кыргызстанам, Кітаем, Расіяй, Таджыкістанам і Узбекістанам. Цяпер яе членамі з'яўляюцца восем краін (акрамя заснавальнікаў, гэта Індыя і Пакістан, якія таксама далучыліся ў 2017-м) з агульным насельніцтвам больш за тры мільярды чалавек, што фарміруюць чвэрць глабальнага ВУП. У Беларусі, Афганістана, Ірана і Манголіі — статус дзяржаў-назіральнікаў. Акрамя таго, Азербайджан, Арменія, Егіпет, Камбоджа, Катар, Непал, Саудаўская Аравія, Турцыя і Шры-Ланка — партнёры па дыялогу. Завяршаецца работа па афармленні дыялогавага партнёрства з Бахрэйнам, Кувейтам, Мальдывамі, М'янмай і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пры гэтым колькасць заявак ад розных краін на далучэнне да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва павялічваецца. Чым жа адметная ШАС? Каб даведацца аб гэтым на ўласныя вочы, журналісты з больш чым 20 краін (сярод якіх — карэспандэнт «Звязды») накіраваліся ў Кітай.


Вялізны патэнцыял

Дзяржавы, якія ўзаемадзейнічаюць на платформе ШАС, адрозніваюцца сацыяльнымі сістэмамі, шляхам развіцця, гісторыяй і разнастайнай культурай. «Але ўсе мы — члены «сям'і ШАС». Выступаем за «шанхайскі дух», а менавіта «ўзаемны давер, узаемную выгаду, роўнасць, кансультацыі, павагу да розных цывілізацый і імкненне да агульнага развіцця», — заўважыў кітайскі нацыянальны каардынатар ШАС Чжан Хайчжоў падчас сустрэчы з масмедыя ў Міністэрстве замежных спраў Кітая.

Павышэнне якасці жыцця людзей — агульнае імкненне краін арганізацыі. Як адзначыў кітайскі дыпламат, дзяржавы актыўна прасоўваюць рэгіянальную эканамічную інтэграцыю ў рэгіёне, стварылі механізмы нарад кампетэнтных ведамстваў па эканоміцы, гандлі, сельскай гаспадарцы і транспарце, склалі і рэалізоўваюць шэраг дакументаў, у тым ліку Праграму шматбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Пагадненне аб стварэнні спрыяльных умоў для міжнародных аўтамабільных перавозак. Створаны Міжбанкаўскае аб'яднанне і Дзелавы савет. Тым самым надаецца ўстойлівы імпульс развіццю эканомікі і паляпшэнню дабрабыту народаў.

У мінулым годзе агульны аб'ём тавараабароту паміж Кітаем і дзяржавамі — членамі ШАС дасягнуў 411,8 мільярда долараў. У параўнанні з 2021-м прырост склаў 20 працэнтаў. «Адметна, што такія значныя дасягненні адзначаліся на фоне негатыўнай тэндэнцыі развіцця сусветнай эканомікі пасля пандэміі. Гэта сведчыць аб вялізным патэнцыяле супрацоўніцтва ў рамках ШАС», — падкрэсліў Чжан Хайчжоў.

Гарантаванне бяспекі — прыярытэтны кірунак супрацоўніцтва. Падпісана Канвенцыя ШАС па процідзеянні экстрэмізму, краіны бесперапынна ўмацоўваюць юрыдычную аснову супрацоўніцтва, нарошчваюць намаганні да развіцці такіх механізмаў, як рэгіянальная антытэрарыстычная структура і нарады кампетэнтных ведамстваў на розных узроўнях.

Як адзначыў Чжан Хайчжоў, павялічыўся ўзровень згуртаванасці і палітычнага ўзаемадаверу. «Краіны паважаюць найважнейшыя інтарэсы адзін аднаго, устанавілі канструктыўныя партнёрскія адносіны на аснове прынцыпаў недалучэння, неканфрантацыі і ненакіраванасці супраць трэцяга боку».

З 2010 года наша краіна з'яўляецца партнёрам па дыялогу, а з 2015-га мае статус афіцыйнага назіральніка ШАС. Рашэнне аб пачатку працэдуры прыёму Беларусі ў арганізацыю аднагалосна было прынята на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Самаркандзе ў верасні мінулага года. «Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ператвараецца з рэгіянальнай арганізацыі ў глабальную. І самае галоўнае цяпер — не ўпусціць гэты момант. Трэба даць шанц тым дзяржавам (іх нямала) для таго, каб яны маглі знайсці альтэрнатыву існуючым рэаліям. Наша арганізацыя можа стаць глабальнай. Аб'ектыўна стаць. І вырашаць глабальныя праблемы светаўладкавання ў сучасных умовах. Трэба не спазніцца, злавіць гэты момант і адэкватна на гэта адказаць», — адзначыў у сваім выступленні на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Самаркандзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кітайскі бок адразу падтрымаў ініцыятыву Беларусі аб паскарэнні працэдуры ўступлення ў ШАС. Аб гэтым паведаміў «Звяздзе» Чжан Хайчжоў. «Цяпер працэдура фактычна завершана. Чакаецца, што афіцыйна аб наданні Беларусі статусу краіны — члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва будзе абвешчана на сёлетнім форуме ў Нью-Дэлі, — заўважыў кітайскі нацыянальны каардынатар ШАС. — Цяпер актыўна вядзецца яго падрыхтоўка. У маі ў Гоа прайшла сустрэча міністраў замежных спраў краін — членаў ШАС, дзе абмяркоўвалася гэтае пытанне».

На ўзбярэжжы Жоўтага мора

Ад Пекіна да Ляньюньгана каля 750 кіламетраў. Па беларускіх мерках адлегласць значная, па кітайскіх — некалькі гадзін руху. Гэта калі перамяшчацца на хуткасных цягніках, якія разганяюцца да 300 кіламетраў за гадзіну і больш. Сетка такой сучаснай чыгуначнай інфраструктуры ў Паднябеснай даволі разгалінаваная, таму дабрацца да ўзбярэжжа Жоўтага мора з кітайскай сталіцы можна без праблем. Так што пекінскую лакацыю мы хутка змянілі на партовую, ляньюньганскую.

Ляньюньган знаходзіцца ў правінцыі Цзянсу на ўсходзе Кітая. Як адзначаюць гіды, ён з'яўляецца ўсходнім фортам новага азіяцка-еўрапейскага транскантынентальнага моста, адным з першых у краіне прыбярэжных гарадоў, адкрытых знешняму свету. Ляньюньган славіцца доўгай гісторыяй і багатай культурнай спадчынай. Тут былі выяўлены сляды дзейнасці людзей яшчэ ў эпоху позняга палеаліту. Кажуць, у свой час Канфуцый наведаў гэты горад, філосаф падымаўся на тутэйшую гару і любаваўся морам. Першы імператар Цынь Шыхуан (259—210 гг. да н. э.) падчас сваёй інспекцыі ва ўсходняй частцы Кітая прыехаў сюды і ўсталяваў камень у якасці ўсходняй брамы імперыі Цынь, а ў часы дынастый Хань і Тан Ляньюньган стаў адным з адпраўных пунктаў Марскога Шаўковага шляху.

Горад знаходзіцца ў стратэгічна важным месцы, дзе злучаюцца ўсход і захад, поўнач і поўдзень. На поўначы ад Ляньюньгана размешчаны Бахайскі заліў, на поўдні ад яго — дэльта ракі Янцзы, на ўсходзе — Жоўтае мора, а на захадзе — Новы азіяцка-еўрапейскі транскантынентальны мост. Ляньюньган уваходзіць у лік 42 комплексных транспартных вузлоў Кітая з трохмернай транспартнай сістэмай і мультымадальнай перавозкай. Тут функцыянуюць порт, аўтадарогі, чыгункі, паветраны і рачны транспарт.

У падтрымку ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» у красавіку 2015-га ў Ляньюньгане пачалі будаўніцтва Міжнароднага лагістычнага парка ШАС (Ляньюньган) плошчай каля 70 кв. км. Тут сабралася больш чым 1600 прадпрыемстваў. У парку асноўным сфарміравалася мультымадальная лагістычная сістэма, якая ахоплівае аўтамабільны, чыгуначны, рачны і марскі транспарт, дзякуючы чаму аб'ект стаў комплексным. Вынік адпаведны: даход ад асноўнай дзейнасці лагістычных кампаній узрос з 250 мільёнаў юаняў напрыканцы 2018 года да больш чым 6,3 млрд юаняў летась. Паток тавараў за гэты час павялічыўся з 14,6 млн да 64,9 млн тон.

Рэгіён актыўна супрацоўнічае з Беларуссю. Ляньюньган устанавіў пабрацімскія сувязі з Жлобінскім і Крычаўскім раёнамі, а таксама з Магілёвам. Як паведаміў «Звяздзе» намеснік кіраўніка канцылярыі па замежных справах Ляньюньгана Лю Пэнда, рэалізоўваецца шэраг адметных праектаў, у прыватнасці па распрацоўцы лясных рэсурсаў, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, вырошчванні грыбоў. Па меркаванні прадстаўніка гарадской адміністрацыі, ёсць усе перадумовы для таго, каб надалей прадукцыйнае супрацоўніцтва пашыралася.

Цэнтральны хаб

Далей — на захад — у Сіань, сталіцу правінцыі Шэньсі. Адлегласць паміж гарадамі — звыш тысячы кіламетраў. Аднак зноў-такі выручаюць хуткасныя цягнікі, дарога не заняла шмат часу. Мы фактычна рухаліся па старажытным Шаўковым шляху, які цяпер адрадзіўся ў выглядзе найбуйнейшай сучаснай транснацыянальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Горад існуе больш чым 3100 гадоў, некаторы час з'яўляўся самым буйным (як па плошчы, так і па колькасці жыхароў) горадам свету. Сіань быў сталіцай 13 дзяржаў у гісторыі Паднябеснай: у прыватнасці ў перыяды Чжоў, Цынь, Хань, Суй і Тан (сталіцы гэтых дзяржаў размяшчаліся звычайна ў розных месцах на невялікай адлегласці ад цэнтра сучаснага Сіаня). Старая назва горада — Чан'ань. Ён быў месцам прызначэння гандлёвых караванаў, якія ішлі па Вялікім Шаўковым шляху ў Кітай. У наваколлях горада размешчаны курганныя грабніцы Старажытнага Кітая, уключаючы маўзалей Цінь Шыхуандзі з тэракотавай арміяй.

Цяпер Шэньсі знаходзіцца ў цэнтры краіны, з'яўляецца важным хабам «Аднаго пояса, аднаго шляху». Шэсць з дзесяці комплексных транспартных калідораў праходзяць праз правінцыю. Сёлета пасажырапаток міжнароднага аэрапорта «Сіань-Сяньян» заняў пятае месца ў Кітаі. Непадалёк ад Сіаня знаходзіцца Янлін, дзе існуе дэманстрацыйная зона ШАС сельскагаспадарчай высокатэхналагічнай прамысловасці. Тут створаны 123 даследчыя і інавацыйныя платформы на ўзроўні правінцыі і міністэрстваў. Нездарма Янлін вядомы як «горад сельскагаспадарчай навукі Кітая».

Сёлета ён быў абраны месцам правядзення Форуму ШАС па скарачэнні беднасці і ўстойлівым развіцці. Як адзначыў генеральны сакратар ШАС Чжан Мін, дзяржавы, якія ўзаемадзейнічаюць на платформе арганізацыі, «падзяляюць агульнае разуменне і выступаюць за арыентаваную на народ філасофію развіцця, паглыбляюць супрацоўніцтва па павышэнні дабрабыту і ўзроўні жыцця людзей на прасторы ШАС». Чжан Мін заявіў аб неабходнасці прадаўжэння развіцця кааперацыі ў аграпрамысловай галіне і яе мадэрнізацыі. На яго думку, толькі навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва можа выдатна рэалізаваць сельскагаспадарчыя магчымасці, якія ёсць у краінах, і ператварыць вялікі патэнцыял у вытворчую сілу, што прыносіць карысць усяму свету.

Нізкі ўзровень жыцця насельніцтва раней быў характэрны для кітайскай глыбінкі. У шэрагу выпадкаў адзначалася крайняя беднасць. Каб пазбегнуць сацыяльных дыспрапорцый, палепшыць дабрабыт мясцовых жыхароў, у Кітаі ў сціслыя тэрміны была рэалізавана маштабная дзяржаўная праграма. У выніку ўдалося вывесці з беднасці сотні мільёнаў кітайцаў.

У Яньане, што ў правінцыі Шэньсі, рэалізавалі шэраг адметных праектаў з улікам рэгіянальных умоў. Між іншым, гэта знакавае месца ў Паднябеснай, радзіма кітайскай рэвалюцыі. Мясцовыя яблыкі сталі сусветна вядомым брэндам, смачная садавіна неаднойчы пабывала ў космасе. З 2015-га да 2020 года ў Яньане ў спецыяльныя фонды па барацьбе з беднасцю было інвеставана звыш 7,7 мільярда юаняў. Выдадзена каля мільярда юаняў мікракрэдытаў. У глыбінцы пабудавалі каля 2 тысяч кіламетраў асфальтавых і цэментных дарог. Амаль 50 тысяч чалавек палепшылі жыллёвыя ўмовы — пераехалі ў камфортнае жыллё з усімі выгодамі. Фінансавай падтрымкай скарысталіся 154,6 тысячы мясцовых жыхароў.

Як распавёў «Звяздзе» дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Уладзіслаў Прасвіракоў (цяпер у адпаведнасці з беларуска-кітайскім міжурадавым пагадненнем ён праходзіць пашыраную гадавую стажыроўку ў Паўночна-Заходнім універсітэце сельскай і лясной гаспадаркі ў горадзе Янліне), у Паднябеснай актыўна падтрымліваюць фермераў. Сельгасвытворцам выдзяляюцца разнастайныя дзяржаўныя прэферэнцыі. Як заўважыў эксперт, меры па развіцці сельскіх тэрыторый у Кітаі шмат у чым сугучныя мерапрыемствам дзяржпраграм адраджэння вёскі, якія паспяхова рэалізаваны ў Беларусі. Так што нашым краінам ёсць чаму павучыцца адна ў адной.

Новыя перспектывы

Апошні пункт нашага шматтысячнакіламетровага маршруту — Урумчы, цэнтр Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна (Паўночна-Заходні Кітай). Дасюль з Яньаня каля 2,5 тысячы кіламетраў. Гэтую адлегласць варта пераадолець, каб пабачыць унікальныя па ландшафце і прыгажосці мясціны. Да таго ж Урумчы — важны транспартны хаб на шляху Кітай — Еўропа. Паводле даных мытні горада, са студзеня да красавіка гэтага года аб'ём знешняга гандлю Сіньцзяна склаў каля 95 млрд юаняў, што на 82,7 працэнта больш, чым за такі ж час летась. З улікам мясцовых кліматычных умоў — засухі, высокай інтэнсіўнасці сонечнага выпраменьвання і моцнага ветру — тут паспяхова здзяйсняюць пераход да «зялёнага» развіцця шляхам аптымізацыі энергетычнай структуры і развіцця адпаведных галін. Сёлета за першы квартал аб'ём інвестыцый у ветраэлектрычныя і фотаэлектрычныя праекты павялічыўся больш чым удвая.

Уступленне Беларусі ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена дазволіць нашай краіне стаць мацнейшай, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. «Уступленне Беларусі ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена адкрывае новыя перспектывы. Гэтая арганізацыя цяпер з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце рэгіянальных аб'яднанняў. З ім мы самі станем мацнейшымі і зробім яго больш моцным, падаўшы дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва па многіх кірунках, уключаючы вытворчую кааперацыю і лагістыку, і працягнуўшы Шаўковы шлях», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Мінск — Пекін — Ляньюньган — Сіань — Янлін — Яньань — Урумчы — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты

Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.

Грамадства

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?

Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.

Здароўе

Памылкі, якія робіць наш мозг. Ці можна іх выправіць?

Памылкі, якія робіць наш мозг. Ці можна іх выправіць?

«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?