Вы тут

На сацыякультурным тэлеканале пакажуць фільм Уладзіміра Бартко «Бландзінка за вуглом»


У суботу на сацыякультурным тэлеканале пакажуць фільм Уладзіміра Бартко «Бландзінка за вуглом», якому сёлета спаўняецца 40 гадоў з выхаду ў свет. 


У 1984 годзе кінастужку паглядзелі больш за 24 мільёны чалавек. Але давайце разбірацца, чым можа яе сюжэт зацікавіць сучасную аўдыторыю.

«Фантастычная гісторыя з пралогам, эпілогам і музычным каментаром Андрэя Міронава» — так напачатку фільма заяўляюць пра яго стваральнікі. Трагікамедыя, якая з’явілася на кінастудыі «Ленфільм», аб’яднала на экране Андрэя Міронава, Таццяну Догілеву, Марка Прудкіна, Яўгенію Ханаеву, Алену Салавей і іншых выдатных акцёраў. А кінагісторыя пра ўзаемаадносіны людзей, здавалася б, з розных вымярэнняў была і застаецца для многіх пакаленняў кінааматараў прыцягальнай.

Мікалай (Андрэй Міронаў) — стомлены астрафізік — нечакана закахаўся на новым месцы работы ў прадаўшчыцу мясцовай крамы Надзею (Таццяна Догілева). І тое быццам і ўзаемна, але на чым базіруюцца пачуцці гэтых двух людзей? На жаданні сапраўднага кахання ці на імкненні добра ўладкавацца ў жыцці? І што атрымліваецца, калі рамантык і прагматык становяцца часткамі аднаго саюза? Адказы на гэтыя і шэраг іншых пытанняў гледачы змогуць знайсці падчас прагляду. А мы крыху зазірнем у гісторыю стварэння фільма.

Рэжысёр выбраў для здымак кінастужкі Ленінград і Маскву. Асноўныя інтэр’ерныя здымкі адбываліся ў адным з рэальных універсамаў. Але паколькі ўсё адбываецца ў часы дэфіцыту, то для большай пераканальнасці, напрыклад, сцэны ў каўбасным аддзеле здымалі на мясакамбінаце. Можа, сучасны глядач палічыць тое дзіўным, але кінастужку «Бландзінка за вуглом» перад яе з’яўленнем на экранах ледзь не забаранілі. Таму што першапачаткова карціна задумвалася не як камедыя, а як вострасацыяльная меладрама, дзе стваральнікі пакажуць некаторыя заганы грамадства кшталту кумаўства, блату і г. д. Напрыклад, той жа Андрэй Міронаў, які быў адным з самых папулярных акцёраў таго часу, пагадзіўся здымацца менавіта з разлікам атрымаць драматычную ролю. Аўтар сцэнарыю і рэжысёр задумвалі паказаць сутыкненне двух супрацьлеглых светапоглядаў. Але яшчэ на стадыі зацверджання сцэнарыю будучы фільм абвінавацілі ў паклёпе на савецкую рэчаіснасць. 

І толькі выдаленне з карціны некаторых значных эпізодаў дапамаглі ёй усё ж прабіцца на экран. Праўда, каб запоўніць выдаленае і аднавіць патрэбны хранаметраж, вырашылі дадаць у фільм некалькі песень пад музыку Ісаака Шварца ў выкананні галоўнага героя. Гэтыя лірычныя адступленні дадаюць асаблівай танальнасці ўсёй кінагісторыі.

Дарэчы, выконваць галоўную жаночую ролю Уладзімір Бартко спачатку планаваў даверыць Аляксандры Якаўлевай. Але, адгледзеўшы ўсіх прэтэндэнтак, усё ж выбраў Таццяну Догілеву. І актрысе гэта прынесла не толькі папулярнасць, але і шанс пазнаёміцца на здымках з будучым мужам — пісьменнікам Міхаілам Машыным.

Фінал фільма таксама атрымаў змены. Першапачаткова стваральнікі задумвалі, што галоўны герой проста ўцякае са свайго вяселля. Але пасля прапісалі яму камандзіроўку на поўнач, куды за ім едзе і яго каханая. Цікава назіраць гледачу і за іншымі героямі кінастужкі. Тая ж Рэгіна (Алена Салавей) у адрозненне ад Надзеі проста вобраз «бездапаможнай» жанчыны, якую патрэбна аберагаць. Кажуць, такім часам шанцуе сустрэць добрага мужа з залатымі рукамі. У фільме Генадзь (Анатоль Слаўнікаў) якраз такі мужчына, з якім наша гераіня не прападзе. Бо ён усё адрамантуе, куды трэба адвязе — словам, вырашыць любую праблему сваёй жанчыны. І ў такім прыцягненні супрацьлегласцяў, можа, і крыецца сакрэт шчаслівых адносін. Дзе двое дапаўняюць адно аднаго, штурхаюць да важных ці жаданых крокаў і змен.

Цытаты з фільма:

— Няма праблем!

* * *

— Яму мая душа не патрэбна, яму цыбуля патрэбна.

— А вы мне не грубіяньце! Мяне чарга паслала.

— Малады чалавек, вас чарга паслаць не можа, бо няма ў нас такой арганізацыі — «чарга».

* * *

— У нас як заўсёды трагедыя! Рэгіна ўпусціла мыла ў суп, таму есці няма чаго!

* * *
— Вось так і жыву... у пастаянным канфлікце душы і цела…

* * *

— Мы так і будзем ці ў ЗАГС сходзім?

— Ну вы лепш ведаеце як лепш.

— Лепш на «ты»... І лепш у ЗАГС. У мяне тады будзе маскоўская прапіска, куплю сабе «Вятку».

— Што?!

— Пральная машына-аўтамат, прадаецца толькі жыхарам Масквы.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.