Вы тут

НББ запрашае наведаць выстаўку «І кнігі святкуюць юбілеі»


Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае наведаць выстаўку «І кнігі святкуюць юбілеі». Да 31 снежня ў кальцавой галерэі 3-га паверха можна пазнаёміцца з выданнямі-юбілярамі 2023 года. Часовымі экспазіцыямі такога кшталту бібліятэка дэманструе багацце фонду, у які ўваходзяць і выяўленчыя дакументы да выданняў, што таксама складаюць важную частку выстаўкі. Праект адрасуецца шырокаму колу чытачоў.


«Новая Зямля» Якуба Коласа (выданне 1927 года).

Сустракаюцца кніжныя выстаўкі настолькі змястоўныя і багатыя на цікавыя звесткі, што самі выданні адыходзяць на другі план. Частымі з’яўляюцца і тыя, мэта якіх — паказаць найлепшыя ўзоры мастацкага аформлення. І першыя, і другія прыцягваюць увагу не толькі аматараў чытання, але і даследчыкаў літаратуры і гісторыі, мастацтвазнаўцаў, для якіх пытанне афармлення выдання — а ў шырокім сэнсе развіцця кніжнай графікі — сёння стаіць надзвычай востра.

Выстаўка «І кнігі святкуюць юбілеі» не з такіх. Яна болей прыземленая, фармальная. Натуральна, кніга ёсць кніга, і кожная яе дэталь, любая драбніца афармлення здольна выклікаць шчырае захапленне. Ды і арганізатары не пазбавілі гледача невялічкіх каментарыяў і дадатковай інфармацыі. І ўсё ж гэтага замала для грунтоўнай экспазіцыі. Выстаўка, прысвечаная юбілеям кніг беларускай і замежнай літаратуры, — усяго толькі зварот у мінулае (экзэмпляры прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці: ад 500-гадовых юбіляраў да 50-гадовых). Хоць нагода ёсць — чытачу прапаноўваюць адзначаць юбілеі. А хто адмовіцца ад свята?

Фрагмент экспазіцыі. Фота аўтара.

Найлепшы спосаб павіншаваць так званых юбіляраў — чытаць і перачытваць. Якраз тут прыйшоў час паразважаць аб тым, якія менавіта кнігі выбралі стваральнікі тэматычнай выстаўкі. Двума словамі — бессмяротная класіка, тая самая, пра якую шмат чулі, але недапушчальна мала ведаем. Ці шмат беларусаў чыталі паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», якой сёлета споўнілася ажно 500 гадоў? Ці знаёмы з беларускамоўным перакладам казкі «Брыдкае качанё» (1843) Ханса Крысціяна Андэрсена? Ці ёсць у сучасніка жаданне асэнсаваць, напрыклад, раман Міхася Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі» (1927), прысвечаны тэме рэвалюцыі? Пытанне зацікаўленасці і імкнення вывучаць літаратуру заўсёды будзе паўставаць, а выстаўкі такога кшталту бачацца чаканым штуршком, звычайнай спробай заахвоціць да чытання. Іншая справа, як сёння ўспрымаюцца тыя ж «Пярэстыя казкі» Уладзіміра Адоеўскага, выдадзеныя ў 1833 годзе, наколькі актуальнымі могуць быць «Страчаныя ілюзіі» (1837) Анарэ дэ Бальзака і ці па-ранейшаму зачароўвае «Востраў скарбаў» Роберта Льюіса Стывенсана — знакаміты твор, які пабачыў свет у 1883 годзе і стаў любімым прыгодніцкім раманам некалькіх пакаленняў чытачоў па ўсім свеце.

«Яўгенія Грандэ» Анарэ дэ Бальзака (выданне 1827 года). Фота аўтара.

Між тым менавіта на гэтыя і іншыя выданні імкнуцца звярнуць увагу наведвальніка ў Нацыянальнай бібліятэцы. Мабыць, гэта не самыя выпадковыя варыянты — юбілеяў кніг можна «адкапаць» колькі заўгодна, але не кожную з іх бібліятэкары гатовы прапанаваць. Сярод твораў, з якімі яны раяць пазнаёміцца, — сентыментальны раман «Белыя ночы» Фёдара Дастаеўскага (1848) у выглядзе мініяцюрнага выдання (1973) і факсіміле (1923) з ілюстрацыямі Мсціслава Дабужынскага (апошняе — працяг выпуску факсімільных выданняў кніг найлепшых мастакоў пачатку ХХ стагоддзя). У ліку ўнікальных экзэмпляраў таксама часопіс «Репертуар и пантеон» (1844), на старонках якога быў надрукаваны першы рускамоўны пераклад «Яўгеніі Грандэ» Анарэ дэ Бальзака. Перастварыў твор Фёдар Дастаеўскі — вядома, што пераклад стаў першай публікацыяй пісьменніка- пачаткоўца.

«Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча з дарчым надпісам аўтара (выданне 1968 года). Фота з сайта nlb.by

Гонар бібліятэкі — раман «Кірмаш пыхлівасці» Уільяма Тэкерэя — прадстаўлены першымі выданнямі 1848 года. Адно з іх — з суперэкслібрысам і экслібрысам на авантытуле, другое — з прозвішчам LWańkowicz на тытуле, нумарам і ўладальніцкай пазнакай на авантытуле, якая адсылае да бібліятэкі смілавіцкай лініі роду Ваньковічаў у Шыпянах. Варта ўбачыць і першыя выданні твораў Янкі Купалы (трэці зборнік вершаў «Шляхам жыцця», 1913; п’есы «Паўлінка», 1913; «Раскіданае гняздо», 1919), а таксама адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча «Вянок» (1913).

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.