Вы тут

У суботу 23 сакавіка на тэлеканале «НТБ-Беларусь» пакажуць мастацкі фільм «Ваўкі»


У суботу 23 сакавіка на тэлеканале «НТБ-Беларусь» пакажуць мастацкі фільм «Ваўкі», зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» пятнаццаць гадоў таму рэжысёрам Аляксандрам Колбышавым.


Фота pexels.com

Кінастужка мае не толькі выдатны акцёрскі склад — Андрэй Панін, Дзмітрый Ульянаў, Мікалай Спірыдонаў, Уладзімір Гасцюхін, Тамара Міронава, Аксана Лясная, Зінаіда Зубкова і іншыя артысты, — але і ўзнімае вельмі важную тэму чалавечага выбару ў залежнасці ад жыццёвых абставін. Драма «Ваўкі» пераносіць гледача ў пасляваенны час, у 1946 год. Перад намі гісторыя зняволенага Кірыла Палятаева, які ўцякае з-пад канвою і дабіраецца па зімнім лесе да роднай вёскі. Толькі там не ўсе і неаднолькава радуюцца вяртанню аднавяскоўца... Але ці тое стане найбольшай небяспекай у яго жыцці?

Фільм зняты па творы Аляксандра Чакменева, які выступіў і суаўтарам сцэнарыя. Як пасля дзяліўся Аляксандр Колбышаў на адным з прэм’ерных паказаў, два творцы проста аднойчы сустрэліся і завялі размову пра справы. І тады пісьменнік прапанаваў рэжысёру пазнаёміцца з яго аповесцю, якая была напісана ў 1963 годзе. «...Каб не сумаваць у метро, адкрыў яе. Заўтра трэба ж нешта адказаць аўтару, і будзе няёмка, калі не адкажу нічога. З першых радкоў мяне проста з галавой захапіла... Дарэчы, аповесць «Ваўкі» Аляксандр Чакменеў пісаў з рэальных падзей. Акрамя таго, герой кнігі, а цяпер і фільма, Шурка і ёсць прататып самога пісьменніка», — расказваў Аляксандр Колбышаў. Падчас работы над фільмам яму, вучню Віктара Турава і Аляксандра Яфрэмава, было вельмі важна стварыць карціну, якая дасць пасля гледачу глебу для роздумаў, дазволіць не проста назіраць за героямі на экране, а прымусіць задаваць сабе важныя жыццёвыя пытанні. Бо абставіны — гэта толькі ўмоўныя «дэкарацыі», дзе праяўляецца галоўнае: людская спагада, выбар паміж жыццём і смерцю, барацьба дабра са злом, смеласць уратаваць бліжняга нават цаной уласнага існавання. Кінастужку здымалі ў вёсках Віцебскай вобласці, а патрэбны паравоз пасляваеннага ўзору прыгналі аж з Брэста...

Кінастужка пасля свайго з’яўлення на свет не толькі займела поспех у гледачоў, але і была заўважана калегамі-кінематаграфістамі.

Напрыклад, «Ваўкі» быў узнагароджаны дыпломам і прызам Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі «За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве» на фестывалі «Залаты Віцязь». Адзначалі яго Гран-пры і на кінафестывалі ў Брэсце. Добрая нагода паглядзець яго і нам, каб больш ведаць пра беларускае кіно.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.