Па традыцыі чарговы дзень нараджэння народнага песняра Беларусі Якуба Коласа будзе адзначаны шэрагам урачыстых мерапрыемстваў і ў лістападзе 2023 года.
3 лістапада а дзясятай гадзіне раніцы пройдзе ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу ў сталіцы на плошчы, якая носіць імя класіка айчыннай літаратуры. Праз гадзіну ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачнецца XXXVII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Каласавіны-2023», прысвечаная 100-годдзю напісання паэмы «Новая зямля». У гэты ж дзень у музеі адкрыецца часовая экспазіцыя, прысвечаная легендарнай паэме. А 16-й гадзіне гасцям Коласавага дома будзе адрасавана літаратурна-музычная праграма народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
— Спяшаюся пераканаць усіх аматараў творчасці народнага песняра, — зазначае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс, — што будзе цікава і на канферэнцыі, і пры знаёмстве з новай экспазіцыяй. Акрамя ўсяго астатняга да свята мы падрыхтавалі і новыя кніжныя праекты. Пазнаёміцца з імі можна будзе не толькі ў святочныя дні. Колас па-ранейшаму застаецца сучасным і блізкім да нас, да нашага сённяшняга жыцця.
А 4 лістапада ўрачыстасці прадоўжацца на Стаўбцоўшчыне. Госці святкавання ўскладуць кветкі да помніка Якубу Коласу ў саміх Стоўбцах. Пасля будуць арганіазаваны экскурсіі ў мемарыяльныя сядзібы «Мікалаеўшчына», «Акінчыцы», «Альбуць», «Смольня».
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв’ю: БелТА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.