Вы тут

Начальнік Воранаўскага УПС расказала, як працуе калектыў участка


На сёння ў склад Воранаўскага УПС уваходзяць 17 дзеючых аб'ектаў паштовай сувязі: два гарадскія аддзяленні, адзін перасоўны пункт і вясковыя аддзяленні. Сярэдняспісачная колькасць супрацоўнікаў — 53 чалавекі. І гэта на раён, у якім пражывае каля 22 тысяч чалавек, а яго тэрыторыя займае 1470 квадратных кіламетраў. Аб тым, як працуе калектыў участка, карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік Воранаўскага УПС Зафія Вільбік.


З мэтай павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва ў арганізацыі ўкараняюцца новыя віды паслуг. Так, у раёне паспяхова дзейнічае сістэма «Мабільны паштальён». Кожны з паштальёнаў мае апаратна-праграмны комплекс. У любым населеным пункце можна без праблем атрымаць аплату за аказаныя грамадзянам паслугі. Абслугоўванне кліентаў адбываецца ў рэжыме анлайн.

— Прыемна, што ў калектыў кожны год да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, — адзначыла Зафія Станіславаўна. — Напрыклад, летась мы прынялі двух новых супрацоўніц. Адна з іх ужо прызначана начальнікам аддзялення сувязі. Гэта добрыя спецыялісты, працуюць адказна і добрасумленна. Калектыў паступова аднаўляецца.

Каб людзям было прыемна наведваць аддзяленні паштовай сувязі, у іх рэгулярна праводзіцца касметычны рамонт, устанаўліваецца новая мэбля. Так, апошнім часам прыкметна абнавілася аддзяленне ў Доцішках. А ў аддзяленні «Жырмуны» нядаўна з'явіўся паштамаркет са свабодным доступам кліентаў да тавараў, што адразу павялічыла тавараабарот.

У раёне працуюць дзве машыны мотадастаўкі. Акрамя таго, што на іх дастаўляюцца пенсіі, у сельскія населеныя пункты яны едуць поўнасцю запоўненыя таварам — прадметамі першай неабходнасці. У шасці аб'ектах паштовай сувязі маецца халадзільнае абсталяванне, і таму мы маем магчымасць гандляваць мяснымі прадуктамі. Практычна ўсе тавары, якія прапаноўваем вяскоўцам, карыстаюцца вялікім попытам. І харчовыя, і гаспадарчыя.

Па словах начальніка УПС, мясцовыя жыхары з вялікай павагай і нават любоўю адносяцца да працаўнікоў пошты. Зусім нядаўна група вяскоўцаў — пенсіянераў — накіравала на імя кіраўніцтва УПС калектыўную падзяку паштальёну Таццяне Маркевіч за добрасумленную працу і клапатлівыя адносіны да людзей. А гэта — сведчанне таго, што воранаўскія паштальёны сваю работу выконваюць на высокім, якасным узроўні. Як удакладніла Зафія Станіславаўна, за той перыяд, калі яна ўзначаліла Воранаўскі УПС, тады яшчэ РВПС, у 2005 годзе, на яго супрацоўнікаў не было ніводнай скаргі. А падзяк было шмат.

— Літаральна кожны супрацоўнік Воранаўскага УПС заслугоўвае добрага слова, — падкрэсліла суразмоўніца. — Сярод найбольш вопытных і заслужаных працаўнікоў можна назваць начальнікаў АПС Валянціну Адамоніс, Ірыну Грытусёву, Людмілу Барысевіч. Не магу не назваць аднаго з нашых старэйшых і найлепшых начальнікаў АПС Галіну Сідаровіч. Вопытныя працаўнікі — аснова нашага калектыву. Дзякуй ім за тое, што сваім багатым вопытам яны шчодра дзеляцца з моладдзю! Побач з такімі людзьмі я заўсёды адчуваю сябе ўпэўнена і спакойна.

Добра зарэкамендавалі сабе і такія супрацоўніцы, як Ганна Бобніс, Вікторыя Літвіновіч, Тамара Русак. Акрамя добрасумленнай працы яны актыўна ўдзельнічаюць і ў грамадскім жыцці калектыву. Часам дзівішся, як яны ўсё паспяваюць?!

Хацелася б, каб тыя добрыя адносіны, якія склаліся ў калектыве паміж людзьмі, працягваліся і далей. Каб тая энергія, якая прысутнічае ў нашых супрацоўнікаў, не страчвалася. Каб і ў рабоце, і ў прафсаюзнай дзейнасці, і ў конкурсах прафесійнага майстэрства яны паказвалі найлепшыя вынікі. Дарэчы, некаторыя нашы супрацоўнікі ў такіх спаборніцтвах займалі высокія месцы на абласным узроўні і прадстаўлялі Гродзенскі абласны філіял РУП «Белпошта» на рэспубліканскім конкурсе. Ну, а галоўным нашым дасягненнем я лічу тое, што двойчы калектыў Воранаўскага УПС быў занесены на раённую Дошку гонару.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.