Вы тут

Як праходзяць рэпетыцыі конкурса «Міс Беларусь — 2023»


Зараз у фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2023» сапраўды гарачыя дзянькі. І гэта зусім не з-за надвор’я. «Звяздзе» ўдалося зазірнуць за кулісы шоу, пагутарыць з арганізатарамі мерапрыемства і з самімі дзяўчатамі.


Мы патрапілі на прагон дэфіле і харэаграфіі ў сценах Нацыянальнай школы прыгажосці. 24 фіналісткі пад кіраўніцтвам каманды прафесіяналаў старанна выконвалі ўсе рухі. Але, як аказалася, гэта толькі малая частка падрыхтоўкі да конкурсу.

Бажэна Ярэміч, дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці, запэўнівае, што фіналісткі падчас падрыхтоўкі да конкурсу развіваюцца ўсебакова і што ўсе гэтыя навыкі ім спатрэбяцца ў будучыні:

— З дзяўчынак ужо былі зняты меркі для ўсіх касцюмаў, паралельна былі праведзены фотаздымкі на розных лакацыях. Цяпер яны актыўна вывучаюць пастаноўкі, якія будуць на фінале конкурсу і праходзяць розныя майстар-класы па цырульніцкім майстэрстве, макіяжы, аратарскім майстэрстве, дэфіле, таксама фіналісткі маюць зносіны з рознымі спікерамі, палітолагамі, у перспектыве іх чакаюць яшчэ больш цікавых майстар-класаў, экскурсій, у тым ліку паездкі з дабрачыннымі місіямі і нават мерапрыемства, звязанае з сельскай гаспадаркай.

Анжаліка Ігнатовіч і Лізавета Сафранкова

Таксама заслону таямніцы наконт будучага шоу пагадзілася прыадчыніць Алена Лобач дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў тэлеканала ОНТ:

— Хочацца зрабіць шоу яшчэ больш маштабным. Мне здаецца, дзяўчынкі гэтага заслугоўваюць. Паспрабуем новыя тэхналогіі ў межах таго, што дазваляе нам зрабіць сцэна Палаца спорту. Мы плануем выкарыстоўваць водныя экраны. Такім чынам на сцэне будзе 86 тон вады! 

Сёлета дэвіз конкурсу «Прыгажосць натхняе». Натхняе на подзвігі, шэдэўры і стварэнне. Па словах Алены Лобач, у шоу будуць закрануты розныя віды мастацтва:

— Будзе вельмі цікавы нацыянальны выхад. Ён будзе складацца з 6 эпізодаў. Мы паралельна пройдземся і па гісторыі нашай архітэктуры, і па гісторыі беларускага касцюма. Над гэтым з намі працуе ўнікальны чалавек Юрый Піскун, мэтр у гісторыі нацыянальнага касцюма. Ён ужо стварыў эскізы, зараз стварае самі касцюмы.

У саміх жа дзяўчынак настрой вельмі пазітыўны. Яны з задавальненнем пазіруюць і згаджаюцца паразмаўляць. А як інакш? Фіналісткі ўжо сапраўдныя медыяперсоны. 

У аб’ектыў «звяздоўскай» фотакамеры трапілі дзве прыгажуні — Анжаліка Ігнатовіч і Лізавета Сафранкова. На першы погляд магло здацца, што яны блізкія сяброўкі, але аказалася, што да конкурсу яны нават не былі знаёмыя, ды і геаграфія зусім няблізкая (Анжаліка са Слоніма, а Лізавета з Калодзішчаў). Проста, па словах дзяўчат, атмасфера на конкурсе вельмі прыязная:

— Тут дзяўчынкі спагадлівыя, адкрытыя. Усе розныя, у кожнай індывідуальная прыгажосць, як унутраная, так і знешняя, але ўсё вельмі добразычлівыя, — гаворыць Анжаліка.

Падчас размовы таксама адкрылася, што дзяўчат аб’ядноўвае прафесійная сфера дзейнасці. Лізавета Сафранкова у гэтым годзе паступіла ў БДМУ, а вось Анжаліка Ігнатовіч ужо тры гады ў медыцыне. Зараз працуе медыцынскай сястрой-анестэзісткай у рэанімацыйным аддзяленні.

Таксама ў абедзвюх дзяўчат быў пэўны падмурак у вобласці мадэлінгу. Лізавета ў 2019 годзе вучылася ў Нацыянальнай школе прыгажосці, удзельнічала ў конкурсе «Міс Мінск» і зараз вырашыла, што трэба браць планку вышэй. Анжаліка, у сваю чаргу, вучылася ў «Віта-Стайл», дзе дзяўчат вучылі дэфіліраваць і пазіраваць перад камерамі. Падчас вучобы яна атрымала перамогу на конкурсе прыгажосці ў сваім каледжы, потым на гарадскім мерапрыемстве «Супер Лэдзі», пасля чаго вырашыла паспрабаваць сабе на конкурсе рэспубліканскага ўзроўню.

— Гэта як у казцы. Тут вельмі шмат усяго цікавага. Калі ты ў паўсядзённым жыцці — гэта дом-праца. Тут жа ўсё вельмі разнастайна. У нас фотасесіі, запісы відэавізітак, прымерка, заняткі па дэфіле і харэаграфіі, — дзеліцца Анжаліка.

— Я пакуль што яшчэ не стамілася, таму ўсё ўспрымаю з вялікім задавальненнем і цікавасцю. — каментуе Лізавета. — З намі працуюць прафесіяналы, і гэта крута. Я ўжо бачу, што ва ўсіх дзяўчынак значна палепшыліся дэфіле і харэаграфія, і ўсё вельмі прыгожа выглядае насамрэч.

Ну што ж, нам застаецца пажадаць дзяўчатам поспехаў і добрага настрою. Хто ж з дваццаці чатырох прыгажунь стане «Місс Беларусь — 2023»? Адказ на гэтае пытанне мы атрымаем толькі 8 верасня.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.