Вы тут

«Куляшову — 60: «Просім вашага дазволу...»


Народны паэт Беларусі (калі быць больш дакладнымі — усё ж народны паэт БССР) Аркадзь Куляшоў пакінуў значны след у гісторыі беларускай літаратуры. Напісаў шмат цікавых твораў, выявіў сябе як сапраўдны грамадзянскі летапісец часу. І пры гэтым у бальшыні твораў здолеў абысціся без лішняга пустазвонства. У апошнія дзесяцігоддзі творчага лёсу выявіў сябе глыбокім філосафам, паэтам-мысляром...


Фота з архіўных крыніц

І, зразумела, асоба паэта, яго юбілеі былі заўсёды ў полі зроку органаў партыі, кіраўніцтва рэспублікі. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца такі вось кароткі ліст старшыні пісьменніцкай арганізацыі Максіма Танка, адрасаваны Першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Міронавічу Машэраву — ад 7 студзеня 1974 года: «...Паважаны Пётр Міронавіч!

6 лютага 1974 года спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння народнага паэта БССР, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, аднаго з найбольш выдатных майстроў шматнацыянальнай савецкай літаратуры Куляшова Аркадзя Аляксандравіча.

Просім Вашага дазволу на правядзенне 5 лютага г. г. агульнагарадскога вечара, прысвечанага юбіляру.

З павагай Старшыня Праўлення СП БССР М. Танк».

...На той час ужо выйшлі дзясяткі паэтычных кніг А. Куляшова. З 1947 года Аркадзь Аляксандравіч заставаўся нязменным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Паэт меў дзве Дзяржаўныя прэміі СССР (яшчэ Сталінскія!) — за паэму «Сцяг брыгады» (1946) і за паэму «Новае рэчышча» (1949 год). У 1970-м Куляшова адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы за пераклады вершаў і паэм М. Ю. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Г. Лангфела. У 1966 — 1967 гг. выйшаў чатырохтомны Збор твораў паэта. Маштаб зробленага Куляшовым уражваў.

Кіраўнік ЦК КПБ і фактычны кіраўнік рэспублікі накладвае рэзалюцыю: «Тав. Кузьміну А. Т. Прашу ўнесці адпаведныя прапановы...»

15 студзеня 1974 года намеснік загадчыка аддзела культуры ЦК Яўген Парватаў піша П. Машэраву дакладную запіску, кароткую, але дастаткова зразумелую і ясную. «Саюз пісьменнікаў БССР увайшоў у ЦК КПБ з просьбай дазволіць правядзенне агульнагарадскога ўрачыстага вечара, прысвечанага 60-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі А. А. Куляшова.

Правядзенне вечара вызначана на 5 лютага г. г. у памяшканні Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Мяркуецца, што вечар адкрые ўступным словам народны паэт Беларусі М. Танк. Пасля гэтага зачытваецца прывітанне ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР юбіляру. З дакладам аб творчым шляху А. А. Куляшова выступіць, па яго просьбе, пісьменнік Бярозкін Р. С. Затым будуць прывітанні ад арганізацый і гасцей і слова ў адказ юбіляра. У заключэнне мастацкая частка (канцэрт).

Для падрыхтоўкі і правядзення юбілею створана камісія з прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў БССР, Міністэрства культуры рэспублікі і Мінскага гаркама КПБ пад старшынствам М. Танка.

Лічылі б магчымым пагадзіцца з вызначанымі мерапрыемствамі па 60-годдзю народнага паэта Беларусі А. А. Куляшова...»

На дакуменце захаваўся і аўтограф Уладзіміра Гніламёдава. Ён на той час працаваў у ЦК КПБ: «Урачысты вечар адбыўся 5 лютага 1974 г. Уладз. Гніламёдаў. 6. ІІ. 1974.»

Так, нічога звышардынарнага ў гэтых архіўных матэрыялах няма. Але па-свойму яны з’яўляюцца красамоўным сведчаннем увагі ЦК партыі да постаці літаратара. І постаць жа якая была!.. Яго, Аркадзя Куляшова, вершы «Балада аб чатырох заложніках» (памятаеце: «Перад бацькам Мінаем / Станьце, ўсе бацькі, на калені!»), «Камсамольскі білет» («Цвёрда трымаўся юнак / на дапросе...»), «Мая Бесядзь», «На сотай вярсце», «Маё сэрца ў бары», і сёння — у свядомасці айчыннага чытача. Творы вялікага паэта — сапраўдны дзейсны арсенал духоўнага выхавання моладзі, чытача розных пакаленняў. У 2024 годзе, 6 лютага, спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вялікага паэта сучаснасці Аркадзя Куляшова. Пэўна ж, юбілейныя ўрачыстасці ў знак памяці аб ім пройдуць па ўсёй нашай краіне…

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.