Вы тут

Як асвойваюцца ўчасткі пад жыллёвае будаўніцтва


Сярод шматкватэрнай забудовы значнае месца займае будаўніцтва індывідуальнага жылля. Кіраўніком краіны даручана, каб яго было не менш чым 40 працэнтаў ад узведзеных «квадратаў». Капцёўскі сельсавет Гродзенскага раёна — адзін з лідараў Гродзенскай вобласці па індывідуальных забудовах. Напрыклад, у вёсцы Каменка з 200 распрацаваных участкаў засталося 8 свабодных. І ў сельвыканкаме чарга на іх атрыманне складае 400 чалавек. Што пабуджае людзей будаваць уласны дом? Як дзяржава гэтаму спрыяе? Каб атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні, карэспандэнт «Звязды» праехала па новай Каменцы са старшынёй Капцёўскага сельвыканкама Таццянай Лоска.


Назад... у вёску. Новую

Катэджны пасёлак пачынаецца адразу за старой Каменкай, якая, тым не менш, таксама не выглядае занядбанай. Тут і там на месцы старых будынкаў узводзяцца сучасныя дамы. Ды і звычайныя вясковыя хаты выглядаюць даволі прывабна і дагледжана. Папулярнасць вёскі старшыня сельвыканкама тлумачыць яе скразным размяшчэннем і камунікацыйнымі выгодамі. Менавіта такім станам вызначаецца і новая Каменка. Праўда, дамы тут ужо іншага тыпу. Сапраўдныя сядзібы.

Па словах Таццяны Лоскі, населены пункт вырас літаральна за апошнія пяць гадоў. Праўда, пакуль вёска — адна татальная будоўля. Завершаных пабудоў амаль няма. На аб'ектах відаць будаўнікоў, а вось саміх гаспадароў знайсці не так проста. Тым не менш робім спробу завітаць на сядзібу, дзе адчуваецца прысутнасць дзяцей. І сапраўды. Маладая жанчына, якая назвалася Аляксандрай, жыве тут з мужам і двума дзецьмі. Да гэтага здымалі кватэру ў Гродне. Участак атрымалі па чарзе і ў вызначаны тэрмін узвялі аднапавярховы дом з бруса. Будаўніцтва яшчэ не завершана, але маладая сям'я вырашыла ўсё-такі пераехаць у свой дом. Усе неабходныя камунікацыі ёсць.

Дарэчы, драўляныя дамы тут рэдкасць, у асноўным будуюцца з сілікатных блокаў. Спыняемся каля аднаго з такіх. Па ўсім відаць, гаспадары абжыліся, завялі дваровага сабаку. Менавіта на яго браханне і выйшла маладая гаспадыня. Святлана расказала, што будавацца ў вёсцы — ідэя яе мужа, якога яна падтрымала. Плюсам стала наяўнасць участка, які дастаўся ад дзеда. Гадоў 12-13 таму зямельны надзел атрымалі ад гродзенскага завода. Ужо потым тэрыторыя перайшла да сельскага Савета.

— Калі мы пяць гадоў таму сюды пераехалі, на вуліцы было толькі некалькі дамоў, а сёння ўсё забудавана. У нас дом амаль гатовы, займаемся ўжо добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Будавалі з дапамогай бацькоў і вельмі задаволены, што жывём тут. Непадалёку б'е крыніца, ваду бяром толькі адтуль, — кажа гаспадыня.

Уласны дом для маладой сям'і стаў увасобленай марай. Аб тым, каб купляць у горадзе кватэру, і гаворкі не было. Такое рэзюме мы пачулі і ад Любы, якую засталі каля яе прыгожай сядзібы на вуліцы Маляўнічай. Як тут было не спыніцца?

Дом сапраўды прыцягвае ўвагу. Хоць сённяшнія рэаліі такія, што велічныя сядзібы далёка не рэдкасць. Асабліва ў мікрараёнах індывідуальнай забудовы. Дамы катэджнага тыпу ўражваюць раскошай. Між тым многія выбіраюць утульныя і зручныя пабудовы. Як і гэта, што на вуліцы Маляўнічай. Гаспадыня расказала, што будуецца дом чатыры гады ўласнымі сродкамі. На чарзе — другі паверх. Чаму зрабілі выбар на карысць уласнага дома?

— Думаю, скарыла прыгожае асяроддзе: побач лес, чыстае паветра, для дзяцей вельмі добрыя ўмовы, свой участак, тут бяспечна. Сёння многія выбіраюць будаўніцтва сваіх дамоў, нават мае бацькі прадалі ў горадзе кватэру і купілі незавершаны дом з участкам, які мы таксама ўсе разам будавалі. А потым вярнуліся сюды, — паведаміла Люба.

Пакуль у новай Каменцы адна нязручнасць — няма асфальту. Але старшыня сельсавета запэўніла жыхароў, што гэта праблема вырашыцца. На 2025 год тут будзе праводзіцца добраўпарадкаванне дарожнай сеткі за кошт сродкаў абласной інвестпраграмы.

Чалавек будуецца, вёска развіваецца

Разам са старшынёй сельсавета аб'язджаем тэрыторыю новай Каменкі.

— Цяпер нават складана ўявіць, што не так даўно тут быў лясок, рос хмызняк, кусты і дрэвы, ды тэрыторыя абжываецца, распрацавана 200 участкаў, амаль усе яны прыдбаны, засталося толькі восем, якія таксама ў хуткім часе знойдуць гаспадароў, — упэўнена Таццяна Генрыхаўна.

Каменка — самы малады раён. Яшчэ год-два — і вёска забудуецца. На наступны год плануецца прадаць з аўкцыёну чатыры ўчасткі. Яшчэ пяць будзе выстаўлена на продаж у суседняй вёсцы Каробчыцы. Там таксама даволі актыўна вядзецца будаўніцтва індывідуальнага жылля.

Месца прывабнае, прыгожы ландшафт, ёсць усе неабходныя камунікацыі. Немалаважны плюс — блізкасць абласнога цэнтра. Гэтыя акалічнасці значна павышаюць кошт участкаў. Але прэтэндэнтаў, як відаць, гэта не палохае. Напрыклад, стартавая цана ўчастка ў Каробчыцах — 25 тысяч рублёў, у Каменцы — 12 тысяч. Сёлета на трох аўкцыёнах сельсаветам было прададзена шэсць участкаў. Цана вагалася ад 15 да 40 тысяч рублёў у залежнасці ад месца і наяўнасці камунікацый.

— Попыт ёсць не толькі на ўчасткі, але і на дамы. У Каменцы, напрыклад, летась за амаль згарэлы дом уладальнік прасіў 25 тысяч рублёў, праўда, прадаў у тры разы танней. Цяпер на гэтым месцы новы гаспадар будуе дом з блокаў, — каментуе сітуацыю суразмоўца.

Адметна, што на чарзе ў сельскім Савеце ахвотных будавацца стаіць каля 400. Але генеральнага плана развіцця населенага пункта пакуль няма. Распрацаваць яго каштуе салідную суму. У будучыні ёсць планы адводу палявых зямель пад жыллёвае будаўніцтва. А пакуль ёсць магчымасць рэалізаваць участкі ў так званай старой забудове населеных пунктаў. Напрыклад, у самой Капцёўцы такіх участкаў набярэцца з дзясятак. Але для гэтага неабходна набыць дадатковы трансфарматар, каб знізіць нагрузку на энергасістэму. Пакуль сельскі Савет не можа несці такія затраты. На чарзе — пракладка тратуара на адной з цэнтральных вуліц. За 500 метраў добраўпарадкаванай вуліцы трэба выдаткаваць 100 тысяч рублёў. Сельскі Савет з'яўляецца бездатацыйным, гэта значыць, можа разлічваць толькі на свае фінансавыя сродкі. Усё, што зарабляецца падчас продажу з аўкцыёну, ідзе на добраўпарадкаванне тэрыторый, стварэнне малых архітэктурных формаў, выдаткоўваецца на спілоўванне аварыйных дрэў, пакос травы і іншыя патрэбы. Чым больш атрымлівае сельскі Савет сродкаў ад продажу участкаў, тым больш можа патраціць на сваё развіццё.

Каб будоўля не спынялася

Сярод новабудоўляў рэдка, але сустракаюцца запусцелыя ўчасткі. На адным з такіх ледзь відаць з-за хмызняку фундамент. Таццяна Лоска гаворыць, што зямельны надзел будзе адбірацца ў нядбайнага гаспадара. Усе неабходныя дакументы сабраны, хутка справа пойдзе ў суд. Калі будзе рашэнне на карысць сельскага Савета, у наступным годзе участак з незавершаным будаўніцтвам выставяць на аўкцыён.

— Хтосьці купляе мэтанакіравана, а хтосьці — абы купіць, потым атрымліваецца, што чалавек не можа асіліць свой праект, тады і складваецца такая сітуацыя, калі участак прыходзіцца забіраць, — кажа суразмоўца.

Увогуле, тэрміны будаўніцтва жылых дамоў на зямельных участках, якія аддадзены ў прыватную ўласнасць, рэгламентаваны Указам Прэзідэнта № 87, які выйшаў у 2006 годзе. Дакумент таксама прадугледжвае магчымасць працягвання тэрмінаў будаўніцтва ці кансервацыі незавершанага аб'екта. Згодна з указам, на працягу трох гадоў неабходна ўзвесці так званую каробку — фундамент, сцены і дах. Мясцовыя ўлады сочаць за сітуацыяй.

— Забудоўшчыкам дзяржава ідзе насустрач. Тэрміны будаўніцтва па заяве ўласніка могуць быць павялічаны яшчэ на два гады па ўважлівай прычыне, апошнім часам многія спасылаліся на каранавірус альбо складанае матэрыяльнае становішча, — тлумачыць старшыня сельвыканкама. — Таксама ёсць магчымасць ажыццявіць кансервацыю жылога дома на тэрмін да трох гадоў. Такім чынам, на будаўніцтва аб'екта адводзіцца восем гадоў. І калі за гэты тэрмін чалавек не здолее давесці справу да канца — завяршыць будоўлю альбо прадаць тое, што ёсць, — прымаюцца меры.

Так, за апошнія пяць гадоў было перададзена сельвыканкаму 16 незавершаных аб'ектаў і 6 участкаў, якія паспяхова прададзены. Яшчэ два рыхтуюцца да перадачы ў суд. У асноўным гэта тыя ўчасткі, якія выдаваліся 10—12 гадоў таму.

— У мяне сёлета была судовая справа па незавершаным участку, які быў атрыманы ў 2009 годзе. Расце бур'ян, яго ніхто не косіць. А ўласнік прынёс на суд дакумент, што заключыў з фірмай дагавор на закупку будматэрыялаў, і суд прыняў гэта да ўвагі. Як правіла, суд прымае бок забудоўшчыка, дае яму шанц, хоць у дадзеным выпадку справа так і не зрушылася з месца, — расказала Таццяна Ласко. — У іншых выпадках бывае, што чалавек імкнецца нешта рабіць, тады мы таксама гэта ўлічваем. Але калі зусім нічога не робіцца і ўсе тэрміны прайшлі, тады збіраем дакументы і звяртаемся ў суд.

Апошнім часам назіраецца попыт на незавершаныя аб'екты. У Капцёўскім сельскім Савеце такія аб'екты сёлета прададзены за 85 і 93 тысячы рублёў пры стартавай цане ў 33 тысячы. Такая тэндэнцыя характэрна ў асноўным для Гродна і Гродзенскага раёна. У большасці раёнаў Гродзенскай вобласці ўчасткі выдзяляюцца па жаданні заяўнікаў, у прыярытэце — шматдзетныя сем'і.


У тэму

Як паведамілі ў КДК Гродзенскай вобласці, толькі ў Гродне выяўлена 108 зямельных участкаў з незавершаным будаўніцтвам. У Ваўкавыскім раёне такіх амаль паўсотні, у Гродзенскім — 17. Тэрміны падачы заяў аб працягу будоўлі альбо кансервацыі аб'ектаў скончыліся, тэрыторыя зарастае хмызняком. Такія ўчасткі мясцовымі органамі ўлады забіраюцца з пакрыццём затрат уласніку, акрамя расходаў на правядзенне таргоў і ацэнкі незавершанага будаўніцтва жылога дома. У КДК нагадалі, што на дадзены момант завяршэннем будаўніцтва лічыцца ўзвядзенне фундамента, сцен і даху. Наяўнасць вонкавага і ўнутранага аздаблення, водаправод, электрыка, ацяпленне і іншыя акалічнасці не абавязковыя. Цяпер на заканадаўчым узроўні рыхтуюцца змяненні. Згодна з імі, завершаным будаўніцтвам будзе лічыцца жылы дом, уведзены ў эксплуатацыю, гэта значыць, поўнасцю прыдатны для пражывання. Такі падыход дазволіць вырашыць некаторыя спрэчныя моманты пры разглядзе тых ці іншых сітуацый.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.