Вы тут

Дэпутаты разгледзелі пакет бюджэтна-падатковых дакументаў на будучы год


Традыцыйна захоўваецца сацыяльная накіраванасць бюджэтных расходаў. Будзе працягвацца дзяржаўная падтрымка людзей пажылога ўзросту, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, — аб гэтым сведчыць павелічэнне пенсій і шматлікіх відаў дапамог. Не застануцца без увагі і тыя, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў. 


Пенсіі ў сярэднім павялічацца на 15%

Адразу ў двух чытаннях адобраны праект Закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2024 год». Законапраектам вызначаюцца крыніцы фарміравання даходаў бюджэту фонду, іх аб’ём, а таксама кірункі выкарыстання сродкаў, устанаўліваецца парадак выканання бюджэту фонду. 

Даходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 28 225,8 млн. рублёў. Асноўную долю ў структуры ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне складаюць абавязковыя страхавыя ўзносы працадаўцаў і працуючых грамадзян — 25 559,6 млн. рублёў. Узносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне разлічаны ў суме 253 млн. рублёў. Непадатковыя даходы бюджэту фонду складаюць 500,6 млн. рублёў. Субвенцыі з рэспубліканскага бюджэта прадугледжаны ў памеры 1 742,3 млн. рублёў.

Расходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 27 768,7 млн. рублёў. Пры гэтым асноўную суму расходаў — 22 037,1 млн. рублёў — прадугледжана накіраваць на фінансаванне пенсійнага забеспячэння. Агульная сума расходаў бюджэту фонду, якія накіроўваюцца на фінансаванне дапамог, складзе 5 534,4 млн. рублёў. Акрамя таго, запланавана фінансаванне па іншых артыкулах расходаў у адпаведнасці з мэтавым прызначэннем сродкаў фонду. 

— У 2024 годзе ў сярэднім пенсіі па ўзросце павялічацца на 15%, — паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. — На фінансаванне ўсіх відаў дапамог чакаецца накіраваць каля 19% ад усіх расходаў. На выплату дапамог сем’ям у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей запланавана накіраваць 3 млрд. рублёў. Па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў — 1,8 млрд. рублёў. Таксама выплачваюцца дадатковыя дапамогі сем’ям, дзе выхоўваецца дзіця ва ўзросце да трох гадоў, на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў. Такія расходы ў 2024 годзе складуць 275 млн. рублёў. Больш як 160 млн. рублёў плануецца накіраваць на дапамогі па доглядзе за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама 172 млн. рублёў — на дзяцей, старэйшых за тры гады, у сем’ях, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід. 

У цэлым, бюджэт фонду на 2024 год сфарміраваны з прывышэннем даходаў над расходамі за кошт сродкаў прафесійнага пенсійнага страхавання ў суме 457,1 млн. рублёў.

У прыярытэце — адукацыя і ахова здароўя

Яшчэ адзін важны фінансавы дакумент на будучы год разгледзелі парламентарыі. У першым чытанні прыняты законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год». 

Праект рэспубліканскага бюджэту і разліковыя паказчыкі па бюджэтах абласцей і сталіцы на 2024 год распрацаваны на аснове палажэнняў праграмных дакументаў па сацыльна-эканамічным развіцці краіны з улікам эканамічнай сітуацыі, якая складваецца. Ключавымі задачамі Беларусі ў будучым годзе будуць захаванне ўстойлівасці бюджэтнай сістэмы, безумоўнае выкананне ўсіх пазыковых абавязацельстваў, выкарыстанне сродкаў бюджэту ў адпаведнасці з прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця і павышэнне на гэтай аснове дабрабыту беларускага народа. 

Такім чынам, даходы рэспубліканскага бюджэту на 2024 год прадугледжваюцца ў суме 39 906,4 млн. рублёў. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту з’яўляюцца падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы рэспубліканскага бюджэту на будучы год сфарміраваны ў суме 44 657,4 млн. рублёў. 

Захаваецца сацыяльная накіраванасць бюджэтных расходаў. У прыярытэце — фінансаванне сфер адукацыі і аховы здароўя, а таксама рэалізацыя мер, якія накіраваны на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, падтрымку шматдзетных сем’яў. Прадугледжана фарміраванне сямейнага капіталу ў суме 382,5 млн. рублёў. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Фарміраванне праекта рэспубліканскага бюджэту на будучы год выканана з дэфіцытам у памеры 4 751,1 млн. рублёў. 

Для ўладальнікаў люксавых аўто — павышаны падатак

Змяненні закрануць і Падатковы кодэкс. Законапраект «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь» прадугледжвае сістэмныя меры па ўдасканаленні падатковага заканадаўства і дасягненні аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, не дапускаючы зніжэння аб’ёма бюджэтных даходаў. 

У прыватнасці, адбудзецца індэксацыя ставак падаткаў з улікам інфляцыйных працэсаў. Чакаецца трансфармацыя або адмена асобных малаэфектыўных падатковых ільгот. Адмяняецца ўплата падатку на дабаўленую вартасць для індывідуальных прадпрымальнікаў па абаротах па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг). Павялічваецца стаўка падатку на прыбытак для высокарэнтабельных арганізацый і прадпыемстваў усіх форм уласнасці — з 20% да 25% пры атрыманні прыбытку звыш 25 млн. рублёў у год. Устанаўліваецца стаўка падаходнага падатка ў памеры 25% у адносінах часці даходаў, якія атрымліваюцца фізічнымі асобамі звыш 200 тыс. рублёў за каляндарны год. 

Як адзначыла член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Святлана БАРТАШ, прадугледжана льгота для выпускнікоў вышэйшых, сярэдніх і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў па падатковым выліку ў памеры 620 рублёў па падаходным падатку на сем гадоў. «Гэта падтрымка нашых маладых спецыялістаў, якія пойдуць працаваць у рэальны сектар эканомікі», — патлумачыла сутнасць новаўвядзення дэпутат. 

Яшчэ адна навацыя — у дзесяць разоў павялічваецца стаўка транспартнага падатку для ўладальнікаў транспартных сродкаў павышанай камфортнасці, з году выпуску якіх прайшло не больш як тры гады. Уводзіцца паняцце «адзіны маёмасны плацёж», які ўяўляе сабой агульную суму падатку на нерухомасць, зямельнага і транспартнага падаткаў. Плануецца, што ён будзе ўплачвацца фізічнай асобай на адзін рахунак рэспубліканскага бюджэту. Акрамя таго, устанаўліваецца забарона на ажыццяўленне дзейнасці ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка, калі яго даход на працягу года перавысіць 500 тыс. рублёў. У такім выпадку з наступнага каляндарнага года грамадзянін мае права працягнуць ажыццяўленне дзейнасці толькі ў статусе камерцыйнай арганізацыі. 

«Усе гэтыя кірункі прыцягнуць у бюджэт у межах 750 млн. рублёў, што дазволіла сфарміраваць рэспубліканскі бюджэт, мясцовыя бюджэты і забяспечыць стабільную работу эканомікі ў 2024 годзе», — рэзюмавала Святлана Барташ. 

З клопатам аб тых, хто ў ім мае патрэбу

З мэтай забеспячэння даступнасці і якасці сацыяльных паслуг, стварэння ўмоў для максімальна працяглага пражывання непрацаздольных грамадзян у звыклым для іх асяроддзі ўнесены змяненні ў законы па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат. 

У прыватнасці, выключаюцца нормы, накіраваныя на змяненне падыходаў да выплаты дапамогі па доглядзе за інвалідамі першай групы або састарэлымі (звыш 80 гадоў). Дапрацаваны палажэнні, якія датычацца арганізацыі выплаты пенсій і дапамог грамадзянам пераважна праз банкі. Права атрымліваць па жаданні пенсію праз банк або пошту захоўваецца для асоб ва ўзросце звыш 70 гадоў, інвалідаў I і II групы, а таксама для пенсіянераў, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Выплату дапамог на дзяцей прапаноўваецца ажыццяўляць праз банкі ўсім атрымальнікам, за выключэннем асоб з I і II групамі інваліднасці, тых, каму дапамогі прызначаны ў сувязі з выхаваннем дзіцяці-інваліда, а таксама сельскіх жыхароў.

Уключаюцца нормы, якія ўстанаўліваюць, што дзейнасць камерцыйных арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі ў форме стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання, будзе ажыццяўляцца на аснове ліцэнзіі. Прадугледжана перадача функцый па дастаўцы пенсій і іншых сацыяльных выплат ад унітарных прадпрыемстваў па дастаўцы пенсій і дапамог нацыянальнаму аператару паштовай сувязі РУП «Белпошта».

Патрабаванні да ўзнагароджаных ордэнам Маці і новае званне

У першым чытанні парламентарыі прагаласавалі за законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь». Законапраектам рэалізуюцца прадугледжаныя паўнамоцтвы Усебеларскага народнага сходу ў частцы ўзнагароджання Прэзідэнта Беларусі дзяржаўнымі ўзнагародамі, а таксама ўнясення прапаноў для ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі іншых асоб.

Удасканальваецца парадак узнагароджання ордэнам Маці. Актуалізуюцца патрабаванні да кандыдатур, якіх прадстаўляюць да гэтай высокай узнагароды. «Улічваючы асноўную ідэалагічную задачу ордэна Маці (гэта павышэнне прэстыжу мацярынства і шматдзетнасці, умацаванне духоўна-маральных сямейных каштоўнасцяў), прапаноўваецца прадастаўляць да ўзнагароджання ордэнам Маці жанчын, якія валодаюць высокімі маральнымі якасцямі і адказнасцю ў выхаванні і ўтрымліванні дзяцей, клопаце аб іх здароўі, развіцці, навучанні, падрыхтоўцы да грамадска-карыснай працы, прывіцці ім культуры павагі да законаў і гістарычных, нацыянальны традыцый беларусаў», — адзначыў намеснік міністра юстыцыі Алег Кот. 

Жанчыны-кандыдаты на ордэн Маці павінны мець грамадзянства Рэспублікі Беларусь, выхоўваць пяць і больш дзяцей, якія таксама з’яўляюцца грамадзянамі нашай краіны. 

З мэтай павышэнне аўтарытэту і прэстыжу дзейнасці айчынных журналістаў плануецца ўнесці ў сістэму дзяржаўных узнагарод ганаровае званне — «Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь». Гэтае званне можа быць прысвоена высокакваліфікаванаму спецыялісту, які ажыццяўляе дзейнасць у сферы масавай інфармацыі на працягу 15 і больш гадоў. 

Інфармаванне аб прызыве — з дапамогай СМС-паведамлення 

Шэраг новаўвядзенняў закране заканадаўства па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі. У прыватнасці, павялічваюцца санкцыі за здзяйсненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з ажыццяўленнем мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу. Удакладняюцца гарантыі і кампенсацыі для супрацоўнікаў у сувязі з іх прызывам на воінскую службу або прыёмам на ваенную службу. Службовыя асобы органаў дзяржаўнай бяспекі надзяляюцца паўнамоцтвамі на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за нез’яўленне без паважлівых прычын на мерапрыемствы па прызыве на воінскую службу. 

Кіраўнік дзяржавы надзяляецца паўнамоцтвам на прыняцце рашэння аб прыёме на ваенную службу па кантракце грамадзян, з якімі кантракт аб праходжанні ваеннай службы не можа быць заключаны з-за пэўных абмежаванняў. Акрамя таго, прадугледжана права прымаць на добраахвотнай аснове ўдзел у выкананні работ абарончага характару ў мірны час. Устанаўліваецца прававая абарона медыцынскіх работнікаў з мэтай выключэння магчымых для іх негатыўных наступстаў пасля звальнення ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы з Узброеных Сіл па стане здароўя. Ваенныя камісары надзяляюцца правам абмяжоўваць выезд за межы краіны грамадзян, якія парушаюць абавязкі па воінскім уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстаў прызыву на воінскую службу. 

Як расказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч, устанаўліваецца абавязак аператараў сувязі прадастаўляць звесткі аб абаненцкіх нумарах карыстальнікаў паслуг электрасувязі з ліку грамадзян, якія стаяць на воінскім уліку, а таксама па апавяшчэнні іх у мірны і ваенны час з выкарыстаннем сістэм электрасувязі з дапамогай накіравання СМС-паведамленняў. Гэта, па яго словах, дазволіць забяспечыць аператыўнасць і максімальны ахоп давядзення да грамадзян, якія стаяць на воінскім уліку, інфармацыі аб неабходнасці яўкі на адпаведнае мерапрыемства па прызыве на ваенную службу, што ў выпадку ўзброенай агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь павысіць абароназдольнасць і нацыянальную бяспеку. 

Бліжэй да ШАС

Дэпутаты ратыфікавалі шэраг міжнародных дакументаў. Сярод іх — Мемарандум аб абязацельствах Рэспублікі Беларусь з мэтай атрымання статусу дзяржавы — члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, Беларусь працуе ў ШАС дастаткова даўно: першапачаткова ў статусе партнёра па дыялогу, цяпер у якасці назіральніка. «Па-першае, арганізацыя з’яўляецца інстытутам, які забяспечвае стабілізацыю і бяспеку ў рэгіёне вялікай Еўразіі, па-другое, адкрываюцца новыя перспектывы сацыяльна-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва», — патлумачыў некаторыя прычыны цікавасці нашай краіны да ШАС дэпутат. 

Андрэй Савіных падкрэсліў, што працэс уступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва будзе праведзены ў кароткія тэрміны. «Такі хуткі алгарытм уступлення дзяржавы рэалізуецца ўпершыню, — удакладніў ён. — Пераканы, што размова ідзе аб месяцы, не больш».

На бягучы момант прыняты праекты аб ратыфікацыі 22 міжурадавых пагадненняў, неабходных для ўступлення ў ШАС. У агульнай колькасці плануецца ратыфікаваць да 50 дакументаў, якія ўжо дзейнічаюць у межах гэтай арганізацыі. 

Як рэзюмаваў Андрэй Савіных, Беларусь ні ў адной арганізацыі не займае пасіўную пазіцыю. Уступленне ў ШАС, па яго словах, дасць новы штуршок дынаміцы развіцця. «Мы сапраўды зацікаўлены ў развіцці гэтай арганізацыі, бо гэта фактар стабілізацыі на нашым мацерыку», — падкрэсліў парламентарый. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.