Папулярнасцю сярод самых юных чытачоў краіны карыстаецца серыя «Я люблю чытаць».
Заснаваная ў 2020 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», яна прадстаўляе творы класікаў, адрасаваныя хлопчыкам і дзяўчынкам, усё лепшае, што ёсць у беларускай дзіцячай літаратуры. Адна з кніг — зборнік казак Змітрака Бядулі «У кузне ў хохліка». Пэўна, як па сённяшнім часе, то і патлумачыць трэба: хохлік — у славянскім фальклоры малое чарцяня, памочнік дамавіка. А дамавічкоў малыя вельмі любяць!.. У Янкі Купалы, напрыклад, ёсць верш — «Хохлік»: «Як зайграе ў лесе хохлік, — / Замірае песень воклік;/ Як зачэпіць мох і лозы, — / Аджываюць смех і слёзы...»
У зборнік казак Змітрака Бядулі ўвайшлі наступныя творы: «Скарб» (у гэтай казцы якраз і жыве хохлік), «Музыка», «Бліночак з неба», «Іванка-прасцячок». Прыгожая мова, займальныя сюжэты — усё гэта разам з адметнымі, выразнымі ілюстрацыямі кніжнага графіка Даны Цюперак прывабліваюць, прымушаюць затрымліваць увагу на кожнай старонцы, чытаць і разглядаць старонкі кнігі зусім няспешна. Асалода неверагодная! Часцей бы адбываліся такія сустрэчы з роднай беларускай кнігай!..
Тыраж кнігі Змітрака Бядулі «У кузні ў хохліка» — 1500 экзэмпляраў. Укладальнік зборніка — вядомая пісьменніца і кніжны рэдактар Аксана Спрынчан.
Кнігу можна набыць у крамах ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кніжнай краме «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: Праспект Незалежнасці, 72.
Прыемнага чытання!
Мікола БЕРЛЕЖ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.