Вы тут

«Усяго хапіла на вяку...»


За ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Уладзімір Апанасавіч Шкабарын узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, за наватарскую работу ў мірны час — ордэнам Леніна.

У памяці заслужанага работніка прамысловасці Беларускай ССР, персанальнага пенсіянера рэспубліканскага значэння дагэтуль жыве мінулая вайна.


— У пачатку трыццатых гадоў, — успамінае Уладзімір Апанасавіч, — наша сям'я пераехала з Гомельшчыны ў Аршанскі раён. Бацька ўзначаліў партыйную арганізацыю Высокаўскага спіртзавода, на маме трымаўся дом... Калі фашысты захапілі Оршу і яе ваколіцы, пачалося нешта страшэннае: рабаванне і арышты людзей, якія выказваліся супраць нямецкіх парадкаў, расстрэлы, вісельні... У гэтай сітуацыі тата палічыў за лепшае нас з мамай і малодшым братам адправіць на ўсход. Але шляхі былі перарэзаны, так што спроба завяршылася няўдачай: праз некалькі тыдняў нам — і ўжо са Смаленшчыны — давялося вярнуцца назад. У першую ж ноч пасля гэтага бацькоў арыштавалі. Маму пасля допыту адпусцілі, а за тату фашысты патрабавалі сорак подпісаў-паручыцельстваў у яго добранадзейнасці да існуючага рэжыму...

Дзеці — і ў прыватнасці старэйшы сын Уладзімір — не ведалі тады, што ў раёне для падпольнай работы заставалася група патрыётаў, што ў горадзе яе ўзначальваў іх бацька і інструктар райкама партыі Аляксандр Скаварада, што да пачатку 1942 года на Аршаншчыне дзейнічала ўжо звыш дваццаці падпольных груп.

Здагадкі аб тым, што бацька мае непасрэднае дачыненне да барацьбы з ворагам, пацвердзіліся пасля таго, як у іх доме ў каменданцкую гадзіну (было ўжо цёмна) з'явіўся кіраўнік разведвальнай групы Канстанцін Дудчанка, закінуты на самалёце з так званай Вялікай зямлі. Яго сувязным і стаў Валодзя. Хударлявае, нічым не прыкметнае хлапчаня не выклікала ў немцаў ніякіх падазрэнняў, і яно ж не адмаўлялася ад самых рызыкоўных спраў, у тым ліку дастаўкі па ўказаных адрасах мін, што вырабляліся чыгуначнікамі легендарнага Канстанціна Заслонава, які працаваў у немцаў начальнікам паравозных брыгад.

З кожным месяцам у горадзе пашыраўся падпольны рух, а ў лясах набіраліся моцы партызанскія атрады. У фашыстаў, як той казаў, гарэла зямля пад нагамі: ляцелі пад адхон эшалоны, знішчаліся склады з гаручым і ўзбраеннем, адпраўляліся на той свет сотні і тысячы гітлераўцаў.

У адказ, як і варта было чакаць, чыніўся самы жорсткі тэрор: дзясяткі падпольшчыкаў трапілі ў турмы. Сярод іх быў і Канстанцін Заслонаў, якога доўга дапытвалі і які, скарыстаўшы зручны момант, з невялікай групай падпольшчыкаў сышоў у лес, дзе стварыў партызанскі атрад, а затым і брыгаду.

Небяспека навісла і над сям'ёй Шкабарыных. Іхняя суседка, цешча паліцая, вынюхаўшы нейкія звесткі аб падпольнай дзейнасці, настрачыла данос на Шкабарына старэйшага. У выніку ён і яшчэ пяць удзельнікаў супраціўлення былі расстраляныя.

Валодзя здагадваўся, што і ён, услед за бацькам, мог трапіць пад падазрэнне фашыстаў, а таму яшчэ больш абачліва стаў выконваць заданні кіраўніка разведгрупы — аж пакуль дамоў да іх не прыйшла перакладчыца камендатуры, якая ў школе выкладала нямецкую мову, і не падказала, што на Валодзю таксама паступіў данос, а таму ён проста павінен знікнуць з горада, прычым неадкладна.

Такім чынам разведгрупа Дудчанкі апынулася ў партызанскім атрадзе імя Варашылава, дзе 14-гадовы партызан нароўні з дарослымі ўдзельнічаў у паходах на «жалезку», добрасумленна выконваў усе даручэнні...

Пазней яго атрад уліўся ў брыгаду Заслонава, і Канстанцін Сяргеевіч, ведаючы, што бацьку Валодзі расстралялі немцы, меў намер адправіць юнака ў Маскву — разам з параненымі, на самалёце. Гэтага, аднак, не адбылося, бо Заслонаў загінуў, а хлопец даведаўся, што па даносе той самай правакатаркі арыштавалі і расстралялі яго матулю, якая таксама была падпольшчыцай.

— У жыцці мне многае давялося перажыць, — прызнаецца Уладзімір Апанасавіч, — але ж...

У мірны час самым страшным было ў адзін год пахаваць любімую жонку Надзею Раманаўну і сына Віктара, а ў гады вайны — страта бацькоў і двухтыднёвая фашысцкая блакада непадалёк ад возера Палік. Тады, у балотах паміж рэкамі Бярэзіна і Неграйка, у акружэнні шматтысячнай групоўкі нямецкіх войскаў апынуліся некалькі партызанскіх атрадаў. У першай палове дня нас бамбілі варожыя самалёты, у другой — за справу браліся мінамётчыкі. Не дзіва, што, калі пад ударамі Чырвонай Арміі блакада скончылася, у жывых засталася толькі групка партызан...

Наперадзе ў Валодзі Шкабарына было вяртанне да баявых дзеянняў: удзел у некалькіх наступальных аперацыях і партызанскім парадзе ў Віцебску.

На гэтым вайна для яго закончылася, паўстала пытанне: а што далей?

У Оршы ў першую чаргу ён прыйшоў у органы бяспекі і назваў прозвішча правакатаркі, потым даведаўся, што таварышы бацькі пачалі хадайнічаць, каб яго як сына бацькоў-патрыётаў і круглага сірату прынялі ў Сувораўскае вучылішча, але хлопец адмовіўся ад гэтага (хоць потым і шкадаваў...).

Уладкаваўся рабочым на піўзавод, папрацаваў, вярнуўся на радзіму матулі ў вёску Перарост Добрушскага раёна, дзе трохі пахадзіў у калгасніках. Потым служыў у войску і ўжо адтуль трапіў на «пасаду» рабочага Гомельскага станкабудаўнічага завода імя Кірава, якому аддаў сорак тры гады свайго жыцця.

Цяпер Уладзіміру Апанасавічу 95 гадоў, і найбольшаму ворагу ён не пажадаў бы прайсці праз тое, што давялося самому. Асабліва — у юнацтве.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.