Вы тут

Прэзідыум райсавета разглядаў пытанні арганізацыі гандлю на Ружаншчыне з улікам грамадскай думкі


Выязное пасяджэнне прэзідыума Пружанскага раённага Савета дэпутатаў у мінулым месяцы разгледзела стан гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва Ружанскага сельсавета. На нарадзе прысутнічалі члены прэзідыума райсавета, старшыні ўсіх сельвыканкамаў раёна, кіраўнікі арганізацый, адказных за абслугоўванне.


Варта сказаць, што Ружаны — не шараговы населены пункт. У Ружанах знаходзіцца адна з галоўных славутасцяў не толькі вобласці, але і краіны. За мінулы год, напрыклад, музейны комплекс палаца Сапегаў наведала каля 30 тысяч чалавек. Турысты — гэта яшчэ і патэнцыяльныя пакупнікі магазінаў, а таксама наведвальнікі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Да таго ж Ружаны — транзітны пасёлак, праз які праходзяць дарогі на Слонім, Ваўкавыск, Івацэвічы. Гэтыя фактары, несумненна, мелі на ўвазе спецыялісты пры падрыхтоўцы пытання да разгляду прэзідыума. Яшчэ адзін блок праблем, што вывучаўся, датычыўся абслугоўвання жыхароў невялікіх населеных пунктаў у ваколіцах пасёлка. Іх меркаванне таксама ўлічвалі.

Як расказала карэспандэнту «МС» старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана Юркоўская, падрабязнаму агляду гандлю і бытавога абслугоўвання, якім стала выязное пасяджэнне, папярэднічала вялікая работа па вывучэнні стану спраў і грамадскай думкі. Выбарачнае апытанне жыхароў правялі карэспандэнты пружанскай газеты «Раённыя будні». Маніторынг грамадскай думкі ружанцаў пры дапамозе анкетавання арганізаваў аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. У анкетаванні, напрыклад, узялі ўдзел 58 працуючых грамадзян і дзесяць пенсіянераў. Вынікі маніторынгу, які стаў своеасаблівым зрэзам грамадскай думкі жыхароў пасёлка, агучылі на пасяджэнні.

З жыхарамі малых населеных пунктаў таксама пагутарылі напярэдадні карэспандэнты «раёнкі», — адзначыла Аксана Уладзіміраўна. — У асноўным меркаваннем дзяліліся старасты вёсак. І гэта было, несумненна, цікава. Звычайна людзі не выказваюць захаплення ад таго, што магазіны ў іх закрылі. Аб гэтым, напрыклад, гаварыў жыхар вёскі Далкі. Апошнім часам жыхары Далкоў хадзілі ў краму ў Ласасін, але і яе закрылі. І самі ласасінцы, як выглядае, яшчэ не прывыклі да абслугоўвання аўтакрамай. 

А вось стараста названай вёскі Валянціна Паляшук работу аўтакрамы ацэньвае станоўча. На думку старасты, асартымент гандлёвага пункта на колах даволі разнастайны, таксама прывозяць прадукцыю па папярэдніх заяўках. Акрамя таго, у вёску амаль кожны дзень заходзіць паштовая машына, якая возіць у тым ліку і прадукты.

Паводле слоў Таццяны Юдчыц, старасты адразу чатырох малых населеных пунктаў — Загалічаў, Далкоў, Навасадаў, Бярэзніцы, — у вёсках засталіся ў асноўным пенсіянеры, ім не складана падстроіцца пад графік аўтакрамы, якая прыязджае два разы на тыдзень. А яшчэ сельгаспрадпрыемства «Ружаны-Агра» прыкладна раз на месяц прывозіць у вёскі сваю мясную прадукцыю. Стараста дамаўляецца з гаспадаркай, узгадняе графік і апавяшчае людзей. Напрыклад, за адзін толькі ліпень гаспадарка прадала прадукцыі амаль на 1800 рублёў. Гэта наздвычай выгадна і зручна.

Старасты вёсак Шчытна, Верчыцы, Астравок, Воля і Карасі ніякіх нараканняў на работу аўтакрамы не агучылі. А вось у Поланску, дзе працуе магазін, людзі выказалі шэраг крытычных заўваг. У некаторых вёсках людзі незадаволеныя тымі аўтакрамамі, дзе няма тэрміналаў, адпаведна, няма магчымасці разлічыцца карткай. Гэта асабліва актуальна летам, калі да вяскоўцаў прыязджаюць гарадскія дзеці і ўнукі.

Апытанне праводзілася сярод розных сацыяльных катэгорый насельніцтва. Гандлем прадуктовай групай тавараў людзі ў асноўным задаволеныя. Амаль у адзін голас усе ўхвалілі факт адкрыцця фірменнага магазіна Бярозаўскага мясакамбіната, дзе пакупнік можа набыць надзвычай разнастайную прадукцыю. А ружанскія гаспадыні даўно ацанілі магчымасці закупляцца ў сталоўцы ААТ «Ружаны-Агра». Там прадаецца ўласная мясная прадукцыя, паўфабрыкаты. Асабліва зручна бывае пасля работы набыць нешта з паўфабрыкатаў, каб хутка прыгатаваць вячэру, тым больш выбар у сталоўцы заўсёды прыстойны. Людзі выказалі прапанову адкрыць уласны магазін гаспадаркі «Ружаны-Агра». Дарэчы, такі маецца ў райцэнтры суседняй вобласці — Слоніме.

Некаторыя з пенсіянераў наракалі на гандаль прамысловай групай тавараў. Паводле іх меркавання, не заўсёды на месцы можна купіць недарагія адзенне, абутак, прадметы быту. Да бытавога абслугоўвання таксама ёсць пытанні. Рамонт абутку і адзення даступны толькі ў райцэнтры альбо суседнім Слоніме.

— Работа выязнога пасяджэння пачалася з наведвання гандлёвых пунктаў, — расказала старшыня сельвыканкама Аксана Юркоўская. — Найперш зазірнулі ў магазін «Востраў чысціні і смаку», які адкрылі два гады таму. У дзень тут бывае да трохсот пакупнікоў, але гандлёвае прадпрыемства сутыкнулася з кадравай праблемай. Падобныя цяжкасці, дарэчы, адчуваюць і ў іншых магазінах.

У магазіне райспажыўтаварыства парадаваў асартымент, а таксама прасторная зала, зручнае размяшчэнне тавараў. Як расказалі работнікі, на паліцах — 85 працэнтаў прадукцыі беларускай вытворчасці, у тым ліку з прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, дзейнічаюць акцыі і зніжкі. У новым магазіне Бярозаўскага мясакансервавага камбіната «Мясны свет» вока радавала разнастайнасць асартыменту.

Пабывалі ўдзельнікі нарады і ў комплексным прыёмным пункце бытавога абслугоўвання, бо ў ходзе маніторынгу грамадскай думкі жыхары выказалі шэраг заўваг і пажаданняў мясцовай «бытоўцы». Гаварылі, напрыклад, пра мэтазгоднасць пастаяннай работы цырульніка. Высветлілася, што ў пункце КБА чатыры дні ў тыдзень працуе мясцовы майстар, а па серадах цырульнік прыязджае з райцэнтра. Ну а каму патрабуецца тэрміновая альбо святочная прычоска, то ёсць магчымасць скарыстацца салонам прыгажосці, які працуе ў санаторыі «Ружанскі». Прыёмны пункт бярэ заказы на мэблю, аказвае рытуальныя паслугі. Варта ўдакладніць, што гэты пункт цяпер адзіны на ўсю Ружаншчыну.

На пленарным пасяджэнні прагучалі актуальныя лічбы. Аказваецца, забяспечанасць гандлёвымі плошчамі па сельсавеце складае 866,69 метра квадратнага на тысячу жыхароў. Для параўнання — у цэлым па раёне гэтая лічба складае 812,71. Сацыяльныя стандарты выконваюцца. Больш за 63,5 працэнта насельніцтва сельсавета пражывае ў Ружанах, з тае прычыны тут сканцэнтраваная большасць гандлёвых аб’ектаў. Аўтакрамы абслугоўваюць 22 вёскі сельсавета. Таксама на тэрыторыі функцыянуюць дзве сталоўкі «Ружаны-Агра», чатыры аддзяленні РУП «Белпошта», кафэ «Ружанка», кафетэрый на аўтазаправачнай станцыі.

Дарэчы, пра недастатковасць аб’ектаў грамадскага харчавання выказалася больш за палову ўдзельнікаў анкетавання. І тут напрошваецца выснова, што Ружанам у дадзеным сэнсе не хапае прыватнай ініцыятывы. Скажам, свежай выпечкай, па якой засумавалі некаторыя ўдзельнікі згаданага маніторынгу, мог бы заняцца індывідуальны прадпрымальнік-кандытар. Як, напрыклад, у невялікім гарадку Высокае Камянецкага раёна. Там у павільёне мясцовай пякарні нярэдка стаіць чарга, настолькі ўсё свежае і смачнае прапануюць кожную раніцу. Рамонт абутку, адзення цяпер цалкам у руках прыватнікаў, нават у вялікіх гарадах. Прадпрымальнікі маглі б вырашыць і праблему гандлю даступнымі прамысловымі таварамі, пра якую згадвалі пенсіянеры.

Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец:

— У цэлым гандлёвае абслугоўванне жыхароў Ружанскага сельсавета арганізаванае добра. На пасяджэнні намі зроблена выснова, што насельніцтва забяспечана таварамі першай неабходнасці, штодзённага попыту, а таксама гандлем рознай спецыялізаванай накіраванасці. Падрыхтоўка да выязнога пасяджэння, яго правядзенне сталі своеасаблівымі агледзінамі, якія выявілі пэўныя недахопы. Былі дадзены канкрэтныя даручэні, яны аператыўна выконваюцца. Мы ўбачылі шляхі развіцця і паляпшэння, у іх ліку стымуляцыя той жа прыватнай ініцыятывы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Ружанскага сельсавета і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.