Вы тут

Аўтарская выстаўка жывапісу Серафімы Патапавай працуе ў галерэі «Ракурс»


Выстаўка жывапісу Серафімы Патапавай (1945—2019) адкрылася ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі яшчэ ў маі. Адбылася ўрачыстасць, працягваецца работа праекта, але, як падаецца, дастатковай увагі з боку гледача да яго няма. Можа быць, летняя пара, так бы мовіць, перашкаджае наведвальнасці, а мо публіка проста не знаёмая з творчасцю мастачкі і не разумее, ад чаго адмаўляецца. Тут час нагадаць: экспазіцыя будзе працаваць да 16 кастрычніка, завітвайце!


«Нацюрморт з рыбай», 1995 г.

У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, выкладчык мінскай студыі «Мастакі, якія танцуюць», вучаніца Серафімы Патапавай Наталля Нялецкая, муж мастачкі Уладзімір Патапаў, літаратар, аўтар кнігі «Адкуль бяруцца снежныя барсы» Сяргей Філімонаў. Але галоўны госць прэзентацыі — Ларыса Фінкельштэйн. Мастацтвазнаўца, заснавальнік першай беларускай галерэі «БРАМА», член Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага саюза крытыкаў, Беларускага саюза мастакоў, Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўцаў выступае куратарам часовай выстаўкі ў галерэі «Ракурс».

Серафіма Патапава была мастачкайстанкавісткай, дэкаратарам, жывапісцам, заснавальніцай і кіраўніком унікальнай студыі «Мастакі, якія танцуюць». У своеасаблівай майстэрні выхаванцы наведвалі ўрокі самавыяўлення: там яны расказвалі і паказвалі на паперы, у танцы ці тэатральным эцюдзе тое, пра што думаюць і мараць. Заняткі праходзілі ў свабоднай форме. Гэты дзіцячы калектыў наведаў многія гарады Беларусі і замежжа. Вядома, што многія вучні студыі працягнулі свой шлях у мастацтве. 

«Змена гамы. Нацюрморт. Апошні», 2019 г.

Тэматычны абсяг творчасці Серафімы Патапавай даволі шырокі, але не гэта здзіўляе, хоць цікавілі яе і цырк (тыя ж П’еро і Арлекін), і кіно (прыклад — партрэты Чарлі Чапліна ў розным узросце), і міфалогія (разнастайныя русалкі), і рэлігія (героі Евангелля)… Найперш прыцягваюць увагу інтэрпрэтацыя вобразаў знакамітых персанажаў і арыгінальныя сюжэты. Але не меней зачароўвае творчы почырк — адметныя кампазіцыі, смелыя колеравыя рашэнні, асаблівасці стылістыкі сведчаць пра талент і мастацкі густ.

Але што вядома пра Серафіму Патапаву? Збольшага тыя факты, якімі шчыра дзеліцца яе паплечніца Ларыса Фінкельштэйн. Нарадзілася творца ў пераможны для Савецкага Саюза год. Месца з’яўлення на свет — горад Ленінград. Дзяцінства прайшло на Васільеўскім востраве. Першае каханне прывяло ў Мінск. Пасля былі іншая сям’я, праца інжынерам-канструктарам, а таксама наведванне мастацкай студыі Уладзіміра Ткачэнкі… Серафіма Патапава з поспехам прайшла курсы павышэння кваліфікацыі мастакоў-афарміцеляў ад Саюза мастакоў СССР, затым некалькі гадоў працавала па гэтай спецыяльнасці ў розных установах, кіравала студыяй. Да таго ж скончыла Завочны народны ўніверсітэт мастацтваў Міністэрства культуры РСФСР (факультэт выяўленчага мастацтва, аддзяленне станковага жывапісу і графікі).

«Чарлі Чаплін», 2001 г.

Галоўнае, што счытваецца пры знаёмстве са спадчынай аўтара, — прыняцце жыцця ва ўсіх яго праявах. Шчасце і гора, радасць і роспач, весялосць і сум — усё гэта па-майстэрску аб’яднана ў творчасці Серафімы Патапавай. Але зроблена не прамалінейна, не груба, не мудрагеліста. Прыгажосць выяўлена ў тонкіх нюансах, у схаванасці (ці нават адсутнасці) проціпастаўленняў, у пазбаўленні ад непатрэбных кантрастаў. Ці гэта не дар?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.