Вы тут

На варце здароўя — малады дэсант


Сёлета ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім каледжы імя акадэміка І. П. Антонава ўпершыню медыцынскі студэнцкі атрад аб’яднаў найлепшых і апантаных студэнтаў. Самастойная форма працаўладкавання моладзі цяпер набыла новую, больш грунтоўную абалонку. На трэці працоўны семестр у Віцебскую абласную клінічную бальніцу заступіў студатрад «Артэрыя» імя Героя Савецкага Саюза Л. М. Філіпенкі, але іх гісторыя не скончыцца разам з летам.


Колькасць яго байцоў зусім невялічкая — усяго пяць чалавек, з якіх чатыры дзяўчыны. Вядома, права ўзначальваць «Артэрыю» было дадзена адзінаму хлопцу Антону Міхневічу. Ён трапіў у студатрад выпадкова: як і ўсе таварышы-медыкі шукаў на лета падпрацоўку па спецыяльнасці. Хацеў і веды на практыцы адтачыць, і быць фінансава самастойным.

«Аб тым, што ў нас у каледжы набіраюць студатрад, мне расказалі сябры. І я вырашыў, што гэта класная магчымасць сумясціць прыемнае з карысным: і паспрабаваць сябе ў медыцыне, і адчуць камандны зладжаны дух. Пакуль вучыўся, заўсёды марыў паназіраць за работай медыкаў на „ўнутранай кухні“, тым больш што і падзарабіць можна добра. А гэта мне, даросламу хлопцу, патрэбна», — дзеліцца Антон.

Ён — адзіны прадстаўнік моцнай палавіны чалавецтва ў сваім калектыве студатрадаўцаў, але гэта юнака ніяк не бянтэжыць. Хлопец упэўнены, што ў медыкаў не павінна быць падзелу на мужчын і жанчын, у кожнага з тых, хто вырашыў абраць для сябе гэты нялёгкі шлях, адна мэта — дапамагаць людзям. Таму ў «Артэрыі» дзявочыя сціпласці і юнацкае абаянне адышлі на другі план.

«Спачатку было няпроста звыкнуцца з рэжымам: начныя дзяжурствы, сур’ёзная адказнасць за свае дзеянні. Але больш чым за месяц жыццё ўвайшло ў новую каляіну, мне падабаецца», — расказвае хлопец. Ён, дарэчы, быў абраны ў студатрад не толькі з-за добрай паспяховасці ў каледжы, але і з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі: Антон — пастаянны ўдзельнік святочных канцэртаў і дабрачынных акцый. Атрымліваецца, што пакуль яму ўдаецца сумяшчаць творчы пачатак і лячэбнае мастацтва.

Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Анжэла Азарчанка, такі вопыт для каледжа ў навінку. «Звычайна нашы студэнты працаўладкоўваліся самастойна, а сёлета, дзякуючы актыўнаму ўзаемадзеянню з раённым камітэтам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, мы вырашылі аб’яднаць ахвотных і найлепшых навучэнцаў у студатрад. Але такая форма работы з наймальнікам не скончыцца летнім сезонам — „Артэрыя“ будзе працаваць круглы год. Гэта дае магчымасць моладзі набірацца практычнага досведу разам з тэарэтычнымі ведамі, што будзе добрай падставай выпускнікам пры працаўладкаванні пасля каледжа».

Дзяўчаты і хлопец працуюць медсёстрамі і медбратам. Змены, якія доўжацца па 12 гадзін, для дзяўчат лёгка не праходзяць, але, як той казаў, што нас не забівае, робіць нас мацнейшым. Нягледзячы на першыя практычныя крокі ў прафесію, байцы шчыруюць у бальніцы нараўне з астатнім персаналам, ніякіх зніжак на ўзрост. Вядома, пакуль да складаных маніпуляцый студэнтаў не дапускаюць, аднак яны дапамагаюць пацыентам перамяшчацца і абслугоўваць сябе, дэзынфіцыруюць інвентар і памяшканні. Адна з дзяўчат, Паліна Магучая, дзеліцца, што ўжо давялося сутыкнуцца і з цяжкімі пашкоджаннямі: глыбокімі ранамі і крывёю. І, стрымліваючы дзявочую ўражлівасць, прыходзіцца аказваць неабходную медыцынскую дапамогу: накладваць павязкі, зашываць раны.

Пакуль члены атрада «Артэрыя» ў поўным захапленні ад першых крокаў на медыцынскай ніве. Плануюць як мінімум працаваць у бальніцы да зімы, а пасля ўжо будзе відаць. Вядома, што падчас заняткаў у каледжы сумяшчаць начныя дзяжурствы з лекцыямі будзе няпроста, аднак медык вучыцца ўсё жыццё.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.