Вы тут

Кінастужку «Дзень шчасця» пакажуць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3»


У нядзелю, 29 кастрычніка, у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» пакажуць кінастужку «Дзень шчасця» рэжысёра Іосіфа Хэйфіца. Фільм убачыў свет у 1963 годзе, але не толькі юбілей дае нагоду згадаць яго і перагледзець любімыя эпізоды.


Кінагісторыя гэтая, пастаўленая на «Ленфільме» па аповесці Юрыя Германа, — добры прыклад таго, як баланс паміж асабістым жыццём і прафесійнай рэалізаванасцю дае чалавеку апору, што б не адбывалася навокал. Дарэчы, гэта была трэцяя работа, якая ўзнікла ў выніку супрацоўніцтва драматурга і рэжысёра. Раней выйшлі кінастужкі «Справа Румянцава» і «Дарагі мой чалавек». З першых хвілін атмасфера чорна-белага кіно, яго музычнае аздабленне і ігра акцёраў пераносяць гледача ў рэаліі нашых герояў. Па сюжэце ў нас ёсць доктар хуткай дапамогі Аляксандр Бярозкін (у выкананні Аляксея Баталава), які жыве з мамай і пляменнікамі ў камуналцы. Неяк у аўтобусе ён сустракае дзяўчыну Аляксандру (Тамара Сёміна), да якой адчувае каханне з першага погляду. Вядома, спрацоўвае мужчынскі інтарэс, і, прыкінуўшыся камандзіровачным, наш герой просіць правесці для яго экскурсію па горадзе. І, здавалася б, звычайны эпізод, выпадковая прыгода ў паўсядзённасці кожнага з іх, але менавіта гэта дае потым прастору і яму, і ёй задумацца пра змены ў сваім жыцці. Незнаёмка аказваецца хатняй гаспадыняй, якая мае мужа і пакутуе ад абставін свайго жыцця: адзінота, нерэалізаванасць, бо яна па адукацыі настаўніца, якая некалі гарэла працай.

Акцёраў на галоўныя мужчынскія ролі рэжысёр зацвердзіў хутка — напрыклад, Аляксей Баталаў быў яго любімым вучнем, якога ён здымаў у сваіх фільмах, а вось выканаўцу ролі Аляксандры Мікалаеўны шукаў пэўны час. І, прыгледзеўшыся да артысткі Сёмінай (тады ўжо знакамітай па драме «Нядзеля»), зацвердзіў яе.

Аднак вернемся да сюжэта, дзе пазней знаёмімся мы і з мужам Аляксандры, геафізікам Фёдарам Арловым (Валянцін Зубкоў). Вясёлы, кампанейскі, эгаіст. Перад ад'ездам у чарговую камандзіроўку ён вырашае зладзіць для сябе і жонкі дзень асабістага шчасця. Тое прывяло ў выніку да трагічнай гібелі яго калег і беспрацоўя нашага героя. Можа, таму і не радуецца ён навіне, што жонка хацела б вярнуцца на працу. Толькі што ж насамрэч ім кіруе: уласная нерэалізаванасць, рэўнасць, зайздрасць, няўпэўненасць?..

Фільм здымалі ў паўночнай сталіцы Расіі і, па ўспамінах акцёраў, надвор'е было тады ў Ленінградзе вельмі спякотным, таму градус спёкі навакольнага асяроддзя і пачуццяў у кадры «збівалі» палівальныя машыны. А сам рэжысёр падчас здымак адзначаў: «Менш за ўсё мы хацелі б «разыгрываць» бытавую гісторыю, з любоўным трохвугольнікам. Каханне нашых герояў — Бярозкіна і Шуры — стваральная сіла, якая раскрывае найлепшыя бакі натуры чалавека, узвышае яго...»

Эпізод у бальніцы, куды наш урач сам аднойчы трапляе як пацыент, паказвае, што тая першая сустрэча пакінула след у душах герояў. Пасля тое знаходзіць пацвярджэнне ўжо ў сцэнах, калі Аляксандр Мікалаевіч прыязджае на пахаванне бацькі жанчыны. Пасля гэтага Аляксандра ў роднай вёсцы зноў пачынае працаваць у школе, праўда, пазней з-за капрызаў мужа зноў едзе ў горад. Дазнаецца, што яе Фёдар проста займаецца халтурамі, а не вучоны, дзеля якога яна ўсё жыццё ахвяруе сваімі марамі. І падчас размовы сужэнцаў пасля «няўдалага» вяселля сяброўкі адбываецца незваротнае — усё рассыпаецца ў момант, а аплявуха ад мужа нібы абуджае ў жанчыне рашучасць зрабіць крок у нязведанае. Там і ўсведамляецца ўся трагедыя, што яны нібы адлюстроўваюць тое, наколькі непадобныя, бо Аляксандра стаіць перад шанцам пачаць усё яшчэ раз, а Фёдар у гэты момант, страціўшы любімую справу, застаецца яшчэ і без каханай.

Але ці згодная гераіня пабудаваць новае жыццё, перасяліцца да каханага ў камуналку і пачаць браць адказнасць за свае рашэнні. Ці, можа, уся гэтая гісторыя для замужняй жанчыны — проста выхад з зоны камфорту, як сёння кажуць, дзе ёсць свежасць пачуццяў, непрадказальнасць заўтрашняга дня? А вось муж яе сябе паказвае ў фінальных сцэнах вельмі высакародна. І ў канцы думаеш ужо, што памылкі бываюць непазбежнымі, як і выпадковыя сустрэчы, але толькі ад нас залежыць, якія мы зробім высновы.


Цытаты з кінафільма:

— Да цябе пацыент.

— Што з ім?

— Дастань з вуха дзве капейкі.

— А! Толькі здабыча напалам. Добра?

* * *

— А вось у народзе кажуць: разлука каханне беражэ.

— Гэта тыя гавораць, хто ніколі не разлучаецца.

* * *

— Давай зладзім дзень шчасця... Бывае ж, напрыклад, дзень птушкі. Чаму не можа быць дня асабістага шчасця?! Чым я горшы за жураўля?

* * *

— Ёсць у нас тут адзін спецыяліст па імпарце... Аформіце замову, аплаціце, дасце ў лапу.

— У якую лапу?.. А ён не пакрыўдзіцца?

— Пакрыўдзіцца. Калі мала дасце.

* * *

— Чаму вы ніколі не скажаце «кахаю»?..

— Гэтае слова вельмі часта прамаўляюць. Да яго звыклі, як да старога халата. З ім трэба абыходзіцца акуратна.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.