Вы тут

Цімур Сергееня: Немагчыма адмяніць маё жаданне іграць на Радзіме


Нястрымная энергія нараджалася са мноства гукаў, якія быццам бы высыпаліся з рук і цудоўным чынам злучаліся ў музычныя думкі... Летніх сустрэч з піяністам Цімурам Сергеенем чакаюць тыя, хто разумее, чаму яго канцэрты з поспехам праходзяць у розных краінах свету. І тыя, хто памятае, як ярка ён пачынаў — зусім маленькім дзіцем. Гэта было больш за 50 гадоў таму. «Наша музычная надзея», — казалі пра яго. І яна ажыццявілася, пра што сведчаць высокія ўзнагароды, напрыклад, плацінавы медаль і званне лаўрэата за 2020 год ад Французскага акадэмічнага таварыства «Мастацтва-Навукі-Літаратура». Але надзея яшчэ і ў тым, што ён гатовы іграць у Беларусі на розных пляцоўках, нават самых дэмакратычных, пры тым, што разам з жонкай, вядомым музыкантам Ліліяй Умновай, яны даўно жывуць за мяжой. Але з захоўваюць памяць аб момантах прафесійнага станаўлення, нават афішы сваіх выступленняў — сольных і сумесных — павезлі ў Бельгію, дзе сёння жывуць і выкладаюць, будучы прафесарамі Вышэйшай школы мастацтваў. Пра надзеі і музыку мы размаўлялі з Цімурам Сергеенем.


Фота: sb.by.

— Наколькі важная магчымасць іграць у Беларусі для публікі, якая вас памятае?

— Гэта для мяне заўсёды было важна, хоць і не заўсёды залежала ад мяне. Ёсць дзве рэчы, без якіх не можа чалавек: тату з мамай нельга памяняць, як і тое месца, дзе ты нарадзіўся. Усё астатняе быццам залежыць ад цябе. Але насамрэч аднаго жадання іграць у Беларусі мала. Што такое канцэрт? Тое, над чым я працую некалькі гадоў: сяджу за раялем, займаюся. А ў той жа час недзе павінна быць зала, нехта павінен папрацаваць над тым, каб гэты канцэрт адбыўся. У апошнія гады большая частка маіх выступленняў на радзіме была звязана з канцэртнай залай «Верхні горад», якая з’явілася ў Мінску. Бо з 1996 года, калі я стаў актыўна канцэртаваць на Захадзе, маіх выступленняў тут стала заўважна менш. Але ў апошнія гады сітуацыя змянілася, і з 2015 да 2020-га, да пачатку эпідэміі, у мяне на радзіме адбылося 86 канцэртаў. Іх арганізацыяй займаўся я сам — проста вельмі хацеў гэтага. Падключыліся некаторыя гарады, і зала «Верхні горад» — з яе супрацоўнікамі ў нас склалася творчае і чалавечае сяброўства. У мяне былі добрыя ўзаемаадносіны з Брэсцкай філармоніяй, з Гроднам — мы там паказалі адмыслова падрыхтаваныя праграмы, напрыклад, усе санаты Бетховена і іншыя...

— Праграму з канцэртным аркестрам імя Фінберга рыхтавалі спецыяльна для праекта «Класіка каля Ратушы»?

— Цудоўна, што ёсць такі праект, я ўжо чацвёрты раз бяру ў ім удзел, і вельмі шчаслівы, што ў Мінску шмат людзей, якія цікавяцца музыкай. Я рыхтаваў праграму са струннай групай аркестра імя Фінберга з ласкавай згоды дырыжора Максіма Расохі. Але я палічыў за лепшае, што буду іграць і дырыжыраваць сам, паколькі гэта магчымасць дасягнуць максімальнага кантакту з музыкамі.

— Гэта ў нейкай ступені эксперымент?

— Гэты эксперымент здарыўся 15 гадоў таму, калі ў Бельгіі быў створаны камерны аркестр, у які мы самі падбіралі музыкантаў. Ён называўся «Цімур і яго каманда» — калі выбіралі назву, я пажартаваў, але людзям вельмі спадабалася. Гэта быў аркестр, дзе я іграў і дырыжыраваў адначасова.

Насамрэч рэпертуар для фартэпіяна і струннага аркестра вельмі абмежаваны. Калі ў мяне ўзнікла гэтая ідэя, я яе ажыццяўляў з прыцэлам на канцэрты Баха — па сутнасці, акрамя іх нічога не было. Потым фантазія разгулялася, і мы рэпертуар пашырылі. Я зрабіў шэраг пералажэнняў для фартэпіяна і струннага аркестра. Прыцягнулі сучасных бельгійскіх кампазітараў. Яны захапіліся, напісалі для нас недзе паўсотні твораў, мы адабралі прыкладна палову. Штогод цягам многіх гадоў мы з аркестрам рыхтавалі праграму для ўдзелу ў Генцкім фестывалі мастацтваў, які праходзіць у Бельгіі пад адкрытым небам. А паралельна праводзілі свой фестываль камернай музыкі, на які запрашалі добрых музыкантаў і таленавітую моладзь.

— Таленавітая моладзь з Беларусі да вас не прыязджала?

— У нас было вялікае жаданне, каб беларускія таленавітыя дзеці прыехалі і сыгралі з нашым аркестрам як салісты. Праект быў гатовы, яго падтрымаў пасол Рэспублікі Беларусь у Бельгіі і дырэкцыя Генцкага фестывалю. На прыезд беларускіх юных музыкантаў была выдзелена субсідыя, але праект, на жаль, не адбыўся па прычынах, якія не залежалі ад нас...

Насамрэч у нас унікальная пачатковая музычная школа, якой няма ў Еўропе, у іх гэтае звяно ўвогуле адсутнічае. У той перыяд у музычным ліцэі былі выдатныя педагогі, якія працавалі самааддана і высокапрафесійна, і нам хацелася прадэманстраваць тое, чым Беларусь па праве магла ганарыцца.

Беларуская музычная школа пачала закладвацца яшчэ да вайны, але асноўны перыяд яе станаўлення прыпаў на 1960–1970-я гады. Прыязджалі выдатныя педагогі з Масквы, былі асобы, якія апроч таго, што ўмелі падрыхтаваць канцэрт, яшчэ валодалі творчай мастацкай фантазіяй, што важна было ў працы з вучнямі як у ліцэі, так і ў кансерваторыі.

Я з падзякай успамінаю майго настаўніка, прафесара Ірыну Аляксандраўну Цвятаеву, якая была прадаўжальніцай традыцыі выбітнага рускага піяніста Канстанціна Ігумнава і кіравала ў нас у кансерваторыі аддзяленнем фартэпіяна. На яе запрашэнне да нас прыязджалі выдатныя музыкі, якія таксама курыравалі мяне. У іх ліку Таццяна Нікалаева, Віктар Мержанаў і іншыя... Аднойчы Ірына Аляксандраўна вучыла са мной «Санату-ўспамін» Мікалая Метнера, якая для яе мела адмысловае значэнне. Яна на тыдзень запрасіла Барыса Шацкеса, прафесара Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Яго бацька, Абрам Шацкес, яшчэ да рэвалюцыі быў адным з нямногіх вучняў Метнера ў перыяд яго выкладання ў Маскоўскай кансерваторыі. Ён са мной займаўся з раніцы да вечара. Тады было ўсё магчыма, і творчы вынік таго падыходу мы атрымалі ў 90-я гады, калі вырасла плеяда таленавітых музыкантаў і сфарміравалася культурнае асяроддзе. На жаль, гэта быў не лепшы час для музыкантаў у Беларусі...

— Канцэртны фактар меў месца, калі вы прымалі рашэнне, дзе жыць?

— Вядома. Але спрацаваў комплекс прычын. Ад’езд здарыўся не таму, што мяне клікалі на канцэрты на Захадзе, і не таму, што мяне вабілі нейкія абшары. А таму, што тут гэтага не было. У 90-я гады ў мяне канцэрты ішлі праз Францыю, а ў канцы 1999 году мы пасяліліся ў Германіі. У 2000-м Лілія атрымала запрашэнне на пасаду прафесара ў Каралеўскую кансерваторыю горада Гента і пяць гадоў мы жылі на дзве краіны. Я займаўся толькі канцэртамі. А ў 2005-м годзе кансерваторыя Гента мне прапанавала месца прафесара па камернай музыцы. І мы пераехалі ў Бельгію. Там гістарычна была вышэйшая музычная навучальная ўстанова — Каралеўская кансерваторыя Гента. А 15 гадоў таму ў Бельгіі арганізавалася новая навучальная ўстанова Вышэйшая школа мастацтваў LUCA School of Arts, дзе адно з аддзяленняў — музычнае. Нас запрасілі там выкладаць.

Насамрэч мы з’ехалі не ў ліку першых. Мы з’ехалі па запрашэнні на працу і захавалі беларускае грамадзянства. Сувязі з Радзімай не гублялі. І кожны раз, калі ўязджаем у Беларусь, я радуюся, гледзячы на ўзараныя палі, разумею, што ёсць задачы першараднай важнасці. Але ёсць і музычная адукацыя (прычым надзвычай дарагая!) — яна таксама дае асаблівы прадукт, які трэба ўмець прасоўваць. А ў гэтым плане мала што змянілася. На жаль, у Беларусі ў сферы акадэмічнай музыкі так і не была адбудаваная канцэртная сістэма. Разумею гэта, бо сам займаюся арганізацыяй уласных артыстычных праектаў больш за 20 гадоў.

— Як вас, музыканта, які прадстаўляе Беларусь, прымаюць за мяжой?

— Беларусь у Еўропе гучыць ужо даўно. Я прыгадваю, якія былі цудоўныя канцэрты, калі толькі ўтварылася Рэспубліка Беларусь як самастойная краіна, усім было цікава яе зразумець. Беларускі пасол Уладзімір Лявонавіч Сянько, які быў на маім канцэрце ў Парыжскім Палацы кангрэсаў, вачам сваім не паверыў, што распрададзеныя ўсе 10000 квіткоў. І многія іншыя беларускія дыпламаты прыязджалі да нас на канцэрты. Дарэчы, жаданне зразумець Беларусь, ёсць і зараз.

— Ці ўплываюць падзеі вакол вас на выбар музыкі для канцэртаў?

— Музыка, якую я выконваю, дастаткова далёка ад нас, і за час ад моманту яе стварэння жыццё так моцна змянілася, што знешнія падзеі не адыгрываюць асаблівай ролі. Гэта вялікая музыка. Дапусцім, ёсць «Гольдберг-варыяцыі» Баха — і якое дачыненне маюць да іх нашы дробныя клопаты?

— Ці можна на канцэртах пачуць музыку вашага сачынення?

— Не жадаю пакрыўдзіць нікога з сучасных кампазітараў — кожны вырашае сам, чым ён хоча займацца, але, на мой погляд, Музыка скончылася на Шастаковічу. Я маю на ўвазе сапраўдную вялікую Музыку. Лічу, што можна казаць пра дзіўную з’яву, якая пачалася з Баха і скончылася на Шастаковічу. Што гэта было? Чаму не было да гэтага, чаму спынілася зараз? Ці мы нешта страцілі... Далей пайшлі музычныя канструкцыі, гэта ўжо зусім іншая праца. Калі я быў маленькі, маё знаёмства з музыкай пачалося з такіх твораў, як Трэці канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Рахманінава. Гэта вялікая музыка!.. А калі я сам пачаў нешта складаць, гэта нават мела вялікі поспех.

У дзіцячыя гады я быў вядомы вундэркінд у Савецкім Саюзе, пра мяне фільмы здымалі. Але пасталеў і зрабіў для сябе выснову, што лепш іграць сапраўдную музыку, чым пісаць не вельмі сапраўдную. Мне было 12 гадоў, калі я зусім свядома прыняў гэтае рашэнне. Больш за тое, у беларускіх кампазітараў гэта выклікала вельмі рэзкую рэакцыю. Яны лічылі мяне прадаўжальнікам іх традыцый. Гэта было вельмі кранальна. Аднойчы сабралі кансіліум, каб вырашыць, што са мной рабіць, і пастанавілі, што трэба займацца і пераканаць. Узяўся за гэтую справу сам Анатоль Багатыроў, са мной займаліся і маладыя кампазітары. Было цікава, але мяне гэта не захапіла. І я бясконца ўдзячны за рашэнне, якое прыняў кансіліум: не хоча пісаць — і не трэба, але няхай атрымае добрую адукацыю. Яны мяне накіравалі наведваць усе музычныя дысцыпліны разам з тэарэтыкамі. Такім чынам, у школе я скончыў два аддзяленні — фартэпіяна і тэорыі музыкі. Вядома, нагрузка была каласальная...

— Але ж атрымалася...

— Добра, калі нешта атрымліваецца, але, на жаль, вельмі шмат не атрымліваецца. Так уладкавана жыццё.

— Цудоўная самакрытычнасць...

— ...І я дастаткова самакрытычны, і побач са мной мая жонка Лілія Умнова, найвядомейшая скрыпачка і педагог. Яна прыехала ў Мінск з Масквы, прапрацавала 20 гадоў у беларускай кансерваторыі і падрыхтавала тут самага першага лаўрэата конкурсу Іегудзі Менухіна, дарэчы, гэта быў апошні конкурс, на якім ён прысутнічаў... Мы іграем разам больш за 30 гадоў, у нас мільён сумесных спраў. І калі я іграю, а яна сядзіць у зале, то я атрымліваю кваліфікаваную сур’ёзную крытыку, якая вельмі дапамагае ўдасканальвацца прафесійна.

— А іншыя інструменты не спрабавалі асвоіць?

— Калі мяне забралі ў армію, нейкі час я знаходзіўся ў танкавай «вучэбцы» ў Печах. Мяне павінны былі забраць у ансамбль песні і танца Савецкай арміі імя Аляксандрава. Трэба было да гэтага рыхтавацца, і я папрасіўся ў салдацкі аркестр. Мяне спыталі: «А дзе ты вучыўся?» Кажу, у адзінаццацігодцы пры кансерваторыі. «Кузменку ведаеш»? (а гэта адзін з першых маіх выкладчыкаў у ліцэі) — «Ведаю». — «А Цімура Сергееню?»... Маё імя было на слыху: здарылася так, што я атрымаў першую прэмію рэспубліканскага конкурсу, а праз тры тыдні ўжо хадзіў страявым крокам і сядзеў у танку. Насамрэч, усё было выдатна, але я падумаў, што гэта можа скончыцца стратай прафесіі. Прыйшоў у салдацкі аркестр — а там піяністы не патрэбныя. Але ім патрэбен быў тубіст. Кажу: «Туба — гэта мой другі любімы інструмент!» Прапанавалі паіграць. Я сказаў, што мушу ўспомніць, што іграў раней, каб паспяхова прайсці кастынг. Далі два тыдні патрэніравацца. За гэты час я навучыўся іграць на тубе. Іграў у аркестры ваенныя маршы. Увогуле зрабіў вялікую кар’еру. Але яна мне ледзь не каштавала службы ў ансамблі Аляксандрава, бо мяне не хацелі адпускаць. Маю асабістую справу схавалі. І першую дырэктыву Міністэрства абароны СССР аб маім пераводзе таксама паклалі ў стол. Калі мой бацька патэлефанаваў у ансамбль, яму сказалі, што ўжо месяц як даслалі дырэктыву. Узняўся жудасны скандал, пасля якога мяне ў 24 гадзіны накіравалі ў Маскву, дзе я і даслужыў.

— Што дзіўна для музыкі, у вас яшчэ была свая школа баявых мастацтваў. Вашы вучні, разумеючы, хто ў іх выкладчык, далучаліся да музыкі?

— Так, у мяне была магчымасць адчуць высокі дух спорту. А ў Беларусі былі вялікія майстры, што для хлапчука важна. Калі іграць на піяніна я пачаў у тры гады, то ў спорт прыйшоў у шэсць гадоў. І займаўся сур’ёзна, у 19 гадоў атрымаў інструктарскую ступень. Мне было цікава са спартсменамі. І яны далучаліся да музыкі. Але адным з маіх вучняў быў, напрыклад, выдатны музычны педагог Валерый Шацкі. Мы вельмі з ім сябравалі: я займаўся ў яго, а ён у мяне. Было весела, калі раніцай я да яго прыходзіў на ўрок, ён рабіў заўвагі, а калі я адыходзіў, то казаў: «Валерый Уладзіслававіч, да вечара...» У нас займалася шмат студэнтаў кансерваторыі і навучэнцаў ліцэя. Тады крымінал узняў галаву, і адзінаборствы былі даволі папулярным заняткам. Да нас многія прыходзілі дзеля нейкай аддушыны, разрадкі. Я закрыў школу, калі пачаў актыўна канцэртаваць, і не мог быць увесь час на месцы. Зараз нікога не трэнірую, але да гэтага часу займаюся кожны дзень: раніца, вечар...

— У вас у жыцці ўсё распісана? На сяброўскія стасункі час застаецца?

— Так, у маім жыцці ёсць час на ўсё. Мы любім смяяцца, любім чытаць, шмат слухаем — дзякуючы інтэрнэту ёсць магчымасць даведацца шмат добрай музыкі. Але жывём мы дастаткова закрыта. У нас абмежаванае кола вельмі блізкіх сяброў, на жаль, якія знаходзяцца ў розных краінах, у большай ступені прафесійнае.

— Выкладаць вы пачалі яшчэ ў беларускай кансерваторыі. А як у Бельгіі: вы выбіраеце сабе студэнтаў ці яны выбіраюць тых, у каго хацелі б вучыцца?

— Любая вышэйшая школа найперш заснаваная для таго, каб падтрымліваць мясцовую культуру. Але бельгійская вышэйшая школа інтэрнацыянальная, яна мае вакансіі, каб узяць на працу прафесара з любой краіны свету.

У адпаведнасці з правіламі, у любой еўрапейскай вышэйшай навучальнай установе для таго, каб атрымаць прафесуру, трэба прайсці шматузроўневы іспыт. Падаць дакументы, дзе пазначана кар’ера за апошнія 20-30 гадоў — з дыпломамі, міжнароднай прэсай аб тваіх канцэртах, рэкамендацыямі, запісамі, дыскамі. Натуральна, пажадана ведаць некалькі моў, асабліва мясцовую, на якой трэба будзе выкладаць. У нашым выпадку гэта фламандская, якую нам прыйшлося сур’ёзна вучыць. Я выкладаю таксама на нямецкай і англійскай.

Кандыдатаў на месца прафесара можа быць 200-300-400 з усяго свету. З іх выбіраецца чалавек 10, якіх запрашаюць на іспыт. Трэба сыграць сольны канцэрт і правесці некалькі адкрытых урокаў пажадана на мове выкладання, не ведаючы загадзя рэпертуару, які будуць іграць студэнты. Па ідэі, ты павінен ведаць увесь рэпертуар. Пасля гэтага выбіраюць некалькі чалавек, якія падаюць дакументы ў гарадскую ратушу, а вырашаюць, каго пакінуць і зацвярджаюць у Міністэрстве. У асноўным музычная прафесура бельгійскай вышэйшай школы фарміруецца пераважна з лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу каралевы Лізаветы.

Ёсць там аддзяленне і на англійскай мове, куды паступаюць студэнты з розных краін — ад Расіі да Лацінскай Амерыкі, Кітая і Японіі. Але заўсёды працуе прынцып, што чалавек выбірае прафесара, у якога хоча вучыцца, і паступае менавіта да яго.

— Ці шмат вучняў, якімі вы маглі б ганарыцца?

— Шмат. Але там усё ўладкавана па-іншаму. Чалавек, які ідзе на вучобу, усведамляе, што гэта будзе яго прафесія на ўсё жыццё. І потым выпускнікі запатрабаваны і як салісты, і як камерныя музыканты. Пры тым, што там вар’яцкая канкурэнцыя. Каб трапіць у аркестр, трэба прайсці праз найскладаны адбор: адыграць тры туры. І тое, што, напрыклад, выпускнікі Ліліі іграюць сёння ў вядучых аркестрах розных краін, — шмат аб чым сведчыць.

— Майстар-класы ў Беларусі праводзілі?

— Аднойчы, яго арганізавалі па лініі Міністэрства замежных спраў, як ні дзіўна. Мы з адукацыйнымі ўстановамі Беларусі жывём у паралельных светах. І не толькі з імі. Таму я стаміўся адказваць на пытанні, чаму я не іграю ў той ці іншай зале. Я шмат дзе не іграю, і не толькі ў Беларусі, але шмат і тых залаў, дзе мяне рады бачыць. Насамрэч немагчыма мяне адмяніць, як і маё жаданне іграць на Радзіме. Я стаўлюся да гэтага па-філасофску.

— У вас ёсць яшчэ прафесійныя жаданні, можа быць, новы аркестр стварыць?

— Жыццё артыста можна параўнаць з хакейным матчам. Там ёсць тры перыяды і дадатковы час. Першы перыяд — гэта першыя 20–25 гадоў, калі ты вучышся. Ты залежыць ад таго, у каго вучышся. Другі перыяд пачынаецца недзе ў 30 гадоў і доўжыцца прыкладна 20: тут ты сам за сябе. І вось тут ты шукаеш шляхі-дарожкі. Трэці перыяд — найважнейшы. Таму што ў любой з вядомых мне музычных прафесій (педагога, дырыжора, саліста) самыя вялікія канцэрты ў людзей, якім за 50, а дырыжорам нават за 60. Гэта перыяд рэалізацыі: усё, чаму навучыўся ў сваіх педагогаў, усё, што ты у сваім жыцці здолеў напрацаваць, ты можаш рэалізаваць, калі Божачка дасць. І вельмі шчаслівым людзям Божачка дае дадатковы час. Выконваць музыку выдатна можна і 80, і ў 90. Напрыклад, Артур Рубінштэйн у 90 гадоў іграў другі Канцэрт Шапэна. Хто так іграе сёння? Не магу забыць канцэрты Навума Штаркмана ў Маскве, калі яму было 75 гадоў. Уладзімір Горавіц прыязджаў з канцэртам у 82 гады. І Святаслава Рыхтэра мы мелі шчасце яшчэ пачуць, і Эміля Гілельса... Можна стварыць яшчэ адзін аркестр, ці нават пяць, можна атрымаць нейкае добрае месца — гэта ўсё выдатна. Але сутнасць у тым, як ты гэта робіш? І як доўга табе «дазволяць» гэта рабіць найвышэйшыя інстанцыі...

— Можа быць, ёсць думкі аб праграме беларускіх кампазітараў?

— Праграма выступлення выбудоўваецца двума шляхамі. Па-першае, гэта жаданне арганізатараў канцэрта. Напрыклад, запрашаюць сыграць з аркестрам, і, як правіла, яны пытаюцца, якія канцэрты ў рэпертуары? А у мяне ў рэпертуары амаль усе канцэрты, якія існуюць! Другі шлях: я сам думаю, што хацеў бы выканаць. У гэтым годзе я хачу сыграць усе фартэпіянныя творы Брамса, паколькі ў яго юбілей. Тады я сам думаю, дзе гэта можна зрабіць, як арганізаваць, каму гэта было б цікава? Там, дзе я жыву зараз, беларуская музыка, на жаль, не надта патрэбная. Хаця гэта вельмі якасная музыка. Ведаю, што сабой уяўляе сучасная музыка ўвогуле і маю ўяўленне пра сучасную беларускую музыку за апошнія 30 гадоў. Таму магу сказаць, што беларускія кампазітары дадуць фору шматлікім сучасным кампазітарам у свеце: яны прафесіяналы, якія атрымалі грунтоўную школу. Чаму ж не іграць? Іграў жа я творы бельгійскіх кампазітараў, якія спецыяльна для мяне пісалі, гэта было цікава. На шчасце, музыка — тая сфера, дзе межаў няма.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.