Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» 22 лістапада падчас XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».
У ўдзельнікаў экскурсіі была магчымасць наведаць шэраг майстар-класаў і экскурсій. Адным з першых пунктаў стаў гукацэх з сучасным абсталяваннем. Ён аказвае ўсе віды паслуг, звязаныя з запісам і прайграваннем гуку. У этапах кінавытворчасці дадзеная студыя задзейнічана ў здымачным і мантажным перыядах. Падчас здымачнага перыяду тут пішацца чарнавы або чыставы гук. Калі апошні, то ў студыі запісу прамовы акцёр стаіць перад мікрафонам і сінхронна, з той жа інтанацыяй, якая была падчас здымачнага працэсу, паўтарае вымаўленыя ім фразы. «Гэта досыць складаны працэс», — распавялі на «Беларусьфільме».
Акрамя таго, госці пабачылі студыю гуказапісу двайнога прызначэння. Яна прыдатная для запісу не толькі прамовы акцёраў, але і сінхронных шумоў. У студыі пад гэта выдзелена спецыяльнае месца — «куток» — там размяшчаецца розная фактура падлогі, посуд, вада, пясок, камяні.
Асабліва ўразіў наведвальнікаў экскурсіі майстар-клас ад маладога кінарэжысёра і сцэнарыста Кірыла Халецкага. Ён адбыўся ў студыі мантажу.
— Я на кінастудыі «Беларусьфільм» зняў свой першы мантажны фільм «Кіношнікі», у якім выступіў у якасці рэжысёра, сцэнарыста і мантажора, — расказаў Кірыл Халецкі. — Падчас майстар-класа распавяду вам крыху пра кіношную «кухню», а таксама паспрабуем “сабраць” з вамі адну са сцэн фільма.
Рэжысёр таксама расказаў аб імправізацыях акцёраў падчас здымачнага працэсу, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Юрыем Стаянавым, вядомым расійскім акцёрам тэатра і кіно:
— Працаваць з Юрыем Мікалаевічам было вельмі лёгка і прыемна. Ён нам вельмі дапамог. У акцёра загружанасць неверагодная і графік распісаны на тры гады наперад, але ён зрабіў выключэнне і знайшоў адзін летні дзень для ўдзелу ў здымках камедыі “Кіношнікі”. Гэта, дарэчы, заняло ўсяго 30 хвілін, вельмі хутка. А тэкст, які агучыў, ён прыдумаў сам. Я толькі расказаў аб канцэпцыі. Нам вельмі пашчасціла, што ўсё так склалася.
Цікавасць, вядома, у гасцей выклікала і наведванне зброевага складу. Там не толькі расказалі пра тое, як падбіраецца рэквізіт да ваенных фільмаў, але і падзяліліся ўражаннямі ад таго, наколькі адказнай бывае праца з сапраўднай ваеннай тэхнікай ці яе макетамі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».