Вы тут

У Карэлічах прайшоў кніжны фестываль з удзелам «Звязды»


Традыцыяй стала правядзенне на Гродзеншчыне міжрэгіянальнага фестываля «ПРОдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени». Адрас — гарадскі пасёлак Карэлічы. Сёлета кніжнае свята, арганізаванае калектывам Карэліцкай раённай бібляітэкі, было прысвечана Году міра і стваральнай працы. 


Фота: pexels.com

У праграме фестываля, удзел у якім прынялі Навагрудская, Воранаўская, Нясвіжская і Ляхавіцкая раённыя бібліятэкі, было нямала мерапрыемстваў, скіраваных на прапаганду кнігі, на разгляд розных бібліятэчных навацый. Дарэчы, у фармаце анлайн у свяце прыняла ўдзел і Уздзенская раённая бібліятэка. Перш-наперш былі прэзентаваны бібліятэчныя пляцоўкі: «Бібліятэка як брэнд», «Прасоўванне бібліятэкі ў сацыяльных сетках», «База дадзеных уласнай генерацыі». У час працы фестываля праходзіў продаж кніг беларускіх кніжных і медыйных выдавецтваў. Шкада, што на свяце іх было ўсяго толькі тры: Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Адукацыя і выхаванне», апошняе з якіх пазнаёміла не толькі з папулярнымі асветніцкімі выданнямі, але і прадставіла часопіс «Рюкзачок», які добра знаёмы школьнікам нашай краіны. Магчыма, з часам да кніжнага свята ў знакамітым, багатым на гісторыю рэгіёне далучацца і іншыя дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы. Будзем на гэта спадзявацца!.. 

У СШ N 1 г. п. Карэлічы прайшла сустрэча са старшынёю Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтам і празаікам Людмілай Кебіч, якая прадставіла вучням і настаўнікам сваю новую кнігу прозы «Жыццёвыя путы», зборнік пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда». Удзел у сустрэчы прыняў і добра вядомы на Гродзеншчыне паэт Мікалай Іваноўскі. Таксама на фестывалі была прэзентавана кніга мясцовага краязнаўца Святланы Кошур «Праз паціну часу», што толькі што прыйшла з друкарні. Дарэчы, некалькі дзён назад гэтае выданне, што таксама выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда, было прэзентавана ў Навагрудскай раённай бібліятэцы. Пад адной вокладкай член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Кошур сабрала свае краязнаўчыя нарысы, якія распавядаюць пра людзей і мясціны Наваградчыны, Карэліччыны, пра розныя гістарычныя адрэзкі часу. 

Кацярына Хадасевіч-Лісавая, аўтар болей як дзесятка кніг пра Вухуціка і іншых не меней знакамітых герояў, упадабаных дзіцячым чытачом, таксама наведалася ў Карэлічы. Пісьменніца прэзентавала свае новыя кнігі, якія сістэмна, з года ў год, выходзяць у Выдавецкім доме «Звязда». Кацярына Хадасевіч-Лісавая расказала гаспадарам фестываля і яго гасцям з розных куткоў Гродзеншчыны, Міншчыны і Берасцейшчыны і пра свае новыя творчыя планы. Застаецца толькі сачыць за навінкамі, што неўзабаве пабачаць свет. Яшчэ адзін аўтар Выдавецкага дома «Звязда», прадстаўляючы свае кнігі, займеў шырокую чытацкую ўвагу, — размова пра Дзмітрыя Нікалаева. Сустрэча з ім на фестывалі сабрала нямала прыхільнікаў творчасці дзіцячага пісьменніка. Пра свае новыя кнігі, што выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда», расказаў чытачам і вядомы паэт і празаік, галоўны рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя», старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп. «Кастусь і Міёна», «Заўтра была адліга-3», «Васільковы мёд» — назвы толькі некаторых з іх. 

Сёлета вельмі шмат розных кніжных фестываляў альбо фестываляў, дзе прапаганда кнігі, чытання займала пачэснае месца, прайшло і ў Мінску, і ў іншых гарадах краіны. Карэлічы са сваім творчым, багатым на адкрыцці праектам займаюць пачэснае месца ў шэрага «кніжных адрасоў» Беларусі. Калектыў Карэліцкай раённай бібліятэкі на чале сваім кіраўніком Ліліяй Арцюх робіць дзеля гэтага неверагодна шмат. Карэлічына — унікальная старонка ў гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. З гэтым краем звязаны імёны Уладзіміра Калесніка, народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, народнага паэта Беларусі Максіма Танка... У гэтых слаўных мясцінах нарадзіліся празаік і літаратуразнаўца Уладзімір Навумовіч, паэт і акцёр Пятро Ламан, паэт і дзіцячы пісьменнік, мастак Мікола Бусько і іншыя яркія творчыя асобы. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.