Здымкі чарговага сезона праекта тэлеканала «Расія-Культура», які мелі магчымасць ацаніць аматары балета ў папярэднія гады, пачаліся ў павільёне студыі «Масфільм» напрыканцы ліпеня. Як правіла, гэта час, калі тэатры сыходзяць на канікулы, а ў артыстаў заслужаны адпачынак. Але тры прадстаўнікі балетнай трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў гэты час працуюць, каб з пачаткам новага сезону аўдыторыя тэлеканалу магла адпачываць, далучыўшыся за вытанчанага мастацтва праз экран. Ды і тыя, хто ходзіць у тэатр на спектаклі беларускага балета, не абмінуць гэтае шоу сваёй увагай.
Па-першае, таму што цікава будзе паглядзець на галоўнага харэографа беларускага тэатра Ігара Колба ў новай якасці: ён стане вядучым «Вялікага балета». Як правіла, вядучымі становяцца зоркі, артысты, якіх ведаюць і любяць гледачы. Сёлета гэта народная артыстка Расіі Святлана Захарава, прыма Вялікага тэатра Расіі, а таксама наш Ігар Колб, заслужаны артыст Расіі, які 25 гадоў танцаваў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Прайшоўшы кастынг на права быць вядучым, цяпер ён ужываецца ў новую для сябе ролю. І адначасова будзе настаўнікам артыстаў Вялікага тэатра Беларусі, якія непасрэдна бяруць удзел у конкурсе «Вялікага балета» — гэта маладыя артысты Настасся Валошка і Дзмітрый Уксуснікаў. Ведаючы іх магчымасці, кіраўнік нашай балетнай трупы будзе імкнуцца, каб артысты, якія прадстаўляюць нашу краіну, выглядалі годна. Таксама Ігар Паўлавіч выступіць і як харэограф — такі досвед у яго ёсць дзякуючы мінуламу сезону Вялікага тэатра Беларусі, дзе ён працаваў над пастаноўкай балета «Жызэль».
Насамрэч за ўдзелам у шоу Дзмітрыя Уксуснікава і Настассі Валошка стаіць каманда прафесіяналаў. Па-першае, з імі актыўна займалася народная артыстка Беларусі Таццяна Яршова. А ў Маскве як педагог-рэпетытар іх будзе падтрымліваць народны артыст Беларусі Антон Краўчанка.
Але ёсць і яшчэ асобы, якія прыцягнуць увагу беларускіх тэлегледачоў. Вядома, сярод артыстаў, якія выступяць у двух конкурсных групах, ёсць артысты, якія ўжо з’яўляюцца салістамі розных тэатраў і балетных труп, і праз некаторы час пра іх будуць гаварыць як пра зорак балетнага свету. І адна з такіх зорак заззяла на беларускай сцэне — прадстаўнік Францыі Эвэн Капітэн, які быў выхаванцам беларускай балетнай школы і каля шасці гадоў аддаў нашаму тэатру. Няма сумневу, што вялікая частка тэлегледачоў Беларусі аддасць свае сімпатыі артысту, які цяпер прадстаўляе Марыінскі тэатр Расіі.
Варта нагадаць, што «Вялікі балет» — гэта тэлевізійны конкурс канала «Культура», які ўпершыню адбыўся ў 2012 годзе. Сёлета ён пройдзе пяты раз. Гледачам абяцаюць сустрэчы з класікай балета а таксама нумары ў сучаснай харэаграфіі.
Ларыса ЦІМОШЫК
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».