Вы тут

На перакрыжаваннях гісторыі. Ігар Марзалюк: Магілёў можа стаць на два стагоддзі старэйшым


Такую думку агучыў падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць» парламентарый і гісторык Ігар Марзалюк

Канферэнцыя прайшла ў Магілёве якраз у дзень нараджэння горада. У музеі гісторыі Магілёва сабраліся вучоныя, гісторыкі, краязнаўцы. Прагучала шмат цікавых дакладаў пра мінулае як горада, так і ўсяго Прыдняпроўскага рэгіёна. Матэрыялы канферэнцыі ўвайшлі ў чарговы зборнік, які быў выдадзены яшчэ напярэдадні двухдзённага мерапрыемства. Яго навуковым рэцэнзентам стаў доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Ігар Марзалюк. Менавіта ён падчас круглага стала заявіў пра неабходнасць змянення даты заснавання горада на Дняпры. Сёння мы ведаем, што ён вядзе сваю гісторыю з 1267 года, вучоны жа сцвярджае, што, як мінімум, з 1015.


— Магілёў — горад, гісторыя якога пачалася крыху раней, чым лічыцца афіцыйна, — пацвярджае Ігар Марзалюк карэспандэнту «Звязды». — Па-першае, калі мы кажам пра 1267 год, то гэта дата абсалютна ўмоўная, яе няма ні ў адной крыніцы. У XІX стагоддзі перакладчык Мікалай Гартынскі пераклаў з польскай на рускую хроніку Магілёва. Менавіта з яго лёгкай рукі і з'явілася гэта дата — 1267. Насамрэч ні ў адной аўтэнтычнай крыніцы яе не існуе. У арыгінале напісана, што некалькі соцень гадоў замак і воласць існавалі, і кропка. Увогуле, многія заяўлялі, што Магілёў не мае старажытнарускай спадчыны, што ўзнік як горад, быў заснаваны і развіваўся ў эпоху ВКЛ. А да гэтага часу вось такой слаўнай ранняй гісторыі, як той жа Полацк, Магілёў не мае. Звязана гэта было з тым, што сістэмных археалагічных даследаванняў не праводзілася. Вядомы беларускі археолаг Міхась Ткачоў даследаваў 48 квадратных метраў на тэрыторыі парку Горкага, магілёўскага замчышча, і прыйшоў да высновы, што тут былі толькі могілкі XІІ—XІІІ стагоддзя, а самы першы замак, на яго погляд, узнік у 1526 годзе. Але я прытрымліваюся іншага меркавання. Я пачаў вывучэнне гэтага помніка самастойна з 1992 года. Вынікам была першая кандыдацкая дысертацыя

«Магілёў у XІІ—XVІІІ стагоддзях паводле пісьмовых і археалагічных крыніц». Я ўпершыню знайшоў на тэрыторыі парку Горкага старажытнарускія напластаванні, выявіў рэшткі вальных умацаванняў і старажытныя матэрыялы, датаваныя канцом X — пачаткам XІ стагоддзя. Гэта клеймы з княжацкімі знакамі, трызубцамі Уладзіміра Святаслававіча, Ізяслава Полацкага.

— Іншымі словамі, вы ўжо ў 90-х ведалі, што Магілёў старэйшы, чым ёсць на самай справе?

— Так. У нас існуе традыцыя датай заснавання лічыць першую згадку населенага пункта ў летапісе. Бывае, даходзіць да абсурду. Напрыклад, першая згадка Мінска — гэта... дата яго спалення, бітва на Нямізе. І мы, па сутнасці, святкуем не дату заснавання, а дату знішчэння сталіцы. І такая сітуацыя не адзіная. Многія беларускія гарады згадваюцца ў летапісах на 200—300 гадоў пазней, чым існавалі на самай справе. Наваградак — унікальны горад з шыкоўнай культурай, фрэскавымі роспісамі, а згадваецца толькі ў XІІІ стагоддзі. Многія сцвярджалі, як і пра Магілёў, што такой слаўнай старажытнарускай мінуўшчыны не было, а савецкі археолаг Фрыда Гурэвіч пачала капаць, і аказалася, што гэты горад таксама на некалькі стагоддзяў ранейшы. Тое ж самае з Гроднам. Як паказалі археалагічныя раскопкі, горад узнік раней, чым згадваецца ў летапісе. Але там згадка больш-менш кампліментарная. Такая блытаніна датычыцца часцей тых гарадоў, якія не знаходзіліся ў цэнтры княстваў, мелі перыферыйнае становішча. Таму, як правіла, іх першыя ўпамінанні — згадкі па выпадку, у сувязі з якой-небудзь важнай падзеяй. І Магілёў тут не з'яўляецца выключэннем. Дату заснавання Мсціслава ўжо двойчы карэкціравалі. Была адна пісьмовая крыніца, знайшлі другую. Я перакананы, што, акрамя Магілёва, трэба мяняць і дату заснавання Мсціслава. У ходзе раскопак, якімі я кіраваў, мы атрымалі дэндрадаты (дата па дрэве), якія сведчаць, што ў 1052—1053-х магутны мсціслаўскі замак ужо існаваў, а маставыя замка былі пабудаваныя не пазней за 1098 год.

— А існуюць ужо прыклады, калі нейкія гарады мянялі сваю дату нараджэння ў адпаведнасці з археалагічнымі знаходкамі?

— Так. Былі выпадкі, калі і заходнееўрапейскія, і ўсходнееўрапейскія гарады мянялі свае даты на падставе выяўлення археалагічных комплексаў і прымання дакладных дат, якія не звязаны з пісьмовымі крыніцамі. Гэта датычыцца, напрыклад, Парыжа, Старой Ладагі ў Ленінградскай вобласці. Мы павінны ўлічваць час заснавання паселішча, статут паселішча і ці ёсць пераемнасць гэтага паселішча з тым, у якім мы з вамі жывём.

Шматлікія археалагічныя даследаванні Магілёва ішлі не адзін год. Вынікі падсумавання некалькіх стагоддзяў наступныя. У канцы X — пачатку XІ стагоддзя на тэрыторыі магілёўскага парку Горкага існавала ўмацаванае паселішча. Яно не было шараговым, на ім знойдзена падвеска, трызубец Уладзіміра Святаслававіча. Такія трызубцы былі характэрныя для тых, хто збіраў даніну, так званых княжацкіх мечнікаў. З аднаго боку — працвілы крыж, з другога — трызубец. Гэта дазваляе нам датаваць рэч часам не раней 988 годам і не пазней 1015 — годам смерці Уладзіміра, Хрысціцеля Русі. У гэты час прадстаўнік княжацкай адміністрацыі ўжо знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага Магілёва. У ходзе тых раскопак, якія я праводзіў не адно дзесяцігоддзе, сабраная таксама вялікая калекцыя шкляных бранзалетаў XІІ—XІІІ стагоддзяў, керамічных вырабаў, прылад працы, якія сведчаць аб тым, што Магілёў у першай палове XІІ стагоддзя перажываў росквіт. А як адміністрацыйны цэнтр узнік у канцы X — пачатку XІ стагоддзя. Гэта быў цэнтр збору даніны, княжацкага суда. Магутнае гарадзішча якраз і выконвала гэтыя функцыі. А побач з гарадзішчам, дзе цяпер знаходзіцца Быхаўскі кірмаш, у месцы сутокі Дняпра і Дубравенкі, знаходзіўся магутны курганны могільнік. У раскапаных курганах былі знойдзены арабскія манеты, якія датуюцца VІІІ—ІX стагоддзямі. Гэта значыць, што людзі, пахаваныя там у ІX—X стагоддзях, ужо жылі побач з гэтым гарадзішчам. Але, калі мы кажам пра больш дакладную зачэпку, якая дазваляе паказаць нармальную дату, то гэта, безумоўна, княжацкі трызубец. Ён дае нам дату 1015 год. Не раней за 988 і не пазней за 1015 год. Таму мы можам з поўнай упэўненасцю лічыць, што гэта дата больш дакладная, чым 1267 год.

Дарэчы, я моцна перакананы, што мы мусім перагледзець і даты ўзнікнення Мінска і Мсціслава. Гэта будзе толькі спрыяць гістарычнай праўдзе, а не наадварот.

— Што трэба для таго, каб такое рашэнне было прынятае?

— Мы гэта абмяркуем з удзелам прафесійных даследчыкаў, я выступлю з дакладам у інстытуце гісторыі і абгрунтую сваю пазіцыю. Але гэта сенсацыя толькі для тых, хто матэрыял не ведае. Я неаднойчы рабіў публікацыі, проста не даводзіў справу да лагічнага канца. Цяпер трэба зрабіць гэта фактам.

Лічу, калі ёсць матэрыял, які сведчыць, што горад старэйшы, чаму мы павінны адмаўляцца ад гэтага фрагмента гісторыі? Чаму мы павінны адмаўляць дату, якая ў разы больш аб'ектыўная? Якая красамоўна адлюстроўвае, што Магілёў, хай сабе маленькі горад на памежжы Полацкага княства, але ж быў. Ён знаходзіўся на полацка-смаленскім памежжы. Правы бераг, дзе знаходзіцца Ратуша, — Полаччына, як, дарэчы, Шклоў, Друцк, Орша, а левы — ужо бераг Смаленскі. Гэта Мсціслаўскі ўдзел Смаленскага княства, ён жа і мяжа, і мытніца, і вялікая скарбніца з дырхамамі, якія знойдзеныя тут.


Дырэктар музея гісторыі Магілёва, навуковы рэдактар зборніка матэрыялаў канферэнцыі Сяргей Бяспанскі:

— Наша канферэнцыя тым і каштоўная, што дае магчымасць паглыбіцца ў таямніцы даўніны. Адной з актуальных тэм сёлетняй сустрэчы стаў старажытны перыяд Магілёва. Ён недастаткова даследаваны. Увесь рэгіён ад Шклова да Новага Быхава вядзе час ад князя Уладзіміра. Гэта перыяд старажытнай Русі, час норманаў-вікінгаў. Гэтую тэму закрануў доктар гістарычных навук Сцяпан Цемушаў, прафесар кафедры гісторыі Расіі БДУ. А на круглым стале Ігар Марзалюк яе развіў і даказаў, пакуль што на археалагічных фактах, што Магілёў быў заснаваны раней. Цікавым стала паведамленне Леаніда Сугака «Дапамога ЮНРРА ў Магілёве» — арганізацыі, якая пасля вайны існавала ў Мінску і мела
рэгіянальныя прадстаўніцтвы. Яна садзейнічала дапамозе адраджэння тэрыторыі.

Наша канферэнцыя з'яўляецца такой імпрэзай навукоўцаў, дзе выпрацоўваюцца калектыўнае разуменне і калектыўная прапанова. Людзі ў выніку сваіх даследаванняў прыходзяць да пэўных высноў, якія выносяць на грамадскае абмеркаванне. Удзельнікі, якія рыхтавалі матэрыялы да канферэнцыі, звязаны цікавасцю да нашага рэгіёна. І мы актыўна падтрымліваем з імі сувязі. Сёлета даклады на канферэнцыю рыхтавалі 76 удзельнікаў. Праз два гады плануем яшчэ вышэй падняць планку, яшчэ больш задзейнічаць прафесуры і акадэмізму, узняць больш грунтоўныя пытанні. Ігар Марзалюк, дарэчы, паабяцаў падрыхтаваць вялікую манаграфію, прысвечаную Магілёву, з пачатку яго заснавання і да XVІІІ стагоддзя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.