Вы тут

Моладзь Узбекістана зможа бясплатна наведваць музеі, святыні і выставы


Вяртанне ў школу сярэбраных медалёў

Міністр асветы Расіі Сяргей Краўцоў заявіў, што з 2023/2024 навучальнага года вернуць сярэбраныя медалі. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Вялікая перамена РФ».


«Думаю, і для бацькоў, і для школьнікаў будзе прыемная навіна: мы з наступнага навучальнага года вернем сярэбраныя медалі», — сказаў ён.

Сярэбраны медаль — другая пасля залатога медаля ступень адрознення пры навучанні ў сярэдняй школе. На федэральным узроўні ў Расіі з 2014 года сярэбраны медаль не ўручаецца, аднак рэгіёнам дадзена права самастойна ўстанаўліваць віды заахвочванняў навучэнцаў, у тым ліку і сярэбраныя медалі рэгіянальнага ўзроўню, і ўзнагароджваць імі выпускнікоў.


Маладым бясплатна ў музеі і на выставы

Моладзь Узбекістана з 1 верасня можа бясплатна наведваць гістарычныя помнікі, святыні, дзяржаўныя музеі і выставы.

Бясплатнае наведванне аб'ектаў культурнай спадчыны прадугледжана да дасягнення маладымі людзьмі 18 гадоў. Адпаведны ўказ «Аб першачарговых мерах па рэалізацыі Канстытуцыі Рэспублікі Узбекістан у новай рэдакцыі» падпісаў прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў.

Такім чынам рэалізуюць артыкул 78 новай Канстытуцыі, у якім вызначана, што «дзяржава і грамадства клапоцяцца аб фарміраванні ў дзяцей і моладзі прыхільнасці нацыянальным і агульначалавечым каштоўнасцям, гонару за краіну і багатую культурную спадчыну народа, пачуцці патрыятызму і любові да Радзімы».


З апошняга курса каледжа — у дзіцячы садок

У Расіі група дэпутатаў і сенатараў прапанавала дазволіць навучэнцам педагагічных каледжаў, якія паспяхова прайшлі атэстацыю, на апошнім курсе ўладкоўвацца выхавацелямі ў дзіцячы сад. Па меркаванні аўтараў ініцыятывы, тады пасля вучобы ў выпускнікоў ужо будуць працоўная кніжка і афіцыйны стаж. Аўтары адзначаюць, што цяпер уладкавацца ў дашкольныя арганізацыі могуць толькі студэнты выпускных курсаў вышэйшых навучальных устаноў.

Пры гэтым работа ў час вучобы, звязаная з будучай спецыяльнасцю, з аднаго боку, павышае ўзровень падрыхтоўкі выпускніка і яго канкурэнтаздольнасць, а з другога боку, работадаўцам такая форма падрыхтоўкі спецыяліста дае магчымасць падбіраць кадры, адначасова ўдзельнічаючы ў іх навучанні.

Змяненні прапануецца ўнесці ў федэральны закон «Аб адукацыі» і даць такое права студэнтам, якія вучацца ў каледжах па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Для гэтага яны павінны быць паўналетнімі, асвоіць школьную праграму і паспяхова прайсці прамежкавую атэстацыю за два гады навучання, якія папярэднічаюць працаўладкаванню.

Законапраект таксама дазволіць больш актыўна выкарыстоўваць інстытут настаўніцтва: калі ў маладога спецыяліста будуць пытанні, звязаныя з працай, ён зможа кансультавацца ў свайго выкладчыка. Гэтае пытанне абмяркоўвалася са студэнтамі і выкладчыкамі каледжаў і аўтары прапановы прыйшлі да высновы, што новыя нормы створаць умовы для максімальна камфортнага ўваходжання ў прафесію.


Плаціць «інтравертам» за... выхад з дому

Міністэрства па пытаннях гендарнай роўнасці і сем'яў Паўднёвай Карэі распрацавала праграму выплат дзецям і маладым людзям ва ўзросце ад 9 да 24 гадоў, якія вядуць пустэльніцкі лад жыцця, перадае Tengrіtravel.kz са спасылкай на WІONews.

Урад Паўднёвай Карэі спрабуе дапамагчы гэтым людзям выйсці з дому, каб пайсці ў школу, універсітэт або на працу. Удзельнікі праграмы будуць штомесяц атрымліваць выплаты, а непаўналетнія — яшчэ і дадатковыя дапамогі на наведванне культурных мерапрыемстваў.

Асноўнай мэтай гэтай палітыкі з'яўляецца дапамога дзецям, але гэта таксама сродак, з дапамогай якога краіна можа вырашыць праблему скарачэння працаздольнага насельніцтва ва ўмовах нізкай нараджальнасці і строгіх іміграцыйных правілаў.

Па дадзеных Карэйскага інстытута аховы здароўя і сацыяльных спраў, каля 350 тысяч чалавек ва ўзросце ад 19 да 39 гадоў у Паўднёвай Карэі лічацца адзінокімі або ізаляванымі — каля трох працэнтаў ад гэтай узроставай групы. Нягледзячы на бурны рост эканомікі ў апошнія гады краіна працягвае змагацца з высокім узроўнем беспрацоўя сярод моладзі, які з'яўляецца самым высокім сярод усіх узроставых груп і складае 7,2 працэнта.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.