У пастаяннай рубрыцы часопіса «Жаночая сіла: змяняць, ствараючы» сваімі дасягненнямі, жыццёвымі прынцыпамі і сакрэтамі поспеху дзеліцца кіраўнік Мінскага дзяржаўнага Палаца дзяцей і моладзі, старшыня арганізацыі Беларускага саюза жанчын Цэнтральнага раёна сталіцы Надзея Вялікая.
— Быць лідарам няпроста, — прызнаецца Надзея Міхайлаўна. — Пасада патрабуе вытрымкі, мудрасці, пэўных стратэгій і тактык. Мае прынцыпы: трэба любіць сваю працу, якасна выконваць службовыя абавязкі, рухацца наперад і не падводзіць іншых людзей.
А на пытанне пра сакрэты свайго жыццёвага поспеху Надзея Вялікая адказала так:
— Імкнуся ніколі не маркоціцца і не здавацца. Трэба быць удзячнай за тое, што маеш і рухацца наперад. Яшчэ важна — нікому не зайздросціць. Шчыра радуюся, калі бачу, як заахвочваюцца заслугі і дасягненні маіх калег. Вучуся ў тых, хто ўмее нешта рабіць лепш за мяне.
«Я не ўяўляю жыцця без Бога, сям’і і музыкі», — кажа пра сябе кампазітар Аліна Безянсон. У гэтай трыядзе — яе формула шчасця і пастаянная крыніца натхнення. Як і калі знайшла свой шлях у жыцці, сваё прызванне, як пазнаёмілася з мужам, якіх вучняў асабліва любіць, чаму ў прафесію кампазітара прыходзіць усё больш жанчын, — пра ўсё гэта Аліна Іванаўна расказала ў інтэрв’ю «Алесі».
Нядаўна з дапамогай Беларускага саюза жанчын і кіраўніцтва «Беларусбанка» ў маладой мастачкі Марыі Прахаровіч адбылася першая персанальная выстава. Нягледзячы на цяжкае захворваннне — спінальную мышачную атрафію — дзяўчына ажыццяўляе свае мары і не збіраецца адступаць і спыняцца.
— Мой дэвіз: «Ёсць мэта — няма перашкод», — кажа Марыя. — Вельмі дапамагае вера ў Бога. Веру, што гэта мой шлях і мне трэба яго прайсці. Выпрабаванні ніколі не даюцца складаней за нашы сілы. Значыць, я проста вельмі моцны чалавек. Дапамагае сям’я, у ёй я чэрпаю бязмежную падтрымку і любоў.
Кожная дзяўчынка перакананая: яе матуля — самая лепшая. Але праходзіць час, і нярэдка дарослыя жанчыны адчуваюць у адносінах да сваіх мам гаму супярэчлівых, «непапулярных» пачуццяў. Чаму так адбываецца? Якія траўмы, нанесеныя ў дзяцінстве дочкам, прыводзяць да скажэнняў іх асоб і лёсаў? Ці могуць маці і дачка быць сяброўкамі? Як зрабіць, каб сумны досвед не перашкодзіў дарослай дачцэ стаць паспяховай? Адказы на гэтыя пытанні дае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
Світары, пуловеры, вадалазкі, кардзіганы саграваюць на працы, на шпацыры, у хаце. Выбраць такі выраб, з якім зможаш стварыць розныя прывабныя вобразы з улікам ужо наяўнага гардэроба, — задача не простая, але вельмі займальная. На што звярнуць увагу, каб гэта ўдалося? Што ў модзе гэтай восенню? Пра гэта распавяла дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда.
Таксама ў лістападаўскім нумары «Алесі» вас чакаюць матэрыялы, з якіх вы даведаецеся пра 12 правіл рэстараннага этыкету, пра сакрэты самай лепшай кавы, пра карысныя напоі, якія дапамогуць у халодную пару года справіцца з прастудай. Часопіс распавядзе, як захаваць скуру чыстай і гладкай у восеньска-зімовы сезон і якія абследаванні трэба абавязкова зрабіць жанчынам 50+. Раскажа і пра тое, што абяцаюць зоркі ў лістападзе прадстаўнікам розных знакаў задыяку. Будзьце ўпэўнены: з «Алесяй» — цікава!
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».