Вы тут

Пачала працаваць экспазіцыя з паштовым адзяленнем


Новы выставачны праект 1000 рарытэтаў Беларусі «Я Вам пішу...» з 18 кастрычніка пачынае сваю працу ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.


Экспазіцыя сабрала ў сабе ўнікальные прадметы і пісьмовыя прылады розных эпох з розных рэгіёнаў Беларусі, паштоўкі з асабістай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, а яшчэ сапраўднае паштовае адзяленне і дзіцячую зону.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой падкрэсліў, што над гэтым выставачным праектам супрацоўнікі музея працавалі каля паўгода:

— Вядома, гістарычны музей — самы багаты музей па колькасці экспанатаў у Беларусі, але калі пачынаеш рыхтаваць тэматычную выставу, то разумееш: намаганняў аднаго музея тут недастаткова. Таму я вельмі ўдзячны Міністэрству сувязі і інфарматызацыі за тое, што яны падзяліліся сваімі напрацоўкамі. Мы з Белпоштай змаглі дамовіцца такім чынам, што гэты выставачны праект стаў не проста музейнай экспазіцыяй, якая расказвае гісторыю пошты, але і дзеючым паштовым аддзяленнем. Тут можна купіць паштоўку, старадаўнім спосабам прыляпіць паштовую марку і пакласці канверт у паштовую скрыню з упэўненасцю, што ён дойдзе да адрасата. Для нас такі інтэрактыў вельмі важны, бо мы імкнемся зрабіць музей цікавым і папулярным. Зараз ідзе Тыдзень бацькоўскай любові, і ўсе паштоўкі ў нашым музеі звязаны з гэтай тэматыкай.

Таксама ён дадаў, што гэта выстава закранае ўсе перыяды існавання беларускай дзяржаўнасці, ад часоў Берасцяных грамат да сучаснасці:

— Думаю, мы змаглі паказаць усю гісторыю папяровай перапіскі і нашай цывілізацыі. Прычым прадставіць наведвальнікам выставы не толькі сам ліст, але і тое, чым пісалі людзі, каб кожны змог ацаніць, наколькі шанаваліся пісьмовыя прыналежнасці і прыборы ў мінулых стагоддзях, і наколькі абывацельскімі сталі цяпер.

За дзень да таго, як выстава адкрылася для шырокай публікі, адбылося яе афіцыйнае адкрыццё. Яно суправаджалася цырымоніяй урачыстага гашэння мастацкага канверта і спецыяльнага памятнага штэмпеля. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр інфарматызацыі і сувязі Канстанцін Шульган, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмой і вядомы калекцыянер і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў.

Выставу можна наведаць да 31 студзеня 2024 года.

 

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.