Вы тут

Паказ легендарнай «Паўлінкі» як даніна памяці пра яго стваральніка


Сёлета 15 жніўня споўнілася 110 гадоў з першага паказу спектакля «Паўлінка» паводле Янкі Купалы ў Беларусі. Пасля таго, як у студзені 1913 года прэм'ера «Паўлінкі» феерычна прайшла ў Вільні, пастаноўку проста неабходна было ажыццявіць і ў Мінску. За працу ўзяўся рэжысёр Фларыян Ждановіч, «Паўлінку» ў яго пастаноўцы паказалі спачатку ў Радашковічах, а пазней, ужо пасля рэвалюцыі, спектакль убачылі гледачы Беларускага дзяржаўнага тэатра. Таго самага, які мы ведаем сёння як тэатр імя Янкі Купалы. «Паўлінка» — сімвал гэтага тэатра, але такая пастаноўка, што ідзе на яго сцэне цяпер, здзейснілася ў 1943 годзе дзякуючы рэжысёру Льву Літвінаву.


Чарговы паказ легендарнага спектакля — ужо ў новым тэатральным сезоне — адбудзецца 29 жніўня. Але «Паўлінку» ў пастаноўцы Льва Літвінава цяперашнія купалаўцы збіраюцца паказаць сёлета ў Казані, куды тэатр з Беларусі збіраецца на гастролі. Гэта будзе абмен гастролямі з Казанскім акадэмічным рускім Вялікім драматычным тэатрам імя В. І. Качалава, які выступіць у Мінску ў верасні. Трупа вязе да нас некалькі пастановак, якія можна будзе паглядзець з 12 да 25 верасня: «Рэвізор» (паводле М. Гогаля), «Вар’яцкі дзень, альбо Жаніцьба Фігара» (П-О. Бамаршэ), «Пікавая дама» (С. Пушкін), «Скрыпач на даху» (мюзікл паводле Шалом-Алейхема), «Васа» (М. Горкі), «Баль злодзеяў» (Ж. Ануй) і рэтраканцэрт «Калі запаляцца ліхтары». Кожны са спектакляў будзе мець некалькі паказаў. Што ні кажыце, а гастролі казанскага тэатра арганізаваныя з павагай. Нездарма. Тут варта разабрацца асобна.

Што творча яднае Мінск і Казань? О, гэта значныя постаці! Найперш Янка Купала — вядома, што народны паэт Беларусі у вайну жыў у эвакуацыі ў пасёлку Печышчы непадалёк ад Казані, куды ў 1942 годзе прыйшла вестка пра трагічную гібель паэта.

Але Казань — гэта горад, у якім з верасня 1950 года да самай сваёй смерці ў сакавіку 1963 года жыў і працаваў Леў Літвінаў — сёлета 60 гадоў, як завяршылася яго зямное жыццё. Вельмі яркае паводле зробленага, але не надта доўгае — час быў няпросты і не надта літасцівы да рэжысёра Льва Літвінава-Гурэвіча, які быў адным з тых апантаных асоб, якія пачыналі тэатральную справу ў Беларусі. Выхаванец Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, ён вярнуўся ў Мінск, каб здзяйсняць свае смелыя на той час задумы спачатку ў Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатры, а пасля ў Беларускім дзяржаўным тэатры, дзе Літвінаў з 1932 да 1937 года быў нават мастацкім кіраўніком. Але яго творчыя пошукі спыніліся з-за неразумення і крытыкі фармалізму, якая ў той час магла мець трагічныя наступствы. Літвінаў усяго толькі пазбавіўся пасады. Але ж мог ставіць спектаклі. Напрыклад. Ажыццявіў пастаноўку першай беларускай оперы «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага. У 1941-м Леў Літвінаў эвакуіраваўся ў Свярдлоўск, дзе ўмудрыўся стварыць тэатральны калектыў, пасля жыў у Новасібірску. Але Беларускі драматычны тэатр у той час быў у Томску, яму патрэбны быў рэжысёр... Літвінаў вяртаецца і становіцца галоўным рэжысёрам тэатра. У эвакуацыі яны разам ажыццявілі пастаноўкі «Позняга кахання» Астроўскага і «Паўлінкі» Янкі Купалы. Ішла вайна, і Літвінаў, разумеючы, што творы з драматычным фіналам, як у п’есе Купалы, не да часу, бо людзям трэба даваць надзею, ставіць «Паўлінку» як камедыю, дзе бярэ верх каханне і радасць. Такой мы яе і ведаем усе гэтыя гады. Але нават спектакль з такім фіналам пасля вайны атрымаў долю жорсткай крытыкі — яна стала спадарожнікам Літвінава ў тэатральным жыцці Беларусі ўжо пасля вайны. Каб «Паўлінка» засталася ў афішы тэатра, спатрэбілася нават умяшанне першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі.

Ужо па вяртанні тэатра ў Мінск Леў Літвінаў паставіў яшчэ шэраг пастановак, якія ўвайшлі ў гісторыю легендарнага тэатра. Але рэжысёр увесь час працаваў пад вялікім ціскам. І вынес рашэнне...

Ён прыняў прапанову дырэктара Казанскага тэатра Рыгора Рыгорына і з 4 верасня 1950 года стаў жыхаром і тэатральным дзеячам Татарстана. За гады працы ў Казані заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР Леў Літвінаў здабыў яшчэ і званне заслужанага дзеяча мастацтваў Татарскай АССР. Але захоўваў памяць пра найлепшыя часы працы ў Беларусі. У Казані ён нават паставіў “Лявоніху на арбіце” Андрэя Макаёнка... Напэўна, сумаваў па той трупе, якая была здольная на творчыя подзвігі і разумела яго. Яго зямны шлях спыніўся рана — крыху больш за 60 было рэжысёру, які мог бы працаваць і працаваць. Пахаваны Леў Літвінаў у Казані на Арскіх могілках у Казані побач з жонкай-актрысай Эмай Дрэйзінай, якой не стала хутка пасля іх пераезду, у 1952 годзе.

Так здараецца, што гісторыя расстаўляе ўсё па сваіх месцах. І тое, што немагчыма было тады ацаніць як належыць, цяпер стала класікай беларускага тэатра. А пра Літвінава цяпер згадваюць напярэдадні гастроляў Казанскага і Купалаўскага тэатраў. Літвінаў меў магчымасць параўнаць творчы патэнцыял дзвюх гэтых труп у свой час. А мы можам зрабіць гэта цяпер.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.