Вы тут

Колькасць выпадкаў гепатыту зніжаецца


Тэндэнцыя зніжэння захваральнасці на гепатыты В і С назіраецца ў Беларусі апошнія 15 гадоў. У першую чаргу гэта адбываецца за кошт заканамернага зніжэння захваральнасці на вострыя формы, адзначыла дацэнт кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Глінская.


— У Беларусі за апошнія 15 гадоў ёсць тэндэнцыя да зніжэння захваральнасці на гепатыты В і С, у першую чаргу за кошт таго, што змяншаюцца паказчыкі захваральнасці на вострыя формы такіх гепатытаў. Гэта заканамерна, асабліва калі мы гаворым пра вірусны гепатыт В. Тут у нас дастаткова сур’ёзныя перамогі сярод прышчэпленых, у першую чаргу дзяцей. Выпадкі рэгіструюцца вельмі рэдка, далёка не кожны год. Гэта дзякуючы менавіта вакцынапрафілактыцы, — расказала Ірына Глінская.

На сёння беларусы ва ўзросце да 34 гадоў добра абароненыя з дапамогай вакцынацыі супраць гепатыту В. Яны атрымалі прышчэпкі пры нараджэнні або ва ўзросце 13 гадоў.

— У наш час па нашым нацыянальным календары вакцынацыя супраць гепатыту В прадугледжана для дзяцей ва ўзросце да года, пачынаючы з першых 12 гадзін з моманту нараджэння. Вакцына паказала сябе як высокаэфектыўная і бяспечная. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ахоп вакцынацыяй супраць гепатыту В складае больш як 97 працэнтаў. Наша сістэма імунізацыі пабудаваная добра і дае станоўчыя вынікі, — адзначыла дацэнт.

Летась у Беларусі з удзелам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя было праведзена спецыяльнае даследаванне на павярхоўны антыген віруса гепатыту В сярод прышчэпленых дзяцей. Яго вынікі паказалі, што толькі ў аднаго дзіцяці быў выяўлены HBsAg, гэта значыць распаўсюджанасць меншая за 0,5 працэнта. І тое — сведчанне высокай эфектыўнасці праграмы імунізацыі, дзеці абароненыя з дапамогай вакцынацыі.

Вакцыны супраць віруснага гепатыту В, якія выкарыстоўваюцца ў краіне, закупляюцца за кошт бюджэту і даюцца насельніцтву бясплатна. Яны паказалі сябе як высокаэфектыўныя і бяспечныя прэпараты.

Разам з тым пэўным чынам на тэндэнцыі адносна захворвання адбілася пандэмія COVІD-19: частка выпадкаў хранічных вірусных гепатытаў не была выяўлена ў 2020–2021 гадах і гэта кампенсуецца іх «адкладзеным выяўленнем». У выніку паказчыкі захваральнасці на гепатыт у 2022 годзе павялічыліся.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.