Вы тут

Лукашэнка патрабуе развіваць Нацыянальны аэрапорт Мінск з улікам перспектывы


Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце авіяцыйнай галіны ва ўмовах санкцый, бягучых задачах і перспектывах развіцця Нацыянальнага аэрапорта Мінск, які з’яўляецца галоўнымі паветранымі варотамі краіны. На Мінскім заводзе грамадзянскай авіяцыі № 407 Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчымі ўчасткамі прадпрыемства, даведаўся аб выніках работы і перспектыўных кірунках далейшай дзейнасці.


«Мы ўсё на перспектыву робім»

Прэзідэнту далажылі аб развіцці інфраструктуры Нацыянальнага аэрапорта Мінск, аб транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы, паркінгах, якія тут плануюць пабудаваць. Ішла гаворка і аб будаўніцтве новага пасажырскага тэрмінала: яго неабходнасць абумоўлена ростам пасажырапатоку, які ў Нацыянальным аэрапорце ўжо пераадолеў планку 5 мільёнаў чалавек у год.

Кажучы аб планах, Аляксандр Лукашэнка папрасіў рацынальна падыходзіць да ўсіх рашэнняў. Ён згодны, што дабірацца да аэрапорта па чыгунцы будзе зручна для пасажыраў. Але не варта, па яго словах, будаваць дубліруючых, паралельных шляхоў. Трэба, на думку беларускага лідара, выкарыстоўваць тое, што ўжо ёсць.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць адпаведны праект па рэканструкцыі аэрапорта з будаўніцтвам тэрмінала і чыгуначнай веткі, каб дэталёва яго разгледзець. «Мы ж усё на перспектыву робім, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі сёння з прычыны існуючых абставін нешта не патрэбна, то варта разумець, што гэта можа спатрэбіцца заўтра».

Пэўныя даручэнні дадзены Прэзідэнтам і па рэканструкцыі старой узлётна-пасадачнай паласы аэрапорта. Другую пабудавалі ў 2019 годзе. Нягледзячы на тое, што цяпер транспартны паток не такі, як быў раней, не варта забываць і аб першай паласе — вось патрабаванне кіраўніка дзяржавы. «Майце на ўвазе, што гэтая паласа павінна быць у рабочым стане, — папярэдзіў ён. — Нармальным стане. Мы пабудавалі другую. Гэта не павінна быць кінута. Паласа павінна быць у ідэальным стане». Паводле яго слоў, спасылацца на абставіны тут недарэчы.

У цэлым, нягледзячы на цяжкасці з-за ўведзеных санкцый, Нацыянальны аэрапорт Мінск працуе стабільна. Не ўзнікае праблем і ў забеспячэнні матэрыяламі і абсталяваннем. Па асобных пазіцыях наладжана вытворчасць на айчынных прадпрыемствах. Дапамагаюць і краіны-партнёры, у прыватнасці, Кітай.

З аб’ектамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі аэрапорта, Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся па дарозе на Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407, куды ехаў на аўтобусе. На прадпрыемстве кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах развіцця завода. Аляксандр Лукашэнка пабываў у цэхах, дзе паглядзеў, як наладжана тэхнічнае абслугоўванне і рамонт самалётаў.

Па словах генеральнага дырэктара Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі Уладзіміра Пякарскага, вытворчыя магутнасці прадпрыемства поўнасцю загружаныя. Доля экспарту ў аб’ёме выручкі за першае паўгоддзе склала 98,8%. На тэрыторыі завода ўзводзіцца комплекс змыўкі і пафарбоўкі паветраных суднаў. Завяршыць будаўніцтва плануецца ў першым квартале 2024 года. Пасля выхаду комплексу на поўную магутнасць дадатковая выручка для завода складзе больш як Br13 млн, экспарту — $4 млн. Пашыраць кірункі дзейнасці плануецца і за кошт асваення тэхнічнага абслугоўвання новых тыпаў самалётаў, вырабу дэталяў і зборачных адзінак, вырабу і рамонту сродкаў наземнага абслугоўвання, камплектуючых вырабаў паветраных суднаў.

«Пабудаваць самалёт — дарагая рэч, таму трэба рамантаваць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Аднак ён не выключае, што ў будучыні беларускія майстры змогуць стварыць айчынны самалёт.

Традыцыйна падчас наведвання прадпрыемстваў Прэзідэнт сустракаецца з працоўнымі калектывамі. Гэтая рабочая паездка кіраўніка дзяржавы не стала выключэннем. Супрацоўнікі арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск, задалі беларускаму лідару шэраг пытанняў.

«Няшмат выпадкаў, калі высокатэхналагічныя прадпрыемствы так працуюць»

Аднак найперш Прэзідэнт падзякаваў рабочым, што асвоілі новы завод, і нагадаў яго гісторыю. «Вядома, дзе (у Мінску. — „Зв.“) мы знаходзіліся, зразумела, што нас не задавальняла размяшчэнне завода ў той час, — заўважыў ён. — Не толькі таму, што фактычна гэта ў цэнтры горада і што трэба было там рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты. А і таму, што ўзлётна-пасадачная паласа, як дырэктар толькі што расказваў, нас там не задавальняла. Карацей, гэта ж не месца для такога завода. Было прынята рашэнне па пераносе прадпрыемства сюды. Але калі вы думаеце, што гэта ўсё так было проста, вы памыляецеся».

У сувязі з апошнім кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўсе астатнія прапановы былі на ліквідацыю завода. Прэзідэнта пераконвалі, што прадпрыемства не патрэбнае: казалі, што тут рамантуюцца старыя самалёты, якія хутка лятаць не будуць. «Я быццам бы і пагадзіўся, але задаў тым, хто ўносіў прапановы, адно пытанне: а што будзем рабіць з людзьмі? — расказаў дэталі Аляксандр Лукашэнка. — Не проста людзьмі, якіх трэба заняць. Вядома, мы занялі б паўтысячы чалавек — гэта не праблема. Гэта высокакваліфікаваныя людзі — гэта значыць вы».

Па словах беларускага лідара, праца спецыялістаў авіягаліны вельмі дорага каштуе. «Што мы будзем з імі рабіць? — згадаў, як прымалася рашэнне аб захаванні прадпрыемства, Прэзідэнт. — Яны куды пойдуць? Адказу не было. Таму было прынята мной рашэнне аб пераносе таго завода з беларускай сталіцы і размяшчэнні тут».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што часта лятаў з першай паласы і ўвесь час назіраў за будоўляй. З-за тармажэння будаўніцтва давялося прыняць адпаведныя меры. У рэшце рэшт завод пабудавалі. Па словах Прэзідэнта, яго складана называць толькі заводам. Прадпрыемства, на думку беларускага лідара, з’яўляецца першым крокам у дадзеным кірунку і дзяржава плануе яго развіваць: будзе рабіцца ўсё для таго, каб у нашай краіне рамантавалася і абслугоўвалася авіятэхніка, а магчыма, і ствараліся свае самалёты.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі існуюць дзве такія буйныя пляцоўкі: у Баранавічах функцыянуе ваенны завод, на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск рамантуюць і абслугоўваюць грамадзянскія лайнеры. «Калі вы асвоіце нешта з ваенных кірункаў, я буду толькі ўдзячны і падтрымліваць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі там (у Баранавічах. — „Зв.“) нешта будуць рабіць для вас, для цывільных, я таксама падтрымаю гэта. Калі ўдасца нам разгарнуцца і ствараць свой лятальны апарат, я буду шчаслівы — мая мара новая можа збыцца».

У такой сувязі кіраўнік дзяржавы нагадаў пра тое, як стваўся беларускі аўтамабіль, што калісьці таксама быў марай Прэзідэнта. Цяпер аўтамабілі маркі «Джылі» добра сябе зарэкамендавалі, карыстаюцца попытам. Сёлета будзе створана 60 тысяч аўтамабіляў. «У мяне ёсць такая шалёная думка па паглыбленні вытворчасці грамадзянскіх самалётаў, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Мы асвоілі рамонт, тэхнічнае абслугоўванне асвоілі. Прэтэнзій практычна да вас няма з боку заказчыка. Будзем рухацца далей».

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што да наведвання завода і даклада дырэктара ён не думаў, што прадпрыемства так разгарнулася. «Вы — проста малайцы, — звярнуўся Прэзідэнт да калектыву. — Галоўнае, што вы знайшлі свае нішы (але гэта неканчаткова), вы навучыліся рабіць не толькі тое, што вы рабілі там, на старым заводзе, але і многае новае. Вы займаецеся імпартазамяшчэннем. Таму я вам шчыра кажу: вы — проста малайцы, я вам за гэта вельмі ўдзячны. 

Будзем у гэтым кірунку рухацца. Вось самае галоўнае, што я хацеў сказаць вам, наведваючы гэты завод. Я ўзлятаў, садзіўся ў нашым аэрапорце, увесь час глядзеў на гэты завод і думаў: ужо час туды прыехаць паглядзець, як выканана даручэнне. Вы яго выканалі. Нярэдкі выпадак, але і няшмат такіх выпадкаў, калі высокатэхналагічныя прадпрыемствы так працуюць».

У сувязі з чым новае даручэнне ад Прэзідэнта — усіх «вінаватых» прадставіць да дзяржаўных узнагарод.

«Будзем развівацца, — запэўніў работнікаў беларускі лідар. — Далей у нас на чарзе — чыгунка, каб мы з цэнтра Мінска, паблізу забіралі людзей і прывозілі сюды. Я думаю, што ў хуткім часе мы ажыццявім гэтым план. А вы паменш звяртайце ўвагі на той ціск, які ажыццяўляецца з боку гэтага ашалелага Захаду на нашы прадпрыемствы, у тым ліку на аэрапорт, на „Белавія“. Мы знойдзем выхад з любой сітуацыі і ў бядзе свае прадпрыемствы не пакінем. Свет узаемазалежны, і толькі вар’яты могуць разбурыць гэтую залежнасць. Нічога ў іх не атрымаецца. Мы прарвёмся. Ім не патрэбныя канкурэнты перш за ўсё, таму яны нас ціснуць. Гэта добрая ацэнка для нас».

Дзяўчына з Беларусі паляціць у космас у першым квартале будучага года

Бортправадніца авіякампаніі «Белавія» нагадала, што яе калега Марына Васілеўская выбрана ў якасці касманаўта для палёту на Міжнародную касмічную станцыю. Калектыў ганарыцца калегай, хвалюецца за яе. Бортправадніца пацікавілася ў Прэзідэнта, калі будзе ажыццёўлены палёт і ці не паўплывае на гэта міжнародная сітуацыя.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў свой час вёў перагаворы з расійскім кіраўніцтвам. «І я Прэзідэнту Расіі сказаў, што беларусы неяк засядзеліся на зямлі, — прывёў дэталі размовы ён. — Лятаюць усе там, і афрыканцы ў тым ліку. Малайцы. Але чаму беларусы не лятаюць?»

У перагаворным працэсе ўдзельнічалі прадстаўнікі «Раскосмасу», для палёту ў космас ім патрэбная была жанчына. «Калі ласка, у нас жаночая краіна, Прэзідэнт жаночы, можна сказаць, — я гэта не хаваю, — згадаў, як прымалася рашэнне аб палёце касманаўта з Беларусі, Аляксандр Лукашэнка. — Знойдзем жанчыну. Знайшлі — Марыну. Мы плануем, што яна паляціць у першым квартале будучага года. Можа быць, у сакавіку».

Па словах кіраўніка дзяржавы, тэрмін палёту ссунуўся з-за аварыі на МКС, якая адбылася. Аднак, як акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, наша дзяўчына паляціць, дублёр таксама, і ніякія абставіны на гэта паўплываць не могуць.

«Спорту — быць!»

Супрацоўнік Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі заўважыў, што ІІ Гульні краін СНД, якія гэтымі дня прымае Беларусь, з’яўляюцца падзеяй года не толькі для нашай краіны, а і для ўсёй постсавецкай прасторы. Мужчына заўважыў, што нашы спартсмены вельмі добра падрыхтаваныя, паказваюць выдатныя вынікі. Можа, гэта і ёсць адна з прычын недапушчэння і абмежавання ўдзелу нашых спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, спытаў ён у Прэзідэнта.

Прэзідэнт паўтарыў, што ўжо неаднойчы казаў: «Яны баяцца канкурэнцыі, яны паказваюць свой нораў, хочуць нас нахіліць, як заўсёды, яны змагаюцца за сусветнае панаванне — і гэта толькі інструмент. Спорт стаў даўно вялікай палітыкай. Таму ціснуць па ўсіх кірунках. Мы вытрымалі, выстаялі. У нас хлопцы і дзяўчаты па ўсіх відах спорту выступаюць і выдаюць добрыя вынікі. Там ужо пад 130 медалёў, па-мойму. Ніколі такога не было. Шчыра кажучы, гэта ж будучыня наша. У асноўным спартсмены выступаюць маладыя, у будучыні сябе яшчэ праявяць і пакажуць. Да таго ж з той 21 дзяржавы, акрамя нас, там жа таксама такія спартсмены, як нашы. Гэта будучыня, і тое, што мы такую велізарную колькасць медалёў заваявалі, гэта добра».

Прэзідэнт заўважыў, што на спартыўных пляцоўках Гульняў для беларусаў асноўнымі канкурэнтамі з’яўляюцца расіяне. «Мы пакуль да іх не дацягнуліся, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Яны на першым месцы, і залатых медалёў у іх у два або ў тры разы больш. Няма ніякіх праблем для спартсменаў. Ідзіце, трэніруйцеся і выйгравайце. Мы арганізавалі наш удзел ва ўнутраных спаборніцтвах у Расіі, і расіяне прыязджаюць і ўдзельнічаюць ва ўнутраных спаборніцтвах Беларусі».

І тым, хто спрабуе прыкрывацца санкцыямі, парада ад кіраўніка дзяржавы наступная: «Пра санкцыі мы ўвогуле не разважаем. На гэта не павінны звяртаць увагі. Чалавечая галава такая: калі ты толькі загрузіў сябе санкцыямі, тады і працаваць не трэба. Можна спасылаца, што ў нас санкцыі, цяжка і гэтак далей. А што, ад гэтага вам лягчэй будзе? Таму ніякіх санкцый. Так, няпроста. Так, складана. А калі нам было лягчэй? Заўсёды было складана, бо мы канкурэнты. І нам будзе яшчэ складаней, бо мы ўварваліся ў самую інтэлектуальную і высокатэхналагічную вытворчасць. Але і далей будуць канкурэнты, і мы павінны іх перамагаць».

Кажучы аб падрыхтоўцы спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ён не бачыць тут праблем. «Раней ці пазней яны вымушаныя будуць нас вярнуць у міжнародны чэмпіянат, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы з Пуціным пазаўчора размаўлялі, закранулі і гэтую тэму. Я яго падтрымаў і пахваліў за тое, што ён ініцыіраваў спаборніцтвы БРІКС. А гэта Бразілія, гэта Расія, Паўднёвая Афрыка, Кітай і Індыя. Там паўтара мільярда, і там — паўтара мільярда. Калі толькі ў БРІКС, і мы адразу туды далучымся да гэтых спаборніцтваў, многія краіны туды далучацца. І Міжнародны алімпійскі камітэт, алімпійскі рух, які ёсць цяпер (Бах узначальвае), разваліцца. Бо ўсе змагаюцца за грошы — рэклама. А чым больш гледачоў, вось вам і рэклама, вось вам і грошы. Таму яны таксама там не дурні. Яны разумеюць, што яшчэ іх некалькі крокаў — і яны разваляць гэты рух».

Вяртаючыся да нашых спартсменаў, якія ўдзельнічаюць у ІІ Гульнях СНД, Прэзідэнт паўтарыўся, што гэта наша будучыня. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што яны паказваюць добрыя вынікі. Але галоўнае, на яго думку, што ў міжнародных спаборніцтвах беларускія спартсмены заваёўваюць медалі, што вельмі важна з псіхалагічнага пункту гледжання. Eсць у кіраўніка дзяржавы пэўныя прэтэнзіі, напрыклад, да барцоў, але з гэтым разбяруцца пасля правядзення Гульняў. «Спорту — быць! — рэзюмаваў беларускі лідар. — Спорт высокіх дасягненняў цягне масавы спорт за сабой. А масавы спорт — гэта мы з вамі, гэта наша здароўе».

Што датычыцца ціску на міжнародных спартыўных пляцоўках, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вытрымалі і не такое. «На нас ціснуць з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя, — нагадаў ён. — Ціснуць, ціснуць, і нам прадракалі смерць, а мы жывём. І калі пачалі ўводзіць гэтыя санкцыі, асабліва супраць Расіі, я Прэзідэнту Расіі кажу: дзякуй богу, што ўвялі гэтыя санкцыі. Цяпер нам неабсяжны край работы. Дай бог сёння асвоіць усё ў Расіі, што трэба: пачынаючы ад харчавання, заканчваючы самалётамі. Вазіць людзей мы будзем. Не пагодзяцца яны, каб мы ляталі на Захад — будзем на Усход перамяшчаць людзей. Галоўнае — не спыняцца».

«У нас будзе свой беларускі аўтамабіль»

Яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства пацікавіўся ў кіраўніка дзяржавы, ці магчыма павялічыць аб’ёмы вытворчасці аўтамабіля «Джылі», бо аўто беларуска-кітайскай вытворчасці карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва. Аб гэтым сведчаць чэргі ахвотных, хто жадае набыць гэты аўтамабіль, які ўжо людзі паміж сабой называюць народным.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў: раней людзі стаялі ў чарзе гадамі, не маглі купіць аўтамабіль. «Дрэнна, што даводзіцца стаяць у чарзе, — з аднаго боку, з другога, я рады, што з’явіўся попыт на гэты аўтамабіль, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Першыя месяцы былі сумненні, але я спадзяваўся, што людзі будуць купляць гэты аўтамабіль. Eн добры, ён наш, і пры ўсіх недахопах (мне прыйшлося часта падключацца да пытанняў рамонту і запчастак) мы ўсё-ткі трымаем гэта на кантролі і будзем прасоўваць гэты аўтамабіль. Мы дамовіліся з кітайцамі аб ліцэнзійнай вытворчасці сваіх аўтамабіляў. Вызначылі, па-мойму, два брэнды. Таму ў нас будзе свой беларускі аўтамабіль. Калі ўжо за гэта зачапіліся, то мы дойдзем да вытворчасці ўласнага, абсалютнага, амаль стопрацэнтнага беларускага аўтамабіля. Якаснага аўтамабіля. Будзем рухацца далей».

«Электратранспарту — быць!»

Наступнае пытанне датычылася мадэрнізацыі аўтапарку пасажырскага транспарту. На дарогах нашай краіны ўсё часцей можна заўважыць сучасныя аўтобусы, тралейбусы і трамваі айчыннай вытворчасці. Ці будзе працягвацца такая работа, спыталі ў Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў найбліжэйшы час дзесьці каля 150 аўтобусаў і каля 50 тралейбусаў будзе заменена сучаснымі. «Вельмі папулярныя нашы аўтобусы, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Мы не паспяваем задавальняць патрэбы. Канкурэнты нас пачынаюць прыдушваць, спасылаючыся на тое, што там пажар у аўтобусе ў Піцеры, яшчэ нешта... Цяпер дзяржкамісія працуе. Я накіраваў, каб разабраліся, у чым там пытанне. Гэта жудасная канкурэнцыя, але мы яе вытрымаем. Гэта добрыя, якасныя аўтобусы».

Спыніўшыся на пытанні эксплуатацыі айчынных аўтобусаў, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі яны не гараць. «Дык у чым пытанне? — пацікавіўся ён. — Ёсць пытанне. Мы будзем за гэтыя рынкі змагацца, і будзем змагацца праз якасць».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падзяліўся сваімі назіраннямі. У яго складваецца ўражанне, што хутка насельніцтва краіны не будзе карыстацца грамадскім транспартам. «У нас у Мінску ў сярэднім два аўтамабілі на сям’ю, а некаторыя маюць і тры, і чатыры, — заўважыў ён. — Калі ласка, ездзіце. Хоць паліва будзе каму купляць — паліва ў нас хапае. Дай бог яго зрасходаваць».

У развіццё тэмы транспарту кіраўнік дзяржавы дадаў, што больш актыўна будзем пераходзіць на электратранспарт — у краіне працуе свая атамная электрастанцыя. Прэзідэнт паведаміў, што ў будучым у Беларусі можа з’явіцца другая АЭС. «У нас магутнасці электрычныя залішнія — на вялікую перспектыву, — удакладніў ён. — Можам будаваць заводы, электрааўтамабілі, што і робім, і жыллё з выкарыстаннем электрычнасці. Гэта самы выгадны, самы эфектыўны від паліва. Будзем у гэтым напрамку рухацца. Электратранспарту — быць! Пачынаючы ад легкавога аўтамабіля да аўтобусаў і іншага, я гэтаму ўдзяляю вялікую ўвагу. Даўно пачалі мы гэтым займацца і не пралічыліся».

«Мы адкрытыя для супрацоўніцтва»

Пілот авіякампаніі «Белавія» запытаўся, ці гатовая наша краіна да змен узаемаадносін з некаторымі краінамі, якія ўвялі супраць беларускага народа шматлікія абмежаванні, і як хутка можна будзе назіраць у мірным беларускім небе замежныя авіякампаніі.

«Хоць заўтра, — адказаў беларускі лідар. — Мы людзі неагрэсіўныя. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы ні з кім не збіраемся ваяваць. Я кажу гэта вам пастаянна. Я не хачу, каб пры мне беларусы пачалі ваяваць, бо гэта вялікая загана любога прэзідэнта».

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што беларусы — мірныя людзі, якія хочуць з усімі супрацоўнічаць. «На выступленні з нагоды Дня Незалежнасці я аб гэтым казаў, што і з палякамі трэба размаўляць, — нагадаў ён, удакладніўшы, што даў адпаведныя даручэнні ўраду. — Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. У іх 15 кастрычніка, як вядома, асноўныя парламенцкія выбары і, вядома, ім трэба цяпер нагнятаць абстаноўку для таго, каб паказаць, што яны правільна ўзбройвалі і пераўзбройвалі краіну. Таму да 15 кастрычніка яны наўрад ці пойдуць на нейкія істотныя змены, выгадныя ім і нам. Яны шмат чаго патрабуюць ад нас і просяць, але мы на гэта пайсці не можам, бо гэта супярэчыць нашым інтарэсам».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Польшча не сама па сабе нагнятае абстаноўку ў рэгіёне — яе падштурхоўваюць да гэтага Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканцы зрабілі стаўку на Польшчу, але палякі — людзі не дурныя, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта нашы людзі, славяне. Яны ўсё цудоўна разумеюць. Пацерпім, паглядзім. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва».

Беларускі лідар адзначыў, што цяпер мы жывём перш за ўсё за кошт Усходу — супрацоўнічаем з Расіяй, Кітаем. Але, на думку Прэзідэнта, не трэба забывацца і пра высокатэхналагічны Захад. «Яны побач, яны нашы суседзі — Еўрасаюз, — нагадаў ён. — І адносіны з імі страчваць нельга. Мы да гэтага гатовыя, але з улікам нашых уласных інтарэсаў. Паверце, прыйдзе час (цяпер такая турбулентнасць, кажучы на вашай мове, цяжкасці вялікія), але ў 2024–2025 гадах, я ўпэўнены, адбудуцца сур’ёзныя змены, у свеце ў тым ліку».

«Мы лячылі і будзем лячыць, падтрымліваць гэтых дзяцей»

Спецыяліст па рабоце з моладдзю Нацыянальнага аэрапорта Мінск выказаў кіраўніку дзяржавы ўдзячнасць, што на Беларусі пануюць мір і дабрабыт, што, на яго думку, дазваляе моладзі ўсебакова развівацца і працаваць на карысць дзяржавы. Малады чалавек родам з Данбаса і добра ведае, што такое голад і абстрэлы. Падзеі, што там адбываюцца, пазбавілі яго самых дарагіх людзей — бацькоў. Супрацоўнік прадпрыемства расказаў, што на беларускай зямлі ён знайшоў родных яму людзей, дастойную работу, дом, дзе адчувае сябе ў поўнай бяспецы, а таму цэніць кожную хвіліну жыцця. Малады чалавек падзякаваў за тое, што Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае жыхароў Данбаса, асабліва дзяцей, якія рэгулярна прыязджаюць у Беларусь на аздараўленне, і пацікавіўся, ці плануецца, каб дзеці Данбаса зноў прыязджалі ў нашу краіну.

«Планавалі, плануем і будзем планаваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І не толькі планаваць — будзем падтрымліваць дзетак. Вы бачыце, яны прыязджаюць сюды па цішыню. Для іх дзіка быць у краіне і не чуць гэтых выбухаў... І тое, што заходнікі спрабуюць там узбудзіць (спачатку па Пуціну, потым па мне) сітуацыю ў свеце і ледзь не да крымінальнай адказнасці прывесці, гэта проста смешна. Я абсалютна за гэта не перажываю. Наадварот, мы разумеем, што так трэба дзейнічаць. Дзеці ні ў чым не вінаватыя. Мы дамовіліся з Пуціным, што мы будзем з саюзнага бюджэту нашага Беларусі і Расіі фінансаваць гэтыя паездкі — Расія і Беларусь. Мы гэта робім і будзем рабіць».

У сваю чаргу, нядобразычліўцам Аляксандр Лукашэнка параіў разабрацца з рэальнай праблемай вывазу дзяцей з Украіны на Захад, якіх выкарыстоўваюць у якасці донараў. «Дзетак з Украіны вывозяць, расчляняюць і дастаюць органы, і сваіх мярзотнікаў спрабуюць там лячыць, — вось з тымі няхай разбяруцца, — парэкамендаваў беларускі лідар. — Мы лячылі і будзем лячыць, падтрымліваць гэтых дзяцей». Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэтым займаецца гераічны чалавек — Аляксей Талай, заснавальнік аднайменнага дабрачыннага фонду.

«Дапаможам мы сёння людзям, Бог гэта бачыць — дзесьці і нам дапаможа. Таму дзяцей будзем падтрымліваць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У канцы сустрэчы Прэзідэнт падзякаваў працоўным калектывам за размову і папрасіў прабачэння, што адарваў людзей ад работы. У сваю чаргу, супрацоўнікі выказалі ўдзячнасць кіраўніку дзяржавы за шчыры дыялог і перадалі для музея Палаца Незалежнасці эксклюзіўны штурвал самалёта.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.