Вы тут

Таццяна Спас з Данбаса ўвасобіла ў жыццё унікальную ініцыятыву


У Гомельскай вобласці перасяленцы з Украіны могуць пачаць уласную справу і нават атрымаць міні-гранты на запуск свайго бізнес-праекта. Унікальную для рэгіёна ініцыятыву ўвасобіла ў жыццё Таццяна Спас з Данбаса. Яе праект сацыяльны. Маладая маці ў «дэкрэтным», яна пячэ хлеб для адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў і вучыць выпечцы ўсіх ахвотных.


Хочацца аддаваць

Таццяна ставіць у духоўку формы з будучымі хлебнымі «цаглінкамі». Шэпча кароткую малітву, асяняе хросным знакам бліскучую прастору новенькай тэхнікі.

— Хай Бог дапамагае — так казала мая бабуля. Яна хлеб, вядома, у печы пякла і таксама асяняла яго крыжам, калі ставіла выпякаць, — заўважае жанчына.

Усё роўна дзе пячэш, кажа Таццяна, у старой рускай печы або сучаснай духоўцы. Хлеб сапраўды форма жыцця — пускаць яго ў свет трэба толькі з малітвай.

— Для любога народа хлеб — святое. У яго два правілы: ён малітву любіць і не церпіць шмат рук. Пачала ты мясіць, фармаваць, выпякаць бохан, значыць, рабі сама, не перадавай у іншыя рукі. У маёй сям'і хлеб заўсёды пякла мая бабуля Анастасія Рыгораўна. Я з дзяцінства бачыла, як яна жыла гэтым працэсам, — расказвае Таццяна.

Сама хлеб яна пячэ на заквасцы. Навучылася на сваёй малой радзіме яшчэ 13 гадоў таму. У іх праваслаўнай Свята-Дзмітрыеўскай царкве хлеб на заквасцы пёк сам бацюшка.

— Папрасіла яго навучыць і мяне. Ён паказаў, як трэба пячы, расказаў, наколькі хлеб на заквасцы больш карысны, блаславіў мяне пячы хлеб, — узгадвае Таццяна. Тады яна яшчэ не ведала, як такое паслушанне, на якое атрымала благаславенне, адгукнецца ў яе жыцці на Беларусі.

Ёсць людзі, якіх хлеб любіць. Мая новая знаёмая з такіх. Хлеб на заквасцы пшанічны, жытні, з семачкамі або салодкі «калабок»... У Таццяны Спас заўсёды ўсё выходзіць вельмі смачнае. Гэта пры тым, што пячэ яна не на сваёй хатняй кухні, дзе гаспадыні, як вядома, і паветра дапамагае, а проста ў адным з кабінетаў Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Для яе выпечка — падзяка беларусам за дапамогу і падтрымку ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Мы з мужам Мікалаем з пасёлка Тэльманава Данецкай вобласці. У 2015 годзе прыехалі ў Гомельскую вобласць. У нас на той момант было трое сыноў. Малодшаму толькі два гадкі споўнілася. З-за пастаянных абстрэлаў сярэдні сын стаў моцна заікацца, малодшы ўвесь пакрываўся лішаём. У Гомелі і Рагачове жывуць родныя мужа, вырашылі перабірацца да іх, — расказвае Таццяна. — Ужо калі прыехалі ў Беларусь, даведалася, што ў нас будзе чацвёртае дзіця. Хвалявалася, перажывала, вядома. Але ўсё склалася вельмі добра. Муж — настаўнік фізічнай культуры — атрымаў работу ў школе, дапамаглі з жыллём. Мы жылі ў вёсцы Кургані недалёка ад Доўску, потым у самім аграгарадку. Увесь час дапамагалі людзі, падтрымлівалі нас, — шчыра дзякуе Таццяна Спас.

Тры гады таму яе сям'я справіла наваселле ўжо ва ўласнай кватэры. Пры падтрымцы беларускай дзяржавы шматдзетныя бацькі пабудавалі жыллё ў Рагачове. Яшчэ праз год Таццяна з мужам атрымалі беларускае грамадзянства. Год таму ў сям'і Спас нарадзіўся пяты сынок — маленькі Саша. Нечакана для сябе пры падтрымцы Беларускага Чырвонага Крыжа маладая маці ў водпуску па доглядзе за малым змагла запусціць свой сацыяльны праект.

Пасябраваць праз хлеб

Двойчы на тыдзень — па серадах і пятніцах — Таццяна Спас прыходзіць у раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа, пячэ хлеб і вучыць гэтаму майстэрству іншых.

— Я ўжо некалькі гадоў валанцёр Чырвонага Крыжа. Выйшла на пенсію, навучылася аказанню першай дапамогі, цяпер вучу іншых. Затое з цестам я ніколі не сябравала. Таму Таццяна, наш шэф-повар, вучыць нас пячы, — паведаміла адна з самых актыўных удзельніц майстар-класаў па выпечцы Зінаіда Ганчарова.

— У мяне ўжо атрымалася спячы дома хлеб пасля навучання Таццяны, хоць я толькі пачала вучыцца, — дадае Ала Васільева. — Вельмі добра, што ў нас ёсць такая магчымасць займацца нечым новым, а галоўнае — не адасабляцца.

Усяго ў Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа сем самых актыўных валанцёраў залатога ўзросту. Яны — нязменныя ўдзельнікі хлебных майстар-класаў. Таццяна вучыць рабіць закваску, замешваць цеста і выпякаць яго, а жыхаркі Рагачова пераймаюць асновы працэсу, дзеляцца гісторыямі з жыцця, размаўляюць, пасля чаёўнічаюць. Хлеб не заканчваецца, як і добрыя эмоцыі, а душы вылечваюцца. Дарэчы, частку таго, што тут выпякаюць, перадаюць падапечным сацыяльнай службы — адзінокім пенсіянерам і інвалідам. З радасцю на майстар-класах чакаюць жыхароў Рагачоўскага раёна, хто хоча навучыцца пячы хлеб.

— Для мяне як для мамы ў дэкрэтным водпуску аказалася вельмі карыснай ініцыятыва па выпечцы хлеба. Я рада, што магу прымяніць свае здольнасці на карысць людзям. Дарэчы, калі пячэш для іншых, вучыш гэтаму працэсу, з'яўляецца і матывацыя развівацца ў гэтай справе. Цяпер мне цікава далей паглыбляцца ў тэму выпечкі хлеба на заквасцы, хочацца разам асвойваць новыя рэцэпты і падыходы ў гэтым працэсе, — падзялілася Таццяна Спас.

Арыенцір — хлебны водар

Дарэчы, узяцца за такі праект маладая маці вырашыла дзякуючы падтрымцы старшыні Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ірыны Семянюк. Ірына Міхайлаўна ў кожнай канкрэтнай сітуацыі імкнецца разам з адрасатамі дапамогі знайсці канструктыўнае рашэнне. Так, ведаючы пра кулінарныя таленты перасяленкі з Данбаса, старшыня Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа прапанавала жанчыне далучыцца да ініцыятывы па выпечцы хлеба. На Гомельшчыне аналагаў такога праекта пакуль няма.

— На сродкі, якія нам выдзелілі па лініі Чырвонага Крыжа, мы закупілі электрычную духоўку і формы для выпечкі. Галоўная мэта гэтай ініцыятывы — дапамагчы пажылым людзям арганізаваць вольны час, навучыць іх няхітрым кулінарным сакрэтам, каб яны заўсёды маглі мець на сваім стале свежую выпечку. Акрамя таго, вельмі важна і тое, што праект закліканы дапамагчы падтрымліваць дружалюбныя сувязі паміж мігрантамі з Украіны і нашымі пажылымі землякамі, арганізоўваць сумесны карысны вольны час для нашых падапечных, — звярнула ўвагу Ірына Семянюк.

У цэлым жа сярод падапечных Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа сёння 120 мігрантаў Украіны. Між тым на Гомельшчыне працягваецца падобная практыка аказання дапамогі ў адкрыцці ўласнай справы тым, хто з-за ваенных дзеянняў аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. З пачатку года ў рэгіёне яшчэ 25 мігрантаў з Украіны атрымалі фінансавую дапамогу для адкрыцця сацыяльных і бізнес-праектаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Хай будзе хлеб

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.