Вы тут

З якімі пытаннямі людзі прыходзілі на адзіны дзень прыёму грамадзян да членаў Савета Рэспублікі


Выслухаць і аказаць рэальную дапамогу

З якімі пытаннямі падчас прыёму грамадзян звярталіся да Наталлі Качанавай

У панядзелак члены Савета Рэспублікі адказвалі на пытанні грамадзян, унікалі ў сутнасць шматлікіх праблем, з якімі сутыкаюцца людзі, прымалі канкрэтныя рашэнні і давалі даручэнні кампетэнтным органам і службам. На адзіны дзень прыёму грамадзян у Мінск прыехалі і жыхары іншых рэгіёнаў: яны гатовы пераадольваць адлегласць у сотні кіламетраў, бо ведаюць, што сенатары не проста выслухаюць, а і дапамогуць.

Найбольшая колькасць жадаючых традыцыйна запісалася на прыём да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. З самай раніцы і да позняга вечара спікер верхняй палаты парламента прымала людзей у Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы.

«Не трэба быць чыноўнікам да мозгу касцей»

Валянціна Іванаўна прыехала на прыём з Маларыты. Нядаўна ў яе памёр муж. Запазычанасць па падатках цяпер перайшла да спадчыннікаў, якімі з’яўляюцца жонка і трое дзяцей (усяго ў жанчыны чатыры дачкі, дзве з якіх — ад гэтага шлюбу). Акрамя таго, жанчыну пазбавілі магчымасці атрымаць выручку, якая паступіла на рахунак мужа: па рашэнні Міністэрства па падатках і зборах кліент быў выключаны з Адзінага дзяржаўнага рэгістра. Па словах заяўніцы, гэтых грошай хапіла б, каб выплаціць неабходныя падаткі.

«Як маці, мне шкада гэтых грошай, я хацела б іх патраціць на сваіх дзяцей», — з расчараваннем заўважыла жанчына.

«Маёмасць памерлай асобы, як і запазычанасць, будуць размеркаваны паміж усімі спадчыннікамі», — удакладніў намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Скрыннікаў.

Для жанчыны, якая апынулася ў складанай матэрыяльнай сітуацыі, гэта непад’ёмная сума. Хоць, безумоўна, патрабаванні, якія ёй прад’яўляюцца, маюць законную падставу.

«Уносьце змяненні ў закон, — патрабавала Наталля Качанава. — Патрэбна ўлічваць шматдзетнасць і малазабяспечанасць. Гэта надзвычайная сітуацыя, бяда. Вы бачыце жыццёвыя сітуацыі, падкажыце нам, уносьце карэкціроўкі па змяненні заканадаўства. Не трэба быць чыноўнікам да мозгу касцей. Трэба быць чалавекам».

Кампетэнтным асобам даручана перагледзець інструкцыі, улічваючы, што такія сітуацыі, як смерць падаткаплацельшчыка, могуць здарыцца з кожным. «Гэта недапрацоўкі дзяржаўных органаў, якія такія выпадкі не прадугледзелі», — канстатавала спікер і паабяцала разабрацца ў дадзенай сітуацыі.

«Дапамагчы дзецям — наш абавязак»

Мінчанка, шматдзетная маці, паскардзілася на тое, што яе не ставяць на чаргу як асобу, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У Мінгарвыканкаме лічаць, што на гэта няма падстаў: хапае квадратных метраў. Ала Яўгенаўна з такім вердыктам не згодная. Яна расказала, што ў трохпакаёвай кватэры, дзе яна прапісана разам з дзецьмі, яшчэ пражываюць яе родны брат і сям’я сястры — усяго восем чалавек на 73-х квадратных метрах. Пры гэтым заяўніца выхоўвае дзіця-інваліда. Яна ўдава.

«Брат і сястра не даюць мне з дзецьмі спакою, выжываюць з кватэры, — падзялілася сваім болем жанчына. — Так склалася, што кватэра засталася ім у спадчыну ад маці, мне там нічога не належыць. У любы момант мяне з дзецьмі могуць выгнаць».

«Вы ў гэтай сітуацыі разбіраліся?» — пацікавілася Наталля Іванаўна ў кіраўніка Адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы.

Сяргей Шкруднеў паведаміў, што, нягледзячы на тое, што ў гэтай кватэры прапісана сям’я сястры заяўніцы, пражываюць яны ў іншай кватэры, якую пабудавалі як шматдзетныя з дзяржаўнай падтрымкай.

Наталля Качанава ўдакладніла: як увогуле такое магчыма? «Калі ты пражываеш у кватэры, якую пабудаваў з прэферэнцыямі, то павінен рэгістравацца там, а не ў іншым месцы, — адзначыла яна. — Мы глыбока і дэталёва разбярэмся ў гэтым пытанні, асабліва з улікам чатырох дзяцей і дзіця-інваліда. Вы разумееце, што такое сямейныя канфлікты? Мы ўлезці ў галовы людзей не можам, але дапамагчы дзецям — наш абавязак».

Старшыня Савета Рэспублікі спытала, колькі гадоў дзіцяці-інваліду і які ў яго дыягназ.

«Эпілепсія», — удакладніла мама.

Спікер заўважыла, што гэта можа быць на нервовай глебе, асабліва з улікам таго, што дома нездаровая абстаноўка.

Мінгарвыканкаму даручана разабрацца ў сітуацыі і разгледзець магчымасць паставіць жанчыну з дзецьмі на чаргу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Барсукоў — возьме на кантроль бяспечнае існаванне жанчыны і яе дзяцей у кватэры, дзе яна жыве цяпер. Міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу пастаўлена задача абследаваць дзіця-інваліда і ўстанавіць канчатковы дыягназ. Разбяруцца і з тым, як людзі, якія пабудавалі жыллё з дзяржпадтрымкай, прапісваюцца ў іншым месцы і зноў становяцца на чаргу як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Аб праблеме недахопу вузкіх медыцынскіх спецыялістаў для дзяцей у Прылуках расказала жыхарка аграгарадка, які знаходзіцца побач са сталіцай. «Новая амбулаторыя, а калі ні прыйдзеш — няма спецыялістаў, — паскардзілася Людміла Валянцінаўна. — У мяне маленькае дзіця, і ўсіх урачоў нам даводзіцца праходзіць на платнай аснове. Пры гэтым кожныя паўгода неабходна рабіць УГД сэрца, бо ёсць пэўны дыягназ».

Наталля Качанава пацікавілася, якія канкрэтныя праблемы са здароўем у дзіцяці, і канстатавала, што гэта акурат тое, аб чым кажа Прэзідэнт: адкрыем новую бальніцу ці амбулаторыю, а працаваць няма каму. «Чаму няма ўрачоў? Чаму дзеці да трох гадоў павінны абследавацца платна?» — пацікавілася спікер у начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама.

Ігар Шамаль паведаміў, што аб’ект аховы здароўя, аб якім ідзе размова, уведзены ў эксплуатацыю ў першым квартале гэтага года. Па яго словах, амбулаторыя поўнасцю ўкамплектавана ўрачамі — педыятрамі і тэрапеўтамі. Што датычыцца вузкіх спецыялістаў, жыхарам Прылукаў прапануецца звяртацца ў бальніцу, якая знаходзіцца ў суседнім Атоліне.

«У Прылуках пражывае амаль сем тысяч чалавек, гэта як раённы цэнтр, а ў раённых цэнтрах ёсць урачы, — заўважыла Наталля Качанава. — Прылукі знаходзяцца каля Мінска, таму такога быць не можа. Калі ўрачоў няма, значыць, спецыялісты павінны туды прыязджаць».

Падчас прыёму грамадзян Старшыня Савета Рэспублікі зрабіла званок міністру аховы здароўя і паставіла задачу разабрацца з гэтым пытаннем. Дадзена даручэнне паглядзець на гэтую праблему ўсюды, каб падобных скаргаў больш не паступала.

Акрамя таго, жыхарка аграгарадка расказала, што на ўсе Прылукі толькі два дзіцячыя садкі. Яслі ўвогуле не прадугледжаны. Жанчына, як і многія мясцовыя жыхары, вымушана вазіць сваё дзіця ў Мінск.

Наталля Качанава пагадзілася, што ясельныя групы ў дзіцячых садках патрэбны. Па яе словах, не ўсе жанчыны знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку тры гады, многія хочуць выйсці на работу раней. Адпаведнае даручэнне — прадугледзець ясельныя групы — паступіць на адрас старшыні Мінаблвыканкама.

Акрамя таго, Наталля Качанава пацікавілася ў жанчыны, ці патрэбна дапамога ў абследаванні дзіцяці, у якога ёсць кардыялагічнае захворванне. Людміла Валянцінаўна падзякавала за клопат і адмовілася — спраўляюцца сваімі сіламі.

«Комплексна і аб’ектыўна»

Маці і сын звярнуліся да спікера верхняй палаты парламента з просьбай дапамагчы ў вырашэнні пытання, звязанага з правядзеннем электрычнасці ў жылы дом. Як высветлілася, шматдзетныя бацькі набылі ўчастак на тэрыторыі Хацежынскага сельскага Савета, будуюць там дом для старэйшага сына, узнікла праблема з электрыфікацыяй. Людзі ўжо абышлі ўсе інстанцыі — рашэння няма. «Гэта ж не Белавежская пушча, а ўсяго некалькі кіламетраў ад Мінска, — абураецца Наталля. — Пры гэтым у майго суседа за плотам святло ёсць».

Як паведаміў першы намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Мікалай Жук, жылы дом, аб якім вядзецца размова, уключаны ў план электрыфікацыі на будучы год.

«Толькі мы ўвайшлі ў кабінет, як нас сустрэлі ўсмешкай, з першай хвіліны мы апынуліся ў добразычлівай атмасферы, — падзялілася ўражаннямі ад прыёму Наталля Вячаславаўна. — Ніхто не перабіваў, не прыспешваў. За пяць хвілін мы выклалі сутнасць праблемы, у выніку нам паабяцалі вырашыць наша пытанне ў станоўчы бок. Цэлы год мы дабіваліся дапамогі, у выніку пяціхвілінны прыём у Наталлі Іванаўны зняў усе пытанні».

Ігар Леанідавіч — жыхар Салігорска. На працягу 13 гадоў ён адпрацаваў зваршчыкам у шахце. Падчас чарговага медыцынскага абследавання 32-гадовага мужчыну не дапусцілі да работы, аргументуючы гэта тым, што з дыягназам «бранхіяльная астма», які яму выставілі, у ранейшых умовах працаваць забараняецца. Ігар Леанідавіч не згодны з дыягназам. Гэта пацвярджае і заключэнне кафедры алергалогіі і прафпаталогіі Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Аднак мужчыну да выканання працоўных абавязкаў не дапускаюць.

«У мяне сям’я, маленькае дзіця, пры гэтым я вельмі люблю сваю работу, за добрае выкананне працоўных абавязкаў нават маю граматы», — дадаў заяўнік.

Наталля Качанава заўважыла, што зваршчыкі на дарозе не валяюцца, і даручыла комплексна і аб’ектыўна разабрацца ў гэтым пытанні.

Людзі з пачуццём палёгкі і ўдзячнасці выходзілі з кабінета, дзе ажыццяўляўся прыём грамадзян. Нарэшце іх выслухалі і паабяцалі дапамагчы. Многія пытанні былі вырашаны адразу на месцы. Адзіны дзень прыёму грамадзян у Мінску яшчэ раз пацвердзіў эфектыўнасць такога ўзаемадзеяння з насельніцтвам, неабходнасць дыялогу грамадзян з прадстаўнікамі ўлады.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Дваццацігадовая хвароба і захопленыя метры

На прыёме ў Валерыя Бельскага агучвалі праблемы жылля і здароўя

Дзве гэтыя тэмы — бадай што найбольш хвалюючыя для людзей, паколькі са складанымі сітуацыямі на гэты конт звяртаюцца найчасцей. Вось і ў чарговы адзіны дзень прыёму грамадзян у сталіцы да намесніка старшыні Савета Рэспублікі Валерыя Бельскага большасць наведвальнікаў прыйшлі акурат з такой нагоды. Пры гэтым многія пытанні, на думку сенатара, можна было вырашыць значна прасцей, калі б людзі самі маглі наладзіць паміж сабой нармальныя адносіны, а так, з-за супярэчнасцяў, яны не могуць дамовіцца і проста прынцыпова робяць насуперак. Аднак шмат і такіх пытанняў, якія набываюць вялізныя маштабы праз маленькую памылку ці проста з-за неахайнасці, і тут часта бывае нават не зразумела, як дапамагчы. Каб сітуацыя вырашылася на агульную карысць, трэба прыкласці вялікія намаганні, часта праз зварот у суд.

Утылізаваны сустаў, фібраміялгія, СМА

Вольга з Мінска прайшла праз дзве аперацыі па замене тазасцегнавых суставаў, але ёй не пашанцавала. Жанчына сцвярджае, што падчас аперацыі ёй занеслі ў арганізм залацісты стафілакок, пасля чаго пачаліся такія праблемы, у выніку якіх яна стала інвалідам, і цяпер жанчына прыкаваная да інваліднай каляскі:

— Мне кажуць, што я магу хадзіць, а як? На адной назе не хапае ступні, на другой — сустава. За сустаў я плаціла сама, і калі яго вымалі (напачатку гэтага года), я прасіла яго мне аддаць, але яго ўтылізавалі. Мне нават часова не даюць першую групу інваліднасці, пакуль няма магчымасці працаваць.

Летась Вольга праляжала ў бальніцы з 20 студзеня да 4 жніўня. Цяпер жанчына нават не ведае, ці можна ёй ізноў паставіць сустаў, бо лечачы ўрач недаступны.

— Мы абавязкова знойдзем спосаб вам дапамагчы, — паабяцаў сенатар.

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе жанчыну, датычыцца захопу месцаў агульнага карыстання ў пад’ездзе: на кожным з 12 паверхаў жыхары паставілі перагародкі, такім чынам забраўшы сабе плошчу ў калідоры, дзе знаходзіцца батарэя і акно. А некаторыя ўвогуле ўмудрыліся далучыць частку калідора да кватэрных метраў.

— Жыхары хочуць купіць гэтыя квадратныя метры. А як?! Там жа праходзяць дамавыя камунікацыі, ніхто не дасць зрабіць такі праект. Але ж перагародкі там так і стаяць.

Таццяна з Маладзечна пакутуе ад вельмі рэдкай хваробы — фібраміялгіі — ужо 20 гадоў.

— Лекаў ад гэтай хваробы знайсці не могуць. Урачы з Бараўлян кажуць, што мне патрэбна абследаванне і група, а нашы мясцовыя кажуць, што хвароба лечыцца, а боль можна перацярпець, — кажа жанчына. — Але ж у мяне баліць уся скура, мне нават спаць балюча, а каб сабрацца на работу і расхадзіцца, трэба гадзіны чатыры.

Таццяна марыць хоць неяк палегчыць сабе жыццё, каб не знаходзіцца ўвесь час на абязбольваючых прэпаратах.

— Мы пашукаем магчымасць вас даабследаваць, — паабяцаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі, — і пастараемся вам дапамагчы.

Людміла, мама дзяўчынкі Лізы Церабавец, якая пакутуе на спінальна-мышачную атрафію (СМА) і якой патрэбны вельмі дарагі (коштам амаль два мільёны долараў) укол, прыйшла з апошнім спадзяваннем на дапамогу дзяржавы ў зборы сродкаў на выратаванне дачкі:

— Лізе чатыры гады, але ж яна важыць 12 кілаграмаў (даваць выратавальны ўкол можна да двух гадоў або калі дзіця важыць да 13,5 кіло). У нас сабрана крыху больш за 750 тысяч долараў, а час канчаецца, і адзіная надзея на вас.

На такі зварот сенатар заўважыў, што дзякуючы грамадскасці і падтрымцы Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, некалькім дзецям з такім страшным дыягназам атрымалася сабраць грошы на ўкол. Ён паабяцаў разам з Міністэрствам аховы здароўя разабрацца і знайсці варыянты дапамогі.

Таварыства таварыству не роўнае

Змены, якія прапануюцца праектам Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі», якія маюць адбыцца налета, таксама вельмі хвалююць беларусаў. На прыём да сенатара прыйшлі адразу два кіраўнікі таварыства ўласнікаў (ТУ) квартала «Мінск-Маяк».

— Прыняцце такіх змен прывядзе да ліквідацыі многіх ТУ, — перакананы Ігар, старшыня таварыства ўласнікаў. — Зараз таварыствы маюць поўную самаакупнасць, аднак калі яны трапяць на абслугоўванне ў ЖЭС, то будуць атрымліваць мінімальны сацыяльны набор паслуг, а не той камфорт, да якога прывыклі. Калі чатыры дамы прыйдзецца падзяліць на чатыры ТУ, як мы падзелім адну кантэйнерную пляцоўку, шлагбаум, шланг для паліву газона, спецыялістаў, якія абслугоўваюць таварыства?!

Пацерпяць ад змен не толькі жыхары, але і старшыні, бо ўласнікі кватэр з аднаго дома проста не змогуць забяспечыць яму прыстойны заробак, і старшыня мусіць шукаць іншую пасаду, а жыхары будуць кінутыя на волю лёсу.

— Я старшыня ў чатырох дамах, з якіх я атрымліваю дзве тысячы рублёў. Калі я буду кіраваць адным домам (як адным ТУ) я буду атрымліваць 500 рублёў, — далучыўся старшыня іншага ТУ Дзмітрый.

— Не ўсе ТУ працуюць аднолькава, і негатыўных прыкладаў па перарасходзе сродкаў і невыкананні сваіх абавязкаў хапае, — заўважыў на гэта Валерый Бельскі. — Тых, хто працуе кепска, большасць. Аднак я згодны, што нельга ўсіх разглядаць аднолькава. Вашы прапановы маюць рацыю, мы абавязкова іх абмяркуем і накіруем вам адказ.

На паперы — тры кватэры, па факце — шэсць

Вольга і Аляксандр з Мінска ў свой час набывалі жыллё (кватэры), але ж пры выпісцы тэхпашпарта на жыллё высветлілася, што яны набылі толькі частку кватэры (долю).

— Дом першапачаткова нібыта быў запланаваны на тры кватэры, якія аказаліся на розных узроўнях, — падзялілася Вольга. — Такім чынам, атрымалася, што мы купілі два ўзроўні ў кватэры. Калі нам паказвалі жыллё, яно было двухузроўневым, як мы і хацелі, аднак па дакументах атрымалася, што купілі мы толькі частку кватэры, бо кватэра над намі таксама лічыцца часткай нашай кватэры.

Жыхары цяпер каторы год ходзяць па кабінетах, але не могуць зарэгістраваць жыллё як асобныя кватэры, а не як долі жылля.

— Першапачаткова дом будаваўся на аднакватэрным жылым участку, то-бок там павінна была быць індывідуальная жылая забудова. Замест гэтага ўзвялі шматкватэрны жылы дом. У тэхпашпарце было ўказана, што не больш за чатыры кватэры. А потым усё гэта падзялілі на кватэры, зрабілі асобны ўваход у кожную і рэалізавалі як долі ў жылым памяшканні па дакументах, — патлумачыў гэта Вадзім Пярэдня, старшыня адміністрацыі Першамайскага раёна. — А заканадаўствам сёння дакладна вызначана, што жылыя памяшканні ў долях не могуць быць вылучаны ў асобныя кватэры, таму што ў выніку з’явіцца шматкватэрны жылы дом, які не будзе адпавядаць горадабудаўнічай забудоўлі і зямельнаму ўчастку, які быў прадастаўлены для будаўніцтва. У вашым выпадку адчужэнне жылля магчыма толькі ў тым выглядзе, у якім вы яго набывалі, — асобнымі долямі.

З сузаснавальнікаў фірмы і сваякоў — у ворагі

Галіна з Бярэзіна мае прэтэнзіі да сваёй пляменніцы, з якой яны разам як сузаснавальнікі мелі бізнес, але ж «сваячка аказалася нячыстай на руку», як сцвярджае жанчына. Яна падрабіла подпіс Галіны і вывела грошы з кампаніі на рахунак свайго сужыцеля. Жанчына хоча вярнуць гэтую суму, а таксама 31,5 тысячы рублёў доўгу, якія Галіне прыйшлося выплаціць банку (пры зарплаце ў 600 рублёў) як заснавальніцы фірмы, бо пляменніца выйшла са складу заснавальнікаў, перш чым гэта зрабіла жанчына, якая пры гэтым была паручыцелем па крэдыце.

— «Вы за ўсё заплаціце», — усё, што мне сказала на гэта пляменніца, — скардзіцца Галіна. — А яшчэ нам з падатковай шлюць лісты, дзе патрабуюць 400 тысяч выплаціць. Толькі дзякуючы звароту да Наталлі Качанавай удалося арганізаваць праверку арганізацыі, каб высветліць, што не я забрала гэтыя грошы, а дакументы на фірму пляменніца як дырэктар знішчыла. Аднак пасля прыйшоў адказ, што ва ўзбуджванні крымінальнай справы адмоўлена, што ў яе не было злога намеру ва ўтойванні падаткаў.

Жанчына патлумачыла, што яна не хоча зняволення пляменніцы, але ж тая павінна адказаць за сваё нахабства і пакуты, якія праз яе вынесла Галіна. Аднак пасля прэцэдэнту аб закрыцці крымінальнай справы яна просіць сенатара прасачыць, каб было прынята справядлівае рашэнне.

Каментуючы вынікі асабістага прыёму грамадзян, Валерый Бельскі адзначыў:

— Па-ранейшаму, асноўныя пытанні, з якімі сёння звярнуліся грамадзяне, знаходзяцца ў сферы кампетэнцый мясцовых органаў улады і маглі быць аператыўна вырашаны. Тое, што людзі гадамі звяртаюцца ў розныя інстанцыі па адных і тых жа праблемах, — недапушчальна. Значнасць дадзенай формы працы органаў улады з насельніцтвам вельмі вялікая. І кожны зварот павінен разглядацца ў індывідуальным парадку, з увагай да дэталяў, зыходзячы з інтарэсаў звычайнага чалавека.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара


Улада павінна адказваць за свае словы

Такую думку выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы падчас прыёму грамадзян у Адміністрацыі Савецкага раёна Мінска.

Фота: sovrep.gov.by

А агучыў ён яе, калі высвятляў абставіны сітуацыі, у якой апынулася шматдзетная сям’я Вольгі Данільчык. Маючы прыватны дом 1956 года пабудовы, яны не могуць зрабіць там рамонт, бо ён падлягае зносу. Але ж справа ў тым, што, па словах заяўніцы, «зносяць» іх практычна 40 гадоў. Упершыню размова пра гэта была ажно ў 1970-х. І з таго часу яны нічога не могуць зрабіць у сваёй хаце. Пабудаваць кватэру сям’я таксама не змагла з-за тых жа абяцанняў знесці дом у бліжэйшы час. Спачатку гэта быў 2014 год, потым — 2015-ы, пазней — 2021-ы. Апошняя дата зносу была вызначана гэтым годам, але ж, відаць, яна так і застанецца на паперы.

Як паведаміла гаспадыня, у дома тры ўласнікі, і ўсе яны згодны або на знос будынка, або на яго рэканструкцыю і жыццё ў нармальных умовах. Прычым яны больш зацікаўлены менавіта ў апошнім варыянце развіцця падзей — добраўпарадкаваць жыллё і працягваць жыць у доме, пабудаваным продкамі. Нават нягледзячы на тое, што літаральна пад вокнамі ўжо стварылася паркоўка ад бліжэйшых шматпавярховікаў.

Міхаіл Русы запэўніў шматдзетную маці ў хуткім вырашэнні яе пытання. Будзе дадзена даручэнне Мінгарвыканкаму ў 20-дзённы тэрмін дэталёва разабрацца ў сітуацыі і вызначыцца: або дом усё ж такі пойдзе пад знос, або ўласнікі будуць яго рэканструяваць. «Дзе знос, там — знос! Калі сказалі 21-ы год — значыць, 21-ы, сказалі 2040-ы — значыць, 2040-ы. А да саракавога года жыць трэба? Значыць, трэба даць магчымасць жыць нармальна. Трэцяга не дадзена! ...Улада павінна адказваць за свае словы», — зазначыў ён.

Другі заяўнік, Аліна Спарыш, старшыня праўлення таварыства ўласнікаў, звярнулася з прапановай перагледзець палажэнні законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі». У прыватнасці, яна паведаміла, што абмежаванне для старшынь таварыстваў, калі апошнія могуць кіраваць толькі адным домам, узніме шэраг пытанняў. І першае з іх — старшыні не будуць ісці кіраўнікамі ў дамы з невялікай колькасцю кватэр з-за заработнай платы. А таксама яны пачнуць адмаўляцца ад пасад у «праблемных» дамах. Такім чынам, з’явіцца немалая колькасць дамоў, абслугоўванне якіх пяройдзе да жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А гэта ў разы большая нагрузка на сістэму. Яна запатрабуе дадатковых рабочых рэсурсаў і фінансавых выдаткаванняў. У якасці альтэрнатыўнага варыянта заяўніца прапанавала ўводзіць ліміт не па колькасці дамоў, а па колькасці асабовых рахункаў. Колькасць жа дамоў можна выкарыстоўваць як дадатковае абмежаванне.

«Сёння сітуацыя такая — у рабоце старшынь мінусаў на некалькі парадкаў больш, чым плюсаў. І скаргаў на іх дзейнасць вельмі шмат. На жаль, гэта так. І злоўжыванняў таксама нямала... — заўважыў Міхаіл Русы. — Змены ў дзейнасці таварыстваў уласнікаў неабходны ў самым хуткім часе». Разам з тым, ён пагадзіўся, што ў словах старшыні таварыства ёсць пэўная рацыя.

Яшчэ адна прапанова тычылася працэдуры абрання і ўзгаднення старшынь таварыстваў. Каб абараніцца ад выпадковых і нядобрасумленных людзей, трэба ўзгадняць кандыдатаў на пасаду старшыні, а не ўжо абраных старшынь, як гэта адбываецца цяпер. Такім чынам паскорыцца працэс абрання старшыні і будзе створана адзіная база, якая палегчыць работу з кандыдатамі. Звярнула Аліна Спарыш увагу і на тое, што ў мясцовых органах улады няма адзінства падыходаў да ўзгадненняў — патрабаванні да пакету дакументаў значна розняцца.

У заканчэнні сустрэчы заяўніца выказала меркаванне наконт скасавання таварыстваў уласнікаў без права аднаўлення ў выпадку неабрання старшыні ў азначаныя тэрміны. На яе думку такі захад не прынясе жадаемага плёну. Больш рацыянальна было б пакінуць жыльцам права паўторнага стварэння таварыства.

Быў на прыёме грамадзян і зварот, які тычыўся ўшаноўвання памяці загінуўшых у часы Вялікай Айчынай вайны партызан і падпольшчыкаў. Міхаіл Русы адзначыў, што справа гэта добрая і патрэбная, але ўсё трэба рабіць у адпаведнасці з законам і правіламі ўсталявання памятных знакаў.

Яшчэ адно пытанне — наконт перарэгістрацыі зямельнага ўчастка ў Сельгаспасёлку, а таксама заяўніца паведаміла пра пустуючыя ўчасткі там жа і пра інтэнсіўны аўтамабільны рух па вуліцы, які стварае небяспеку для пешаходаў. Член Савета Рэспублікі даручыў адпаведным органам дэталёва разгледзець агучаныя пытанні і прыняць меры па ўстараненні недахопаў.

Падводзячы вынікі асабістага прыёму, Міхаіл Русы падкрэсліў, што такія сустрэчы — гэта своеасаблівы дапаможнік. Людзі падказваюць, дзе ёсць упушчэнні ў заканадаўстве, дзе трэба дапрацаваць, дзе мясцовыя органы ўлады недапрацавалі. Найчасцей, па яго словах, хадзіць і шукаць праўду людзей вымушаюць няверныя рашэнні кіраўнікоў структурных падраздзяленняў. Разам з тым, тое, што людзі прыходзяць на прыём да прадстаўнікоў улады, гаворыць аб даверы, веры ў тое, што ўсе хібы будуць выпраўлены. І гэта таксама ацэнка работы.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.