Вы тут

Наталля Качанава і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін правялі сустрэчу са шматдзетным сем’ямі


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, правялі сустрэчу са шматдзетным сем’ямі з усёй краіны. Месцам адкрытага дыялогу ўлады і бацькоў стаў горад Полацк. Мерапрыемства прайшло з мэтай умацавання статусу сям’і і сямейных каштоўнасцяў у Рэспубліцы Беларусь.


Для галоўных герояў сустрэчы — бацькоў, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей і з’яўляюцца прыкладамі, на якіх трэба раўняцца, — зладзілі аглядавую экскурсію па горадзе — калысцы нашай дзяржаўнасці і Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыры. Круглы стол, у якім узялі ўдзел 14 сем’яў з шасці абласцей і горада Мінска, адбыўся ў Музеі кнігадрукавання.

У пачатку адкрытага дыялогу Наталля Іванаўна адзначыла, што 11 кастрычніка ўсе члены Савета Рэспублікі правялі прамыя тэлефонныя лініі, большасць зваротаў грамадзян датычыліся традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку была ўнесена прапанова прапісаць у Канстытуцыі, што шлюб магчымы толькі паміж мужчынам і жанчынай. А адзін чалавек, які звярнуўся на прамую лінію да старшыні верхняй палаты парламента, унёс прапанову на дзяржаўным узроўні ўшаноўваць сямейныя пары, якія пражылі разам 50 і больш гадоў, бо сёння такая з’ява ў нашай краіне, на жаль, рэдкасць.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, расказаў, што фарміраванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і ўсведамленне сям’і як фундаментальнай асновы грамадства ў дзяцей закладваюцца яшчэ ў школе. З гэтай мэтай прадстаўнікі царквы праводзяць з вучнямі духоўную работу у межах факультатыўных заняткаў, Школы актыўнага грамадзяніна. Аднак пэўную работу трэба праводзіць і па палавым выхаванні, у аснове якога павінны стаяць каханне, павага і вернасць.

«Што важна цяпер для бацькоў? Каб іх дзеці былі сумленнымі і годнымі людзьмі, цанілі і паважалі сваіх бацькоў. Сёння назіраецца тэндэнцыя хамства маладога пакалення ў адносінах да дарослых людзей, і гэта сапраўды бяда, калі сціраюцца межы разумення. Накіраваць дзяцей на правільны шлях — наша агульная задача, у тым ліку і педагогаў, якія павінны не толькі вучыць, але і выхоўваць», — падкрэсліла Наталля Качанава.

На сустрэчы сем’і дзяліліся сваімі гісторыямі, цікаваліся пра выкарыстанне сямейнага капіталу, прапаноўвалі метады прыцягнення моладзі да духоўнага стаўлення і актыўнай грамадскай дзейнасці. А сям’я Нікіціных з Гомельскай вобласці ўнесла прапанову адзначаць на дзяржаўным узроўні ордэнамі не толькі матуль, але і шматдзетных тат, якія робяць не менш важкі ўнёсак у фарміраванне сям’і, а некаторыя ўвогуле выхоўваюць дзяцей адны. Такіх сем’яў, дарэчы, у нашай краіне 53 тысячы.

Напрыканцы сустрэчы сем’ям былі ўручаны падзякі і кветкі. Заўтра святочныя мерапрыемствы напярэдадні Тыдня бацькоўскай любові ў Полацку працягнуцца. «Размова аб галоўным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» з удзелам старшыні Савета Рэспублікі, сем’яў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый збярэ ў старажытным горадзе каля 250 чалавек.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.