Вы тут

Ад гераічнага мінулага да мірнай сучаснасці


22 ліпеня тысячы жыхароў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з суседніх краін прыехалі на «Лінію Сталіна». Тут адбылася маштабная ваенна-гістарычная рэканструкцыя подзвігу мінскіх міліцыянераў. Свята было арганізавана па ініцыятыве і пры падтрымцы мінскай міліцыі. У ліку ганаровых гасцей мерапрыемства — міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў.


Арганізатары фестывалю падрыхтавалі для гасцей гісторыка-культурнага комплексу выставу міліцэйскай тэхнікі, узбраення і экіпіроўкі, арганізавалі дзіцячыя інтэрактыўныя зоны, паказальныя выступленні кінолагаў і многія іншыя цікавыя актыўнасці. Усе жадаючыя маглі пракаціцца на танку і здзейсніць аглядную экскурсію на верталёце Мі-2. Акрамя таго, для гледачоў выступілі рота ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры, прадстаўнікі духавога аркестра ГУУС Мінгарвыканкама, кінолагі Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы са сваімі чатырохногімі калегамі.

Кульмінацыяй фестывалю стала маштабная ваенна-гістарычная пастаноўка, якая ўключала ў сябе падзеі ад даваеннага перыяду і да нашых дзён. У ёй бралі ўдзел дзеючыя супрацоўнікі і ветэраны сталічнай міліцыі. Яна складалася з пяці эпізодаў. Былі рэканструяваны фрагменты вызваленчага паходу па Заходняй Беларусі 1939 года, гераічнай абароны мінскай міліцыі пад Барысавам 1941-га, барацьбы з пасляваеннымі бандамі і крымінальнымі групоўкамі 1990-х і іншае.

Нікога не пакінула абыякавымі рэканструкцыя баёў 1941 года. Яна атрымалася асабліва відовішчнай. Тэхніка, узбраенне і форменнае абмундзіраванне часоў вайны дапамагалі паглыбіцца ў гісторыю, адчуць эмоцыі савецкіх міліцыянераў, салдат і афіцэраў, якія змагаліся за мір на сваёй зямлі. Удзельнікі пастаноўкі паказалі, як у адну хвіліну мірнае ды спакойнае жыццё ператварылася ў барацьбу за існаванне роднай зямлі.

Пасля прагляду рэканструкцыі засталося ўражанне: у любую гістарычную эпоху супрацоўнікі міліцыі з гонарам забяспечвалі бяспеку і правапарадак. І сёння, калі спатрэбіцца, кожны, хто носіць міліцэйскія пагоны, гатовы зрабіць усё, каб абараніць краіну і яе грамадзян.

Заключным акордам рэканструкцыі стаў гімн мінскай міліцыі «Мы там, дзе патрэбныя!», які разносіўся на дзясяткі кіламетраў! Летні фестываль падарыў яркія эмоцыі і незабыўныя ўражанні ўсім яго гасцям і ўдзельнікам.

— Сёння сталічная міліцыя паказала рэканструкцыю падзей, што праходзілі на нашай тэрыторыі: гэта трыццаць дзявяты, сорак першы год, і, вядома, удзельнікі захапілі дзевяностыя гады. Гэта вельмі добрае мерапрыемства, бо лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Той, хто не памятае свайго мінулага, не мае будучыні. Сёння тут сабралася каля 10 тысяч чалавек — жыхары Мінска, сталічнага рэгіёна. Яны на свае вочы ўбачылі, як развіваліся падзеі ў той далёкі перыяд часу. Для гледачоў былі прадэманстраваны мужнасць, гераізм. Цікава было паглядзець на падзеі 1990-х гадоў. Было паказана, як атрад міліцыі асобага прызначэння затрымліваў групы бандытаў, якія высвятлялі паміж сабой адносіны. Якраз у тыя гады я быў камандзірам роты ў АМАПе. Калі глядзеў, складвалася ўражанне, быццам бы я вярнуўся ў мінулае, нават другое дыханне адкрылася. Усё было менавіта так, як нам сёння паказалі. Часцей трэба праводзіць такія мерапрыемствы, — расказаў журналістам аб уражаннях памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з тэлеграм-канала «Міліцыя Мінска»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.