Мёры і ваколіцы


Паселішчы Мёрскага раёна спярша былі знаёмыя мне завочна, кажучы сённяшняй мовай, віртуальна. Яшчэ на пачатку 1980-х пачалося наша сяброўства з руплівым збіральнікам памятак віцебскай зямлі, памятак Мёршчыны і ваколіц, апантаным краязнаўцам і паэтам, публіцыстам, даследчыкам і ваеннай драматычнай гісторыі гэтай старонкі Сяргеем Панізнікам. Штуршком да знаёмства сталася адкрыццё яго паэтычнага зборніка — «Палявая пошта». Гляджу цяпер на рэпрадукцыі старых паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава — і наноў згадваю расповеды Сяргея Сцяпанавіча. Сядзібны дом у Асада Дзедзіна, сядзібны дом у Мёрах, касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Забалоцце, Ідолта, Каменполле, Крычава, Лявонпаль, Троіцкая царква ў Лявонпалі, Калона ў Лявонпалі, Мікалаёва, званіца ў Навалоцы, касцёл Святой Тройцы ў Новым Пагосце, Узмёны, Чарасы, Язна...


Лявомпаль. Царква. Пачатак ХХ стагоддзя.

З аўтабіяграфіі мёрскага паэта Сяргея Панізніка: «...Пазнаю свой мацярык. Але лягчэй пранесціся ў думках на падкову Дзвіны між Друяй, Дрысай, Дзісной, «прызямліцца» на маё радзіннае поле. 10 траўня 1942 года я з'явіўся на свет у вёсцы Бабышкі. У вёсцы? На даўняй карце бачыў абрысы такой вёскі. А на мяне з дзяцінства глядзелі сядзібы хутароў пры рэчцы Волце ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці... <...> Маё радзіннае поле — у полі касмічнай інфармацыі. У ім заўсёды існуе тое, што прамінула. Адлюстраванне людства галасоў маіх Бабышак можна адчуць, ажывіць, калі толькі захацець. Таму я лёгка пераношуся ў думках не на пустэчу, а ў тыя згусткі энергіі, у тую рухомую матэрыю, дзе пачыналася мая існасць...» І яшчэ пісаў Сяргей Сцяпанавіч у 2008 годзе ў эсэ «Не толькі Гамеру...»: «... І зноў наперад — у мінулае! 1999 год — год заснавання Музея радзімазнаўства ў Лявонпалі. Там цяпер сельскі цэнтр культуры і вольнага часу, адзін на ўвесь Мёрскі раён. Што прамінула — не знікла, а засталося, хай сабе ў экспанатах музея і яго філіяле — «Хаце бабкі Ядзвіні». Дзе як не ў родным Лявонпалі мне адзначаць 50-годдзе творчай работы — дату маёй першай публікацыі ў раённай газеце. Прыйдзецца зноў паўтарыць перад маладым земляком, мёрскім мальцам: «Тут падрасла арэшына-ляшчына, // тут голас мамы — голас ручая... // Жыве сцяжына, // твая сцяжына, // сцяжынка незарослая мая». У бабышаўскім доме ў нас стаялі кросны. Але я зусім нядаўна даведаўся, што ткача, які нацягваў аснову, звалі так: панізь. Таму мяккі знак з наймення ткача-прафесіянала я часам устаўляю ў сваё прозвішча Панізьнік...»

Асада-Дзедзіна. Сядзібны дом. 1930-я гады.

І мы «сцяжынкамі незарослымі» пойдзем па Мёрскім краі. У Мёрах, несумненна, экскурсія павінна быць шмат даўжэйшая. Спярша назва Мёраў адносілася да назвы возера. На старадаўніх картах яно так і называецца — Мёры. Цяпер — возера Мёрскае. Паселішча вядомасць сваю мае з 1514 года — маёнтак Мярэя Браслаўскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1644 годзе тут быў праваслаўны манастыр. У 1691 годзе пабудаваны ў Мёрах касцёл. З 1793 года паселішча — у складзе Расійскай імперыі. У 1886 годзе насельніцтва мястэчка складала ўсяго 110 жыхароў. Штогод арганізоўваліся два кірмашы. Стаялі тры карчмы. У 1903 годзе — ужо 145 жыхароў, народнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа. Паводле Рыжскага дагавора 1921 года, Мёры адышлі да Польшчы. Цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. З восені 1939 года паселішча і ваколіцы далучаны да БССР. 3 ліпеня 1941 года Мёры акупавалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі гітлераўцы загубілі ў Мёрах 662 чалавекі. А 2 чэрвеня 1942 было ліквідавана 779 яўрэяў з гета... 4 ліпеня 1944 года Мёры былі вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызанамі. Пачалася новая, болей блізкая да нас гісторыя…

Забалацце. Сядзібны дом. 1920-я гады.

Мы згадвалі паштоўку з выявай Асада Дзедзіна. Зазірніце ў гэтую вёску. Будзеце мець магчымасць на свае вочы ўбачыць сляды, сённяшні стан сядзібна-паркавага ансамбля Рудніцкіх. Гэта — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму. Створаны быў у 1810—1820 гг. Апошні ўладальнік — Вішнявецкі. У вёсцы Вята зможаце зазірнуць у касцёл Святога Яна Хрысціцеля, які быў пабудаваны ў 1932—1934 гг. Цікавым падаецца і паселішча Галомысла са Свята-Іаана-Багаслоўскай царквою (пабудавана ў 1840 годзе). У Каменполлі разгледзьце руіны, сляды сядзібна-паркавага ансамбля Мірскіх. Пабудаваны ён быў у канцы XІX — пачатку XX стагоддзя. Апошнім уладальнікам быў Віслаў Святаполк-Мірскі (1896—1951). А пачатак «камянпольскай лініі» Святаполак-Мірскіх — з лоўчага браслаўскага Яна Станіслава Святаполк-Мірскага (1690—1761).

Мёры. Сядзібны дом. 1934 год.

Не меней цікавымі будуць агледзіны вёскі Лявонпаль, якая месціцца на Заходняй Дзвіне. Яшчэ ў 1768—1769 гг. Мікалай Тадэвуш Лапацінскі (1715—1778) узвёў тут невялікі палац, што захаваўся да нашых дзён. Побач гаспадар разбіў французскі парк на тэрасах. Некалі на галоўнай восі сядзібы стаяла брама. У 1772 годзе ў мястэчку збудавалі драўляную ўніяцкую царкву са званіцай. У маёнтку была наладжана вытворчасць каберцаў, сурвэтак, абрусаў з друйскага лёну. Працавалі ў Лявонпалі і капялюшная, і суконная мануфактуры. Непадалёку ад Лявонпаля — і Узмёны... У 1882 годзе тут была ўзведзена Свята-Мікалаеўская царква…

Мёры. Унутраны выгляд касцёла.  Пачатак ХХ стагоддзя.

Мёры, Мёрскі край — радзіма многіх знакамітасцяў. Вандруючы гарадскімі вуліцамі — 17 Верасня, 350-годдзя Мёрам, Гагарына і Даватара, Зарэчнай і Камсамольскай, Кастрычніцкай, Кветкавай, Кірава, Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Чарняхоўскага, Паштовай, Пятра Брынкевіча (воін-афганец), Сяргея Закрэўскага (таксама воін-афганец; пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі) і іншымі, а таксама адкрываючы розныя вёскі і вёсачкі Мёршчыны, ведайце, што гэтыя сцяжыны — родныя і для згаданага паэта і краязнаўца Сяргея Панізніка, і для пісьменніка Франца Сіўко, для Героя Савецкага Саюза віцэ-адмірала Ягора Томкі (гэта ў яго гонар названа вуліца ў Мёрах), паэта, празаіка і публіцыста Вайніслава Казіміра Савіча-Заблоцкага, легендарнага снайпера Іосіфа Пілюшына, які знішчыў 136 салдат і афіцэраў праціўніка, закатаванага фашыстамі каталіцкага святара Юрыя Кашыры, расійскага генетыка Багуслава Курловіча, рэвалюцыянеркі Ганны Дрэйзеншток, якая ў 1945 годзе ўзначальвала кніжнае выдавецтва ў Забайкаллі, у Чыце, музыканта і фалькларыста Генадзя Цітовіча, стваральніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца, дзіцячай пісьменніцы Алены Масла, паэта Паўла Сушко, жывапісца Міхася Ляўковіча, літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук Галіны Тычко...

Лявонпаль. Сядзібны дом. 1930-я гады.

Крычава. Сядзібны дом. 1930-я гады.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.