Вы тут

У апошні дзень лета


Нават і не верыцца, што заўтра апошні дзень лета. Здаецца, толькі ўчора ўвабралася ў сілу вясна, усё навокал было ўрачыста-зялёным, як на аграсядзібе «Паветра» ў Драгічынскім раёне, якую давялося наведаць у маі. А потым, нібы кадры кіно — ягадны чэрвень, цёплы ліпень з квітнеючымі паўсюль гартэнзіямі, і вось вам — жоўтая лістота ўздоўж дарог, свежая ралля падрыхтаванай да сяўбы глебы.


І песню па радыё круцяць пра расставанне з летам. Пад яе згадалася даўняя паездка з Балгарыі. Таксама быў апошні дзень лета. А мы стаялі ў Румыніі пад сонцам, якое, здаецца, выпальвала ўсё жывое вакол. Стаялі, бо зламаўся аўтобус... Гэта ж колькі гадоў прайшло? Блізка што трыццаць, недзе ў сярэдзіне дзевяностых сталі актыўна ездзіць аўтобусамі на мора. Вось і аўтар гэтых радкоў спакусілася на бюджэтны варыянт адпачынку, які запомніўся на ўсё жыццё. Замест двух заяўленых сутак на зваротную дарогу мы правялі ў дарозе амаль чатыры дні. Ужо не кажу пра тое, што мабільнай сувязі тады не было, і не выпадала ніякай магчымасці патэлефанаваць з той румынскай кукурузы дадому, сказаць, што затрымліваемся. Стаялі на дарозе, з двух бакоў якой расла кукуруза, малая, ссохлая, вышынёй па калена. Успомніла тую нягеглую кукурузу на мінулым тыдні, калі аграном на Пружаншчыне дэманстраваў сваю, да верху якой ледзьве даставаў паднятай рукой.

...Ужо дакладна не памятаю, колькі там давялося стаяць, тады здавалася, што бясконца, пакуль кіроўцы сяк-так падладзілі аўтобус, каб ён хоць дацягнуў да найбліжэйшай стаянкі, дзе мы чакалі другую машыну. У многіх пачыналі здаваць нервы: хто налятаў на кіроўцаў і гіда, хто высвятляў адносіны з суседзямі па няшчасці. Мая маладзейшая спадарожніца Аксана, з якой мы здымалі нумар на ўзбярэжжы і разам сядзелі падчас паездкі, перыядычна плакала. Здавалася, яна была ўжо недалёка да нервовага зрыву, калі мы з суседам, які сядзеў за намі, прымусілі яе выпіць глыток каньяку, што, на здзіўленне, хутка паспрыяла зняццю напружанасці. Яна, ужо нават не студэнтка, малады спецыяліст, як высветлілася, пакаштавала спіртное ўпершыню. Такая вось хатняя дзяўчынка, увесь час жыла з мамай, ды і ў паездку, як выглядала, наважылася адна ўпершыню, а тут такое выпрабаванне. Наш сусед аказаўся чалавекам з пачуццём гумару, а яшчэ разважлівым і мудрым. Тады ён падаваўся вельмі сталым, думаю сёння, што быў недзе майго цяперашняга ўзросту. Каб хутчэй ішоў час, ён раіў нам назіраць за пасажырамі, казаў, што гэта будзе забаўна, калі ўсё ўспрымаць з пэўнай доляй іроніі. «Глядзіце, дзяўчаты, гэта ж суцэльны зрэз грамадства. У экстрэмальнай сітуацыі ўсе праяўляюць сваю сапраўдную сутнасць». І мы напраўду пачалі прыглядацца, аналізаваць. Людзі сабраліся вельмі розныя — ад гарадскіх спешчаных паненак да вясковых працаўніц ва ўзросце. Адна з жыхарак, калі не памыляюся, Пінскага раёна, кабета пенсіённага ўзросту, была самай спакойнай. Казала, што з яе ў вёсцы смяяліся, калі яна перад капаннем бульбы, а тады пачалі капаць рана, раптам на курорт сабралася. «Я падумала, калі прыеду, многія ўжо выкапаюць, збяруцца і мне памогуць, а я даўно хацела мора ўбачыць». Яна зусім не перажывала за вымушаную стаянку ў полі і толькі пасмейвалася з суседкі па сядзенні, якая бегала і лямантавала. «Вось з каго трэба браць прыклад, ісціна — вуснамі чалавека з народа», — гаварыў нам пра вясковую жанчыну ўмоўны Іван Іванавіч. Называю так, бо не памятаю, як яго звалі насамрэч.

А тая, яе гарадская суседка, з кожным днём прастою разыходзілася ўсё больш. Калі раней яна пазіцыянавала сябе як глыбокую верніцу, раз-пораз хрысцілася, чытала невялічкую кніжачку-малітоўнік, то потым стала грубай, пагражала скаргамі і патрабавала, каб яе пасадзілі на сядзенне адразу за кіроўцам, якое падавалася ёй больш камфортным. Кожную гадзіну ў яе паяўляліся новыя прэтэнзіі, а ва ўмовах, калі кіроўцы і самі са зразумелых прычын былі «на нервах», гэта пачынала многіх раздражняць. Пакуль не ўмяшаўся Іванавіч: «Не магу ўспомніць, які разумны чалавек сказаў: «Калі пагляджу на цяперашніх вернікаў, дык думаю, можа, Гасподзь прызначыў мяне атэістам». Палова аўтобуса, усе, хто пачуў, дружна зарагаталі, а наша гора-актывістка прыкметна пацішэла. «Вось бачыце, — забаўляў нас дасціпны папутчык. — Ёсць катэгорыя людзей, якія будуць ісці напралом, патрабаваць, пісаць скаргі, а то і даносы, абы дабіцца свайго альбо нават проста звярнуць на сябе ўвагу. Ёсць аматары выпіць, якія любую сітуацыю выкарыстаюць у сваіх інтарэсах, як вунь той грамадзянін на заднім сядзенні. Чалавек пакрысе пацягвае з пляскатай біклагі і весялее. Нават яго законная палавіна рукой махнула, у іншых умовах ўжо зладзіла б яму скандал. А вунь на тую сямейку з дзецьмі варта палюбавацца. Бацькі прыдумваюць гульні, каб займаць увагу дзяцей і не вельмі перашкаджаць іншым пасажырам. Нічога ж страшнага не адбываецца. Часовыя цяжкасці трэба ўмець перажываць».

І мы таксама сталі прыглядацца, калекцыянаваць гэтыя псіхатыпы людзей, і нам зрабілася цікава, крыху ўзняўся настрой. Праз суткі прыйшоў аўтобус на замену. А калі дабраліся дадому, то ніколі, відаць, родны горад не падаваўся такім мілым, як у той апошні дзень лета.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.