Вы тут

Школа жыцця для байца студатрада матросаў-ратавальнікаў


У летнія месяцы на вадаёмах павялічваецца колькасць адпачывальнікаў, і , вядома, рэжым нясення службы ратавальнікаў на вадзе становіцца вельмі напружаным. Супрацоўнікам такіх станцый добра дапамагаюць байцы студатрадаў матросаў-ратавальнікаў. Сёлета дзевяць студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны ў свой летні адпачынак працаўладкаваліся і нясуць аператыўныя дзяжурствы на вадаёмах. Служба — напружаная фізічна, бо змены прыходзяцца і на «гарачыя» часы пік, а з-за адказнасці за бяспеку людзей — і вельмі складаная маральна.


Работа на выратавальным пасту — школа жыцця для студэнтаў. У гэтым на сваім вопыце давялося пераканацца гамяльчаніну Паўлу П’янкову. Для яго гэта магчымасць навучыцца ўпэўнена даносіць інфармацыю да людзей старэйшых за яго па ўзросце, прычым так, каб сапраўды паўплываць сваім словам.

Павел перайшоў на трэці курс, вучыцца на факультэце псіхалогіі і педагогікі. Працаўладкаваўся на лета ў сэрвісны атрад пасля звароту ва ўніверсітэцкую «пярвічку» БРСМ. Для таго каб трапіць у студатрад матросаў-ратавальнікаў, хлопец прайшоў адбор. 

Неабходна было атрымаць заключэнне медыцынскай камісіі, а пасля здаць іспыт па плаванні і ўменні затрымліваць дыханне. Таксама праходзілі навучанне і праверку веславання, аказання першай дапамогі чалавеку, правяраліся і навыкі работы з выратавальным кругам і сродкам для аказання дапамогі тапельцам — канцом Аляксандрава.

— У нас невялікая група ва ўніверсітэце, 12 чалавек. Акрамя мяне, яшчэ адзін хлопец з маёй групы таксама прайшоў у студатрад матросаў-ратавальнікаў. 

Аднагрупнікі, як толькі я выйшаў на работу, цікавіліся і ўсё распытвалі, — тлумачыць Павел.

Байца студатрада прынялі на выратавальны пост на адным з ажыўленых пляжаў горада па вуліцы Барадзіна. На пляжы — вельмі папулярная ў гараджан зона для купання, акрамя таго арганізаваны пракат катамаранаў і сапбордаў. Досыць шмат на вадаёме і рыбакоў, якія прыходзяць вудзіць у баку ад зоны купання, але таксама знаходзяцца ў зоне адказнасці матросаў-ратавальнікаў. Таму дзяжурствы супрацоўнікаў выратавальнага паста вельмі напружаныя, працуюць яны з 9 да 21 гадзіны.

Павел П’янкоў заступіў на работу з першага мая, а скончыць працоўную вахту толькі 30 жніўня. Каб працаўладкавацца, хлопцу не прыйшлося здаваць сесію датэрмінова. Супрацоўнікі выратавальнага паста так склалі графік, каб студэнту не даводзілася прапускаць залікі і экзамены. Да сесіі малады чалавек рыхтаваўся ў свае выхадныя і ўсё здаў добра.

— Я ніколі не займаўся спортам прафесійна, але фізічна добра развіты, гэта дапамагло лёгка прайсці і адбор у матросы-ратавальнікі. Звычайная мая змена з 13 да 21 гадзіны, але не кожны дзень, а як размяркоўваем па графіку. Дзяжурства нясу як на сушы, так і на вадзе ў лодцы. Часцей за ўсё ў гэты час даводзіцца папярэджваць, спыняць адпачывальнікаў, якія вісяць на буях ці, наадварот, заплываюць далёка за іх, сплываюць на матрацах, што катэгарычна забаронена. Некалькі разоў дапамагаў дабрацца да берага хлопцам, якія адплылі на значную адлегласць і не маглі вярнуцца назад да берага. На павышаным кантролі заўсёды дзеці ў вадзе, нягледзячы на тое, што адасоблена спецыяльная купальня для малых, — уводзіць у нюансы насення службы баец студатрада.

Нягледзячы на яго юны выгляд, адзначае малады чалавек, адпачывальнікі прыслухоўваюцца да заўваг, форма матроса-ратавальніка дысцыплінуе іх. Падчас нясення службы на пасту сярод супрацоўнікаў няма ніякіх скідак на статус студэнта. Усе павінны выконваць свае абавязкі і несці адказнасць.

— Хацеў бы налета зноў тут працаваць. Для мяне гэта не толькі магчымасць зарабіць. Я хацеў выпрабаваць сябе ў дарослым жыцці. Бо другі курс скончыў, а ні разу нідзе не працаваў, гэта таксама дрэнна, лічу. Трэба было з нечага пачынаць, і тут такая магчымасць. Тры месяцы таму стаў жыць асобна ад бацькоў, здымаць кватэру разам са сваёй дзяўчынай. Так што заробленае не марную, усё ў сям’ю, — прызнаецца малады чалавек.

Баец у студатрадзе матросаў-ратавальнікаў, дарэчы, зарабляе да 700 рублёў за месяц.

Старшы гомельскага выратавальнага паста на вадаёме па вуліцы Барадзіна Міхаіл Крэцінін адзначае адказнае стаўленне студэнтаў да выканання сваіх вельмі важных абавязкаў у рабоце.

— За гэты сезон выцягнулі двух чалавек: мужчыну-інваліда, які прыйшоў на рыбалку і зваліўся ў ваду ў чароце. І непаўналетняга, які заплыў за буйкі пасля папярэджання, не змог сам плыць назад, яму аказалі дапамогу і даставілі на бераг, — распавёў Міхаіл Ігаравіч. — Для студэнтаў гэты жыццёвы досвед надзвычай карысны. Яны вучацца ўменню камунікаваць з людзьмі. Хлопцы вучацца так зрабіць заўвагу, калі адпачывальнікі парушаюць правілы знаходжання на вадаёме, каб гэта было карэктна, не нахаміць, не нагрубіць, а здолець данесці інфармацыю аб неабходнасці бяспечных паводзін. Здараецца, што адпачывальнікі ўспрымаюць у штыкі, калі ім нешта раіць, павучае малады хлопец. Задача матроса-ратавальніка — змагчы данесці, што за іх папярэджаннямі — жыццё чалавека, жыццё дзіцяці, якое прыйшло на вадаём.

Дарэчы, студэнцкія атрады матросаў-ратавальнікаў на Гомельшчыне ўпершыню фарміравалі ў 2019 годзе. Гэта быў новы вопыт у краіне і абсалютна новая летняя форма занятасці для моладзі. Як растлумачыла сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ універсітэта Дар’я Сінкевіч, калі ў пачатку адбору ў сэрвісныя студатрады матросаў-ратавальнікаў уступалі студэнты факультэта фізічнай культуры, то пасля сталі адбірацца і студэнты іншых факультэтаў: будучыя геолагі, юрысты, псіхолагі. За мінулыя гады ў студатрад матросаў-ратавальнікаў прымалі ад 9 да 20 байцоў, якія скончылі другі і далей курс універсітэта. Папярэднія два гады нароўні з юнакамі неслі службу ратавальнікаў і дзяўчаты. Сёлета ў студатрадзе такога профілю задзейнічаныя толькі хлопцы. Гэта студэнты факультэтаў фізічнай культуры і псіхалогіі і педагогікі.

— Аб магчымасці ўступіць у студатрад мы загадзя, у пачатку навучальнага года, інфармуем усіх праз дэканаты, сацыяльныя сеткі ўніверсітэта, прафсаюзны камітэт. У канцы працоўнай вахты ўсіх студатрадаў падводзім вынікі летняй занятасці студэнтаў. Па выніках работы ў 2020 годзе, напрыклад, наш студатрад матросаў-ратавальнікаў быў прызнаны найлепшым у краіне сэрвісным атрадам, — адзначыла маладзёжны лідар гомельскай ВНУ Дар’я Сінкевіч. — Сёлета ва ўніверсітэце ў цэлым у студатрадах работу атрымала больш за 245 студэнтаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.