Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы ўпэўнена працуем на знешніх рынках. Але расслабляцца нельга


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях экспарту беларускіх тавараў. Тэмай гэтай нарады ў шырокім сэнсе ён назваў продаж тавараў, вырабленых у Беларусі, на ўнутраным і знешніх рынках, праблемы (калі яны ёсць) плацяжы ў бюджэт. «У вузкім сэнсе паглядзім гэта на прыкладзе, па-першае, продажу калійных угнаенняў і спадарожных пытанняў: лагістыка, порты, аб чым мы неаднаразова казалі. І па-другое, нафтапрадукты. Тое ж самае — лагістыка, пастаўкі, плацяжы», — акрэсліў тэмы размовы Аляксандр Лукашэнка. 


Ён нагадаў, што ў ліпені на ўзроўні кіраўніка дзяржавы праходзіла такая ж сустрэча амаль у такім жа складзе. «Натуральна, сённяшняя нарада носіць кантрольны характар. На жаль, кантрольны характар на ўзроўні Прэзідэнта», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што тады ўдзельнікі нарады абмеркавалі стварэнне ўласных партовых магутнасцей для перавалкі беларускіх калійных угнаенняў і планы іх экспарту да канца года.

«Неабходныя рашэнні былі прыняты, і адпаведныя даручэнні дадзены. Натуральна, што, нягледзячы на ўсялякія вонкавыя выклікі, мы працуем на міжнародных рынках, дастаткова ўпэўнена працуем. Аб чым мне дакладваў кіраўнік „Беларуськалія“ Іван Іванавіч Галаваты. Натуральна, раслабляцца нельга, вельмі шмат перашкод, бар’ераў, якія нам прыходзіцца пераадольваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адзін з такіх бар’ераў — чыгунка. Гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, самае вузкае месца, якое выклікае праблемы пры экспарце тавараў. 

«Натуральна, мы сышлі з прыбалтыйскіх портаў, працуем у Санкт-Пецярбургу, глядзім на больш паўночныя порты Мурманска. А гэта мільёны, мільёны тон грузаў, якія мы павінны пастаўляць. Натуральна, працуем і на поўдні Расійскай Федэрацыі праз іх порты. Ніхто нам не перашкаджае ў партах. Але яшчэ раз падкрэсліваю, вузкае месца — чыгуначныя пастаўкі, асабліва ў напрамку Санкт-Пецярбурга», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Ён нагадаў, што ў нядаўняй размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалася магчымасць рэалізацыі двух новых буйных праектаў, адзін з якіх датычыцца чыгуначнай веткі з Беларусі ў Санкт-Пецярбург. «Я папрасіў віцэ-прэм’ера Сівака і прэм’ер-міністра, каб да маёй сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі, якая адбудзецца ў бліжэйшы час, былі падрыхтаваны, скажам так, прэзентацыйныя матэрыялы па ўсіх вузкіх месцах чыгункі ў напрамку Санкт-Пецярбурга», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што існуе варыянт рэалізацыі праекта ў буйным маштабе, пракладваючы другое адгалінаванне на некалькі сотняў кіламетраў. Але ёсць і яшчэ адзін варыянт: «А можна вярнуцца да таго, што было ў савецкі перыяд — аднавіць раз’езды. Аднавіўшы раз’езды, мы значна павялічым на бліжэйшыя гады пастаўкі нашай прадукцыі».

Беларускі лідар падкрэсліў, што яго расійскі калега гэту ідэю падтрымаў. Прэзідэнты дамовіліся падрабязна абмеркаваць гэтую тэму ў сярэдзіне кастрычніка падчас саміту СНД у Бішкеку. Таксама, па словах Аляксандра Лукашэнкі, на парадку дня сустрэчы будзе вынесена і выкарыстанне партовых магутнасцей.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, з якой эфектыўнасцю беларускія вытворцы працуюць на калійным рынку. Таксама, запытаў, якая сітуацыя складваецца ў галіне, асабліва па дэбіторскай запазычанасці, найперш, па пастаўках мінеральных угнаненняў і калійных угнаненняў у прыватнасці. Па словах Прэзідэнта, варта мець на ўвазе, што ў Беларусі вырабляюцца не толькі калійныя, але і азотныя і фосфарныя ўгнаенні — цэлы комплекс. Ён нагадаў пра тое, што калісьці была ідэя аб стварэнні адзінай магутнай кампаніі, якая гэтым будзе займацца. Але гэтая ідэя так і не была рэалізавана.

«Усё нам нешта перашкаджае. Можа, не толькі вам, але камусьці там яшчэ. Трэба рухацца, не стаяць на месцы, і перш за ўсё па арганізацыі продажаў, — сказаў Прэзідэнт. — Мы навучыліся вырабляць усё, прычым у вялізных колькасцях, якія не адпавядаюць велічыні нашай рэспублікі і эканоміцы нашай рэспублікі, вырабляем. Прадаваць не ўмеем». Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што гэта апошняя размова наконт продажу тавараў. 

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў ўвагу на продаж тавараў харчавання. Па яго словах, гэтыя пытанні неаднаразова абмяркоўваліся, нямала прынята рашэнняў па працы ў сельскай гаспадарцы, вызначаны ўсе напрамкі работ, пачынаючы ад рамонту дарог у вёсках і аграградках, будаўнітва малочнатаварных комплексаў па адкорме, аднаўлення статку, новых парод, раслінаводства. «Усе прынятыя рашэнні. Ідзі і працуй. Трэба арганізаваць ва ўрадзе гэту работу», — заявіў беларускі лідар. 

Пытанне дэбіторскай запазычанасці Аляксандр Лукашэнка назваў пытаннем пытанняў. «Ніякіх спасылак на тое, што дзесьці плацяжы не ідуць. У нас не адна тысяча ў Нацыянальным банку і спадарожных структурах працуе. Таму давайце з урадам займайцеся і пачынаце працаваць, калі можаце. На гэтую тэму больш размоў быць не можа», — сказаў ён. 

Вяртаючыся да партовай інфраструктуры, Прэзідэнт спытаў, што ўжо зроблена, што яшчэ трэба зрабіць. Ён звярнуў увагу, што і ў гэтым пытанні існуць розначытанні. Ёсць меркаванне, што дастаткова аднаго партоў у Бронцы, у Мурманску. Існуе і палярнае меркаванне наконт таго, што не трэба адмаўляцца ад яшчэ аднаго порта, трэба дамаўляцца наконт яшчэ аднаго порта каля Санкт-Пецярбурга. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што і на гэту тэму размаўляў з Уладзімірам Пуціным. «Ніякага непрыняцця. Даслоўна кажа: „калі ты хочаш грузіць і працаваць і мець нейкія ўласнасці ў партах пад Ленінградам, я падтрымаю“. Вось даслоўна, што было сказана. Хаця мы разумеем, што партовая гаспадарка — рэч вельмі сур’ёзная і інтарэсы там перасякаюцца каласальныя, але тым не менш, падтрымка з боку Расіі ёсць. Працуйце», — рэзюмаваў ён. 


У тэму

Дынаміка станоўчая, але экспартныя рызыкі нікуды не зніклі

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў у размове з журналістамі падкрэсліў, што калій і нафтапрадукты — традыцыйны экспартны патэцныял нашай краіны. «Сёння кіраўнік дзяржавы даў прамежкавую адзнаку экспарту гэтых стратэгічных прадуктаў. Ёсць станоўчая дынаміка, нядрэнная дынаміка. Але кіраўнік дзяржавы ясна і дакладна даў зразумець, што не толькі нельга спыняцца, але і што тыя рызыкі, якія ёсць, нікуды не зніклі. Менавіта таму трэба не ўтрымліваць пазіцый, якіх мы дасягнулі, а ў першую чаргу, развіваць і дыверсіфікаваць рынкі, не засяроджваючыся на чымсьці адным і не спадзявацца на тое, што гэта будзе існаваць вечна. Кіраўнік дзяржавы задаў вектары, па якіх важна вельмі аператыўна і самае галоўнае — якасна адпрацаваць, каб у будучым дынаміка толькі паляпшался», — сказаў ён. 

Таксама кіраўнік канцэрна падкрэсліў, што Беларусі, акрамя паставак на традыцыйныя рынкі, хацелася б пашыраць экспарт у краіны Афрыкі. «Акрамя маштабных хабаў, на якія мы сёння грузім, мы хочам усё больш і больш надаваць увагу не такім аб’ёмным рынкам. Можа быць, сёння яны і не такія аб’ёмныя, а заўтра гэта будзе дастаткова значны аб’ём экспарту. І ён будзе бяспечным, таму што разнастайнасць кірункаў вялікая», — удакладніў Андрэй Рыбакоў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.