Вы тут

Помнік Васілю Каржу ўрачыста адкрылі ў вёсцы Ставок


У Пінскім раёне ўрачыста адкрылі помнік чалавеку-легендзе — партызанскаму генералу, Герою Савецкага Саюза Васілю Захаравічу Каржу. Адкрыццё прымеркавалі да 82-й гадавіны першага ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны партызанскага бою.


Помнік устаноўлены ў вёсцы Ставок невыпадкова. Менавіта побач з населеным пунктам на дарозе Пінск — Лагішын партызаны зладзілі засаду на нямецкія лёгкія танкі, здабылі боепрыпасы, карты праціўніка, узялі палонных. Гэты бой, у якім партызаны, дарэчы, не страцілі ніводнага байца, лічыцца першым у гісторыі партызанскага руху СССР. Тая маленькая перамога мела найбольш псіхалагічны эфект, захопнікі такога яўна не чакалі.

Праз некаторы час з шасцідзесяці чалавек атрад Каржа вырас у Пінскае партызанскае злучэнне, у якое да канца 1942 года ўваходзіла сем атрадаў з колькасцю больш за дзве тысячы байцоў, а ў 1944 годзе было ўжо каля 15 тысяч. За гады вайны партызанскія атрады Каржа знішчылі больш за 20 тысяч чалавек жывой сілы праціўніка, разграмілі больш за 30 нямецкіх гарнізонаў, пяць чыгуначных станцый, пусцілі пад адхон 460 нямецкіх эшалонаў. Усяго ў тыле ворага партызаны правялі 1119 дзён.

За арганізацыю партызанскага руху і кіраўніцтва баявымі аперацыямі Васіль Корж быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пра легендарнага партызанскага камбрыга наша газета расказвала ў нумары за 4 мая гэтага года.

У гонар камбрыга названы вуліцы ў многіх населеных пунктах краіны. Ёсць помнік герою на яго малой радзіме — у вёсцы Хорастава Салігорскага раёна, устаноўлены бюст і ў Салігорску. А вось у месцы здзяйснення першых подзвігаў, на месцы дыслакацыі партызанскага злучэння помнікаў Васілю Каржу не было. «Тым самым вырашылі выправіць гістарычную несправядлівасць» — сказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый БУШЫК.

Над праектам працавалі супрацоўнікі Пінскага райвыканкама і прадпрыемства Беларускага саюза мастакоў «Мастацтва». Сродкі па традыцыі збіралі талакой, свой унёсак зрабілі амаль чатыры дзясяткі калектываў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Увасобілі вобраз героя брэсцкія скульптары, сужэнцы Павел і Алеся Герасіменкі. За аснову ўзяты фотаздымак, зроблены падчас партызанскага парада ў ліпені 1944 года.

На адкрыццё помніка ў Ставок прыехалі прадстаўнікі органаў улады і грамадскасці, музейныя работнікі, жыхары вёскі, ветэраны і моладзь.

— Сёння ў гэтым месцы нас сабрала памяць, — сказаў на цырымоніі адкрыцця старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў ЛАЗЮК. — Праз 82 гады пасля таго гістарычнага бою на мірнай і незалежнай зямлі мы аддаём даніну павагі легендарнаму чалавеку, а таксама ўсяму партызанскаму руху, з якім трывала асацыіруецца ваенна-гістарычная спадчына Піншчыны.

Ганаровым госцем мерапрыемства стала ўнучка праслаўленага камандзіра Вольга КОРЖ. Ад імя ўсіх сваякоў яна горача падзякавала жыхарам Пінскага раёна за сардэчнае стаўленне да памяці пра дзеда Васіля Каржа, а таксама пра яго баявых таварышаў і ўсіх герояў вайны, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць радзімы.

— Ёсць усе падставы ганарыцца нашым маладым пакаленнем, якое ўмее шанаваць памяць, — сказала Вольга Мікалаеўна. — Вось і сёння, нягледзячы на дождж, сюды прыйшло шмат людзей. Так многа маладых прыгожых твараў вакол. Адкрыццё гэтага помніка — таксама свайго роду напамін маладым, як трэба любіць сваю радзіму, ганарыцца яе слаўным мінулым. Асабліва гэта важна ў святле тых неспакойных падзей, якія адбываюцца вакол нас.

Шмат кветак лягло ў гэты дзень да падножжа помніка. А вайскоўцы-пагранічнікі аддалі даніну вайсковай павагі баявому генералу збройным салютам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Пінскага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.