Гэта тое самае месца, дзе ў ліпені 41-га трымаў абарону міліцэйскі батальён пад камандаваннем капітана Канстанціна Уладзімірава. Яго байцы замацаваліся на безназоўнай вышыні ў раёне вёскі Гаі, прыкрыўшы чыгуначны вузел з боку Шклова. Сёння гэта месца носіць назву вышыня Уладзімірава. З 250 байцоў батальёна ў жывых засталося толькі 19...
У 1964 годзе тут быў адкрыты помнік-абеліск, а 2 ліпеня 1980 года — помнік, створаны скульптарам Мікалаем Кавалёвым і архітэктарам Канстанцінам Аляксеевым. Два гады таму рэспубліканскім афіцэрскім сходам органаў унутраных спраў было прынята рашэнне аб правядзенні рэканструкцыі мемарыяла з рэстаўрацыяй. Свой ўнёсак зрабіў кожны міліцыянер — вышыня стала месцам агульнай памяці і гераізму.
Удзел у адкрыцці абноўленага мемарыяльнага комплексу прыняў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, міністр МУС Іван Кубракоў, іншыя ганаровыя госці.
— Гэта знамянальная падзея для ўсёй краіны, — адзначыў у сваёй прамове кіраўнік Адміністрацыі. — У ліпені 41-га на гэтай безыменнай вышыні шэсць дзён трымаў абарону зводны батальён Магілёўскага гарнізона міліцыі. Тры роты, 250 чалавек з ліку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама выкладчыкаў і курсантаў магілёўскай, мінскай, гродзенскай школ міліцыі. Не маючы неабходнай баявой падрыхтоўкі, узброеныя вінтоўкамі і наганамі, яны змагаліся да апошняга. На жаль, засталося толькі 19. Але без баёў 1941 года, Брэсцкай вобласці, абароны Магілёва, іншых такіх вось вышынь і кропак, немагчымы быў бы той наступальны рух, які прынёс нам Перамогу. І тое, што сёння прайшло такое грандыёзнае мерапрыемства, удзел у якім прынялі тысячы людзей, вельмі знамянальна. Гэта помнік не толькі загінуўшым рабятам, але і ўсім тым міліцыянерам, якія змагаліся на фронце, у тыле, партызанскіх атрадах. Пра гэта трэба помніць. Вельмі ўцешна, што на мерапрыемстве так шмат моладзі. Гэта — неабыякавыя людзі. Гэты комплекс рэканструяваўся, у тым ліку і метадам народнай будоўлі. Міліцыянеры арганізавалі збор сродкаў, ім дапамагалі арганізацыі, прадпрыемствы. Знамянальна, што мемарыяльны комплекс адкрыўся напярэдадні Дня незалежнасці краіны. Вышыня капітана Уладзімірава для нас маральная вышыня, на якой мы сёння трымаем бой, каб захаваць тую памяць. І, калі спатрэбіцца, даць адпор праціўніку.
Усе заўважылі, што мемарыял значна пераўтварыўся, стаў больш маштабным і ўплывовым. У ходзе рэканструкцыі быў абноўлены сам мемарыяльны комплекс, усталяваны канструкцыі з інфармацыяй аб абаронцах. На ўваходнай групе з’явіліся два маналітных пастаменты вышынёй да трох метраў з гранітнай абліцоўкай, з’явіліся узоры ваеннай тэхнікі, створана лінія акопаў і бліндаж з дыярамай, да якіх пабудаваны лесвічны марш, устаноўлена сучасная ілюмінацыя і добраўпарадкавання тэрыторыя. Міністр МУС Іван Кубракоў асабіста прымаў удзел у навядзенні парадку тут падчас суботніка.
— Гэта святое і важнае месца для кожнага супрацоўніка органаў унутраных спраў, — падкрэсліў міністр. — Напачатку вайны міліцыянеры тут з гонарам выканалі свой грамадзянскі доўг. І мы паклапаціліся, каб мемарыял выглядаў годна. Сённяшняя рэканструкцыя апошняга бою капітана Уладзімірава крыху была спрошчана з-за дажджу, але мы з экранаў бачылі, што людзі працягвалі назіраць за падзеямі і што яны ганарацца сваёй краінай. Байцы батальёна па-ранейшаму з намі ў строі, іх подзвіг прыклад не толькі для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Менавіта такія вось подзвігі і байцоў батальёна, і наогул чырвонаармейцаў з’яўляюцца стрымліваючым фактарам для нашых ворагаў. Яны разумеюць, што зламаць нас немагчыма. За Радзіму, за краіну мы будзем стаяць так, як гэта рабілі нашы гераічныя продкі.
Удзел у мерапрыемстве прынялі ўнукі і праўнучка капітана Уладзімірава, якія прыехалі з Масквы. Ім, як і іншым нашчадкам байцоў, загінуўшых на вышыні, былі ўручаны спецыяльныя медалі.
— Гэта вельмі кранальная і ўрачыстая падзея ў нашым жыцці, нашых сем’ях, нашым родзе, — прызналася ўнучка капітана Уладзімірава — Марына Асланава. — Мы ганарымся беларускім народам і подзвігам тых рабят, якія тут загінулі. У іх ліку быў і наш дзед, якому на той момант споўніўся 41 год. Зямля тут насычаная крывёю, але яна праліта не дарма. І мы будзем з гонарам захоўваць памяць аб героях і будзем вартыя іх подзвігу.
— Мяне вельмі ўразіла мерапрыемства, — дадаў унук Уладзімірава, названы ў гонар дзеда — Канстанцінам. — Прыемна, што тут так шмат дзяцей. Можна не сумнявацца, што з іх вырасце цудоўнае пакаленне, не ў прыклад нашым некаторым суседзям. Беларускі народ вельмі трапяткі адносіцца да памяці.
Сёння удзельнікі адкрыцця мемарыяла змаглі на некалькі хвілін перанесціся ў той час і паназіраць за тымі падзеямі. На колішнім поле бою адбылася ваенна-гістарычная рэканструкцыя. На жаль, заяўленаму ў праграме паветранаму бою перашкодзіў дождж, які ліўнем абрынуўся на месца падзей. Але потым зноў заззяла сонейка. Падмацаваць сілы можна было салдацкай кашай і іншай не менш смачнай ежай. На ускрайку лесу працавала палявая кавярня. Дзятва з задавальненнем разглядала рарытэтную тэхніку. Была магчымасць нават пасядзець у кабіне і ў дэталях разглядзець транспарт, якім карысталіся падчас Вялікай Айчыннай вайны. На выстаўцы можна было пабачыць нават тыя машыны, якія былі задзейнічаныя ў здымках мастацкіх фільмаў.
У тым ліку, «Мерседес», які «засвяціўся» у фільмах «У жніўні 44-га» беларускага культавага рэжысёра Міхаіла Пташука, «Брэсцкая крэпасць», «Дняпроўскі рубеж» і іншых.
Падчас урачыстай часткі мерапрыемства былі адзначаны ўзнагародамі міліцыянеры, якія вызначыліся ў ходзе нясення службы. Сачыць за тым, што адбывалася на галоўнай пляцоўцы, як потым і за рэканструкцыяй бою, можна было па двух вялікіх экранах. Напрыканцы для гасцей прагучаў канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады Руслана Аляхно, Алены Ланской, Ірыны Дарафеевай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.