Роўна 30 год таму, 21 верасня 1993 года Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь быў афіцыйна прыняты ў алімпійскую сям’ю. На 101-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Манака НАК Беларусі быў прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам. У першую чаргу прызнанне азначала, што цяпер Беларусь можа прадстаўляць сваю каманду на Алімпійскіх гульнях.
Атрымаць прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта — гэта як пераадолець марафонскую дыстанцыю. Беларусы зрабілі гэта са спрынтарскай хуткасцю. 9 сакавіка 1992 года Нацыянальны алімпійскі камітэт быў прызнаны часовым членам Міжнароднага алімпійскага камітэта. А з 6 па 7 красавіка 1992 года ў Мінску з афіцыйным візітам знаходзіўся прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта, легенда алімпійскага руху Хуан Антоніа Самаранч. Кіраўнік сусветнага алімпійскага руху высока ацаніў спартыўныя дасягненні беларускіх спартсменаў, зазначыўшы, што Беларусь уваходзіць у эліту сусветнага спорту. Прэзідэнт МАК уручыў Прэзідэнту НАК Уладзіміру Рыжанкову сімвалічны алімпійскі флаг. «Беларусь — адна з самых спартыўных дзяржаваў былога СССР. І яна яшчэ не раскрыла ўсяго свайго спартыўнага патэнцыялу», — адзначыў Хуан Антоніа Самаранч на прэс-канферэнцыі.
Гэты візіт падштурхнуў беларусаў актыўна працаваць, каб заваёўваць алімпійскія медалі пад сваім сцягам. Для таго, каб атрымаць прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта, НАК Беларусі правёў вялікую працу і заклаў трывалы падмурак для будучага развіцця. У пачатку 1993 года ва ўсіх абласных цэнтрах і ў горадзе Мінска створаны прадстаўніцтвы Нацыянальнага алімпійскага камітэта, якія ў займаліся прапагандай і развіццём алімпійскага руху, папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, развіццём масавага спорту. Быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце». У дакуменце ўпершыню ў гісторыі беларускага спорту гаварылася пра алімпійскі рух у Беларусі як складнік міжнароднага алімпійскага руху.
Актыўную работу Нацыянальнага алімпійскага камітэта ацанілі па заслугах. У 1993 годзе Беларусь стала адной з першых постсавецкіх краін, чый НАК быў прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам.
Пасля афіцыйнага прызнання НАК Рэспублікі Беларусь пачалася актыўная падрыхтоўка каманд да XVII зімовых Алімпійскіх гульняў 1994 года ў Лілехамеры. Гэта быў першы алімпійскі іспыт для сувярэннай дзяржавы. Беларусь прадстаўлялі 33 спартсмены, але на п’едэстал узняліся толькі двое. Зорка канькабежнага спорту Ігар Жалязоўскі сваю каронную дыстанцыю 1000 метраў скончыў з сусветным рэкордам, але праз некалькі заездаў амерыканец Дэн Джэнсен перасягнуў гэты вынік, пакінуўшы беларуса са серабром. З біятлоннай каманды поспех спадарожнічаў толькі Святлане Парамыгінай, якая заваявала сярэбраны медаль у спрынце на 7,5 кіламетраў. «Я ніколі не забудуся на тыя імгненні, калі стаяла на пастаменце гонару і гучала імя нашай маленькай краіны. Апісаць пачуцці, якія перапаўнялі мяне ў той момант немагчыма. Гэта і радасць, і гонар, і сапраўднае шчасце!», — дзялілася спартсменка. Але ў функцыянераў усё было не так шчасліва.
«У 1994 годзе ў нас не было грошай, каб адправіць каманду на Алімпійскія гульні ў Лілехамер. Грошай не было ні на што. Браць дзяржаўныя сродкі НАК як грамадская арганізацыя не мог, даводзілася выкручвацца. Экіпіроўка і інвентар былі для нас вялікім галаўным болем. У нас нічога не было. Таму я разам з калегамі адправіліся ў турнэ па Еўропе — аб’язджалі еўрапейскіх вытворцаў „Фішэр“, „Атомік“. Прасілі экіпіраваць нашых спартоўцаў, абяцалі, што як толькі ў нас з’явяцца грошы, будзем купляць інвентар толькі ў іх. А іншага выйсця ў нас не было, нічога, акрамя беларускіх сувеніраў, мы еўрапейцам прапанаваць не маглі. Дамовіліся з фірмамі „Альпіна“ і „Адыдас“, яны экіпіравалі ўсю беларускую зборную. Прыйшлося аб’ехаць паў-Еўропы, каб беларускія спартсмены адправіліся ў Лілехамер з якасным інвентаром і добрай экіпіроўкай. Нават для таго, каб яны туды даехалі, прыйшлося праявіць кемлівасць. Грошай на дарогу таксама не было. Уладальнік адной з прыватных авіякампаній даў нам самалёт да Нарвегіі пры ўмове, што мы самі яго заправім. Папрасілі міністэрства фінансаў, нашых спонсараў, каб дапамаглі са сродкамі на паліва. Замежныя калегі былі ў шоку таму, што кіраўніцтва дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях вырашае пытанні з запраўкай самалёта. А што нам яшчэ заставалася? Ніхто акрамя нас гэтыя праблемы не вырашыў бы», — успамінае заслужаны трэнер БССР Леанід Храмянкоў, які тады працаваў у НАК Беларусі.
А праз два гады адбыліся першыя летнія Алімпійскія гульні, на якіх Беларусь была прадстаўлена самастойнай камандай. У Атланце пад беларускім флагам выступалі 144 спартсмены. Першы і адзіны залаты медаль тых Гульняў заваявала Кацярына Хадатовіч у акадэмічным веславанні. «Рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў 1996 года было лягчэй. У нас ужо быў досвед падрыхтоўкі дэлегацыі на Алімпіяду, грошы з’явіліся. Ды і да беларусаў было ўжо зусім іншае стаўленне. Пасля развалу СССР многія скептыкі лічылі, што спорту ў былых саюзных рэспубліках не будзе. А мы выдужалі, адаптаваліся да новых рэалій, хутка стварылі свой НАК. Беларусь заявіла аб сабе як аб моцнай спартыўнай краіне», — адзначае Леанід Храмянкоў.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота НАК Беларусі
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».