Вы тут

Газіфікацыя і дарогі — пытанні нумар адзін у парадку дня Войскага сельвыканкама


Спецыфіка населеных пунктаў Войскага сельсавета абумоўлена яго мінулым. Калісьці на тэрыторыі функцыянавалі тры сельгаспрадпрыемствы, потым іх аб’ядналі ў адно. Такім чынам два населеныя пункты — Мілакаева і Свішчова — перасталі быць цэнтральнымі сядзібамі гаспадарак з усімі наступствамі. Мае значэнне і тое, што тут у перыяд развіцця гаспадарак будавалі шматкватэрныя дамы, якія ацяпляліся цэнтралізавана. З рэарганізацыяй гаспадарак, перападпарадкаваннем аб’ектаў многія камунальныя праблемы сталі галаўным болем мясцовай улады.


Фінансаванне — з абласнога бюджэту

Старшыня сельскага Савета Віктар Міхайлоўскі і энтузіяст добраўпарадкавання Пётр Мароз

— Самым складаным пытаннем шэраг гадоў з’ўляецца ацяпленне пэўнай колькасці шматкватэрных дамоў, — расказвае старшыня Войскага сельскага Савета Віктар Міхайлоўскі. — Раней, у савецкі час, цяпло ў дамы паступала з цэнтралізаваных кацельняў, якія працавалі на вадкім паліве. Калі іх работа спынілася, у дзвюх цэнтральных вёсках правялі газіфікацыю. У іншых людзі вымушаны былі прыстасоўвацца, хто як мог. Да гэтай пары можна сустрэць шматкватэрныя дамы з комінамі-дымаходамі на дахах. Не дзіва, што грамадзяне рэгулярна ўздымалі пытанне газіфікацыі на ўсіх узроўнях. З гэтага пачыналіся і гэтым канчаліся сельскія сходы, пра гэта гаварылі на сустрэчах з дэпутатамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Некалькі гадоў таму нарэшце газіфікацыя астатняга праблемнага населенага пункта Свішчова была ўключана ў планы, прадугледжана фінансаванне з абласнога бюджэту. І працэс, як той казаў, пайшоў. Варта сказаць, што нітка газаправода, пра якую ідзе гаворка, даволі працяглая — сем з паловай кіламетра. Кошт першай часткі праекта складае 480 тысяч 258 рублёў. На сёння ўжо пракладзена 3,8 кіламетра газаправода. Да газу падключанны тры васьмікватэрныя жылыя дамы. Зроблены ўвод да дзевяці індывідуальных домоў уздоўж газаправода.

Пачаўся другі этап. Зроблены праект, сфарміраваны кааператыў на газіфікацыю 36 індывідуальных жылых дамоў, дзе фінансаванне будзе праведзена з разліку: 70 працэнтаў за кошт бюджэту і 30 працэнтаў за кошт насельніцтва. Кошт гэтага праекта складае 204 тысячы 196 рублёў.

Вядома, падвядзенне прыроднага газу ў кватэры і домаўладанні азначае зусім іншую якасць жыцця людзей. Вёскі, пра якія ідзе гаворка, немалыя. Акрамя карэнных жыхароў, тут нямала выхадцаў з Украіны, Казахстана, Расіі, якія прыехалі падчас будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу ў 80-я гады. Такі інтэрнацыянальны склад заўсёды быў адметнасцю тутэйшых вёсак. Жыве ўжо другое пакаленне перасяленцаў. А ўсяго ў склад сельсавета ўваходзіць 21 населены пункт.

Віктар Міхайлоўскі на вуліцы Савецкай

І пешаходная, і аўтамабільная

У ліку самых актуальных праблем жыццядзейнасці таксама значыцца паляпшэнне дарог. Паводле слоў старшыні сельскага Савета, і ў гэтым кірунку робіцца шмат. Літаральна нядаўна закончаны работы па ўсталяванні пешаходнай дарожкі ў вёсцы Войская. Патрэба ў ёй наспела даўно. Вуліца Савецкая надзвычай ажыўленая, тут ранкам дзеці ходзяць у школу, дарослыя спяшаюцца на працу. Рух транспарту па вуліцы назіраецца даволі інтэнсіўны, і бяспечная дарожка для пешаходаў была проста неабходная. З работай паспяхова справіліся будаўнікі ДРБУ-137.

Будаўнікі завяршаюць пракладку дарожкі па вуліцы Савецкай у Войскай

Таксама спецыялістамі гэтай арганізацыі пракладзена звыш сямі кіламетраў асфальтавага пакрыцця на гравійцы паміж населенымі пунктамі. Добрай дарогай удалося злучыць вёскі Зінкі і Бабічы. Уздоўж населеных пунктаў працякае рака Лясная. Фактычна ўсе домаўладанні ў названых населеных пунктах запатрабаваныя. Абсалютная большасць выкарыстоўваюцца спадчыннікамі, новымі гаспадарамі, якія набылі дамы пад дачы. Адным словам, вёскі нельга аднесці да катэгорыі неперспектыўных. І цяпер гэтыя два населеныя пункты маюць цалкам асфальтаваны ўчастак дарогі, які далей вядзе да райцэнтра. А крыху раней асфальт быў пракладзены да вёскі Мікалаева, потым да Ліпна. Цяпер жыхары вёсак на сходах нярэдка выказваюць падзяку за клопат.

Энтузіясты прыгажосці

 

Калі асноўныя пытанні жыццядзейнасці вырашаюцца паспяхова, то і настрой у людзей паляпшаецца, і на новы ўзровень выходзяць клопаты па навядзенні прадку ды прыгажосці ў неселеных пунктах, лічыць кіраўнік мясцовай улады. У апошнія гады шмат зроблена па абнаўленні агароджы вакол прысядзібных участкаў. Раней, калі функцыянавалі паспяховыя сельгаспрадпрыемствы, агароджу ўздоўж вуліцы рабілі за кошт гаспадарак. Але з той пары прайшло шмат часу, плот настойліва запатрабаваў рамонту. Давялося доўга і скрупулёзна весці тлумачальную работу, каб пераканаць гаспадароў падворкаў, што гэта іх клопат. Пералом у свядомасці ўсё ж наступіў, і многія ўжо правялі рамонт, а то і замену агароджы, вуліцы сталі выглядаць дагледжанымі.

Каля дома па вуліцы Леніна

Шэраг гаспадароў наогул паказваюць прыклад ва ўтрыманні сваіх домаўладанняў. Кожны год праводзіцца конкурс на найлепшую сядзібу, і даводзіцца канстатаваць, што прыгожых, эксклюзіўных сядзіб становіцца больш. Вось і на вуліцы Маладзёжнай такіх шмат. А прыкладам можа быць трохпавярховы дваццаціаднакватэрны дом па вуліцы Леніна. Яго насельнікі вакол дома стварылі квітнеючы сад. Сярод жыхароў знайшліся сапраўдныя энтузіясты прыгажосці. Гэта Ніна і Пётр Мароз. Кветкі, дрэвы, кусты, пасаджаныя клапатлівымі рукамі мужа і жонкі, радуюць іх саміх, суседзяў, аднавяскоўцаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.