Вы тут

Пра што пісалі беларускія пісьменнікі Аляксандру Аўчарэнку


Імя, асоба Аляксандра Іванавіча Аўчарэнкі былі добра вядомыя ўдзельнікам беларускага літаратурнага працэса ў 1960-1980-я гады. Нарадзіўся ён у студзені 1922 года ў Туркестанскай АССР у сяле Грыгор’еўка (цяпер тэрыторыя Кыргызскай Рэспублікі). Закончыў Маскоўскі педагагічны інстытут імя Н. К. Крупскай. Доктар філалагічных навук. Працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры. Загадваў сектарам Поўнага Збору твораў М. Горкага ў 1965 — 1988 гг. Вельмі шмат пісаў пра нацыянальныя літаратуры Савецкага Саюза. Відаць, ці не найболей — пра творчасць беларускіх празаікаў. Двума выданнямі (у 1971 і 1978 гг.) выйшла яго манаграфія «Сучасны беларускі раман». Шмат сіл і часу Аляксандр Іванавіч аддаў працы ў Савеце па беларускай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР. Усе гэтыя акалічнасці і накладвалі пячатку на стасункі Аляксандра Іванавіча з беларускімі пісьменнікамі, найперш — з вядомымі і сёння стваральнікамі беларускай прозы другой паловы XX стагоддзя. 


Фота: pixabay.com

Дочкі літаратуразнаўца — доктар філалагічных навук Вольга Аляксандраўна, спецыяліст па партугальскай і англійскай літаратуры, перакладчык, і Алена Аляксандраўна, журналіст-міжнароднік, беражліва захоўваюць творчую спадчыну, архіўныя матэрыялы, звязаныя з іх бацькам. Дзякуючы Вользе Аляксандраўне і Алене Аляксандраўне, удалося пазнаёміцца з лістамі беларускіх пісьменнікаў, адрасаванымі Аляксандру Аўчарэнка. Хто быў сярод яго карэспандэнтаў? Максім Танк, Іван Шамякін, Іван Мележ, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец, Аркадзь Савелічаў... Зазірнём на рукапісныя і машынапісныя старонкі некаторых лістоў, якія ішлі з Мінска. 

Іван Пятровіч Шамякін: «Дарагі Аляксандр Іванавіч! Хутка я дакрочыў да сваіх 60. З сумам набліжаюся да юбілейных урачыстасцяў. Адна радасць — надзея на сустрэчу з сябрамі, з добрымі людзьмі. 

Буду шчаслівы бачыць цябе на вечары і за святочным сталом. Іван Шамякін». Відавочна, што на тыя самыя ўрачыстасці афіцыйна запрашае Аўчарэнку і кіраўнік пісьменніцкага Саюза Максім Танк (ліст яго датаваны 19 студзеня 1981 г.): "«Паважаны Аляксандр Іванавіч! 30 студзеня 1981 года народнаму пісьменніку Беларусі, дэпутатау Вярхоўнага Савета СССР, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, члену-карэспандэнту Акадэміі навук БССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР і БССР Івану Пятровічу Шамякіну спаўняецца 60 гадоў. У гэты дзень у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбудзецца агульнагарадскі ўрачысты вечар, прысвечаны юбіляру. 

Рады будзем бачыць Вас на гэтай урачыстасці...» 

Ёсць і такі ліст ад народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, але без даты..: «Дарагі Аляксандр Іванавіч! Ад усяго сэрца жадаю, каб год, у якім мы ўваходзім, быў для цябе плённым і шчаслівым. 

Мне званіла А. І. Часнакова, што ты зрабіў артыкул пра мой раман. Вялікі дзякуй! 

Але ў мяне яшчэ адна просьба (сквапны чалавек!): скажы, калі ласка, сваё важкае слова ў „Роман-газете“. Гусеў і Пацыенка <неразборл.> што парадуюць мяне выданнем да майго юбілея, бясследна зніклі і мне невядомы лёс майго дзіцяці. Іван Шамякін». Што да артыкула, то, пэўна, размова — пра артыкул Аляксандра Аўчарэнкі «Голас памяці» (надрукаваны 28 студзеня 1981 года ў «Литературной газете»). Публікацыя — як водгук на змешчаны ў «Дружбе народов» напрыканцы 1980 года раман Івана Шамякіна «Возьму твою боль». Гэты ж твор выйшаў і ў «Роман-газете», але крыху пазней. І ўсё ж — у юбілейны для беларускага пісьменніка год... А. Аўчарэнка пра творчасць Івана Шамякіна пісаў і ў манаграфіі «Сучасны беларускі раман», і ў пасляслоў’і да кнігі «Сэрца на далоні», якая выйшла ў перакладзе на рускую мову ў Маскве ў 1969 годзе. А яшчэ ў артыкуле «Сучасная беларуская проза» ў часопісе «Наш современник» — дванаццаты нумар за 1970 год. Тады ў полі зроку крытыка аказаўся раман «Снежныя зімы». 

Іван Навуменка звяртаўся да Аляксандра Аўчарэнкі ў той час, калі Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рыхтаваў дзсяцітомны Збор твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Сапраўды, у архіве маскоўскага даследчыка захоўвалася некаторая эпісталярыя ад Мележа. А яшчэ — кнігі з аўтографамі, агульны здымак. На фатаграфічнай выяве: Аўчарэнка, Мележ і Навуменка. На зваротным баку — цёплы і крышачку іранічны надпіс Івана Паўлавіча: «Аляксандр Іванавіч, бачыце, як засяроджана слухае Вас І. Мележ і як рашуча ён настроены. Пра што гаворыць гэты рашучы выгляд, чым ён „пагражае“? Вось загадка? 

На памяць пра сустрэчу ў Мінску. Да новых сустрэч! І. Мележ. 13. 10. 73. Мінск». З аўтографамі ў сямейным архіве Аўчарэнкаў — раман І. Мележа «Мінскі напрамак». 

Свае кнігі дарылі Аляксандру Аўчарэнка і Іван Чыгрынаў (мінскае выданне «Плачу перапёлкі» ў перакладзе на рускую мову; і кніга, і аўтограф — з 1975 года), і Анатоль Кудравец («Сачыненне на вольную тэму»: разам з кнігай Анатоль Паўлавіч адправіў кароткі лісток: «...Высылаю Вам даўно абяцаную кнігу. Выдавецкія валы так марудна ходзяць, а падагнаць іх не можа нават крытыка. Буду рады пачуць пра кнігу Ваша важкае слова. Усяго Вам найлепшага. Анатоль Кудравец. 5.06. 85 г.»

Лісты Івана Гаўрылавіча Чыгрынава болей разгорнутыя, у іх навідавоку — жаданне падзяліцца развагамі, перажываннямі... У снежні 1978 года аўтар раманаў «Апраўданне крыві» і «Плач перапёлкі» дасылае крытыку навагодняе віншаванне... Але паспявае сказаць у паштоўцы і пра тое, што «Я Вас доўга чакаў ў Амерыцы, меркаваў, разам выступім ва <неразборл.> універсітэце. Цяпер вось, пасля трохмесячнага знаходжання там, вярнуўся дахаты. Наноў прызвычайваюся да ўсяго ранейшага. Шкада толькі, што моцна паадстаў у пісанні. Увогуле пісьменніцкі час, так званы „чысты“, што называецца, сыходзіць у пясок і тады, калі рыхтуешся ехаць некуды, і тады, калі знаходзішся там, ну, адпаведна, і тады, калі вяртаешся аднекуль, а пасля абжываешся... Словам, наспеў час садзіцца за стол. 

У нас усе чакаюць Ваш артыкул у „Новом мире“ N 12.

А што з выступленнем у „Правде“? Вы ж збіраліся выступіць там з артыкулам…

Мы тут вылучылі Вас перад інстанцыямі на атрыманне звання заслужанага работніка культуры БССР...» 

З аднаго з лістоў вынікае, што А. Аўчарэнка чытаў беларускую прозу і ў арыгінале, на беларускай мове. У 1983 годзе «Маладосць» друкуе — у трох нумарах — раман Івана Чыгрынава «Свае і чужынцы». Беларускі празаік адпраўляе Аляксандру Іванавічу нумары «Маладосці»... І піша крытыку, якому давярае: «... Вы заўсёды чыталі мае раманы ў арыгінале, дык і цяпер вырашыў паслаць Вам часопісы... Будзе здароў’е (Чыгрынаў ведаў, што ў яго адрасата былі праблемы са зрокам. — К. Л.) і ахвота — прачытайце. 

Даўно я Вас не бачыў. Але вось у нас гавораць пра сумеснае пасяджэнне савета па беларускай літаратуры і савета па перакладх. Можа быць, да нас нават прыедзеце. Хаця, канешне ж, кожнаму правінцыялу хочацца ў Маскву. 

Я Вас абдымаю і кланяюся жонцы. Не хварэйце. Ваш Іван Чыгрынаў. 23. 3. 83 г. Мінск». 

У лютым 1986 года Іван Гаўрылавіч падрабязна піша пра падрыхтоўку да чарговага пісьменніцкага з’езда. І выказвае спадзяванне, што Аляксандр Іванавіч прыедзе ў Мінск... Напрыканцы заўважае: «Чытаю выступленні Алены Аляксандраўны ў „Комсомолке“. Перадавайце ёй прывітанне». Размова — пра дачку Аляксандра Іванавіча, на той час журналістку «Комсомольской правды» Алену Аўчарэнка. 

... Час паказвае, што для паўнавартаснага развіцця нацыянальнай літаратуры заўжды патрэбны шырокія стасункі, увага да здзейсненага з розных бакоў. Творчасць вядомых беларускіх літаратараў Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, Анатоля Кудраўца, Івана Мележа, іх паплечнікаў складвалася ва ўмовах, калі ад напісанага, надрукаванага быў розгалас. Ён складваўся з розных фарматаў. І савецкае, рускае літаратуразнаўства адыгрывала ў гэтым працэсе істотную ролю. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.