Вы тут

Вольга Гуляка: Гэта было каханне з першага погляду


Гледачы Вялікага тэатра Беларусі захапляюцца не толькі таленавітымі артыстамі, а яшчэ добрыя словы заўсёды гавораць у адрас білецёраў, гардэробшчыц і адміністратараў — тых людзей, якія ствараюць нам настрой перад спектаклем. У Вялікім тэатры ўсе гэтыя людзі аб’яднаны ў службу абслугоўвання гледачоў, якой кіруе Вольга Гуляка. Яе муж, Сяргей Асавелюк, па штатным раскладзе — намеснік начальніка гэтай службы. У Вольгі і Сяргея двое дарослых сыноў.


— Наша традыцыйнае пытанне: раскажыце, як вы пазнаёміліся.

Вольга Гуляка (В. Г.): — Нас пазнаёміў дождж... 3 ліпеня падчас свята каля Палаца Рэспублікі ў сталіцы. Я працавала на канцэртнай пляцоўцы памочнікам рэжысёра, а Сярожа прыехаў у адпачынак і сустракаўся з сябрамі. Да мяне падышоў хлопец і прапанаваў сваю куртку, а потым некуды знік. Калі дождж і канцэрт скончыліся, я пачала шукаць яго, знайшла... 

І пачаўся наш раман. Праз некалькі дзён Сяргей з’ехаў. А неўзабаве мы сустрэліся на «Славянскім базары», дзе Сяргей таксама быў па рабоце. І вось, уласна, у Віцебску Сярожа зрабіў мне прапанову.

— Як усё імкліва!..

В. Г.: — Мы ўпэўнены, што гэта было каханне з першага погляду. І да гэтага часу 3 ліпеня для нас больш значны дзень, чым дзень вяселля, пра які мы часта забываем. А вось Дзень Незалежнасці памятны ва ўсіх сэнсах. Па традыцыі ў нашым Вялікім тэатры ў гэты дзень усе на працы, да нас прыходзіць ганаровы госць — Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і падчас урачыстай цырымоніі віншуе і ўручае дзяржаўныя ўзнагароды работнікам культуры.

— Вырашыўшы стварыць сям’ю, вы абмяркоўвалі розныя празаічныя пытанні: дзе жыць, як спраўляцца з бытам?

В. Г.: — Мы былі такія закаханыя, маладыя, разняволеныя, рамантычныя, што нас не спыняла нават тое, што Сяргей жыў і працаваў у Маскве, а я — у Мінску. Так мы жылі на два гарады аж да 2009 года, хоць да гэтага часу ў нас ужо было двое сыноў.

Нашы бацькі былі яшчэ маладыя, працавалі, таму дзеці заўсёды былі са мной, але ў выхадныя, калі я лётала да мужа, бацькі дапамагалі даглядаць хлопчыкаў.

— Гэта значыць, што адлегласць — не перашкода для сямейнага жыцця?

В. Г.: — У нашым выпадку — не. Гэта ўжо быў час інтэрнэту, калі можна было размаўляць з дапамогай месенджараў. Няхай мы не былі разам 24 гадзіны ў суткі, затое кожная сустрэча была насычана зносінамі і ўзаемнай цікавасцю.

Сяргей Асавелюк (С. А.): — Ды і хіба гэта адлегласць? Ноч у цягніку, а самалётам — паўтары гадзіны, і я дома з каханай жонкай і любімымі сынамі. Вось тут ужо па поўнай праграме цудоўна бавілі час усёй сям’ёй.

— Давайце вернемся да дня вяселля. Няўжо сапраўды часта забываеце аб такім важным дні? А букет жонцы падарыць і ў рэстаран схадзіць?

С. А.: — І выкласці гэта ў сацсеткі, каб іншыя паглядзелі, як у нас усё класна? (Усміхаецца.) Для нас важна рэальнае жыццё, а не «паказальныя выступленні». Кветкі можна і трэба дарыць жонцы без нагоды! І ў рэстараны мы ходзім без усялякага свята.

В. Г.: — Так, забываемся, а калі ўспомнім, пажартуем, здзівімся, колькі гадоў прайшло, а нам па-ранейшаму цікава разам.

— Якая розніца ва ўзросце паміж вашымі сынамі? Як яны ладзяць паміж сабой? Чым займаюцца?

С. А.: — Старэйшы — Данііл, яму 24 гады, скончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, працуе ў ІT-кампаніі. Цімафею 18 гадоў, прафесійна займаецца футболам, гуляў у ФК «БАТЭ» і ФК «Дынама», цяпер выступае за ўніверсітэт, ён студэнт другога курса МІПСА, вучыцца на факультэце міжнародных адносін, вывучае кітайскую мову. У дзяцінстве Даня апекаваў Ціму, дапамагаў яму, а малодшы ганарыўся, што ў яго ёсць старэйшы брат, і цяпер хлопцы па-ранейшаму вельмі дружныя.

— Вольга, аднойчы ў тэатры я пачула, як адна дама казала сваёй прыяцельцы, гледзячы на вас: «Ой, як яна хвалюецца, мабыць, раней была балерынай!» Дык вы былі балерынай? І ўвогуле, як становяцца начальнікам службы абслугоўвання гледачоў у самім Вялікім тэатры?

— Балерынай не была, хоць гледачы часта пытаюцца: «Вы танцавалі?» Я заўсёды працавала ў сферы культуры і мастацтва. Кар’ера развівалася роўна, усе патрэбныя прыступкі прайшла, і гэта толькі дапамагае ў цяперашняй рабоце. Працавала на найлепшых пляцоўках нашай краіны і з першакласнымі рэжысёрамі — ёсць што ўспомніць.

Быць начальнікам службы не складана, калі ў цябе згуртаваны і адданы калектыў, а ў нас ён менавіта такі. Але яго трэба было стварыць, і вось над гэтым прыйшлося папрацаваць. Вядома ж, вельмі важныя ўзаемапавага, сумленнасць, узаемавыручка ў стасунках з кіраўніцтвам нашага тэатра і з усімі службамі і ўпраўленнямі. Вялікі тэатр — гэта адзіны арганізм, ён працуе як гадзіннік, інакш нельга. І кожны чалавек у ім важны, ад кожнага залежыць агульны поспех.

Перад спектаклем сапраўды крыху хвалююся, бо прыходзяць новыя людзі, і мы стараемся, каб гледачы нашага тэатра былі ў цудоўным настроі. І абавязкова вярталіся да нас зноў і зноў. Служба абслугоўвання гледачоў нясе за гэта вялікую адказнасць.

— Часта ў сем’ях узнікаюць, скажам так, сітуацыі, калі жанчына больш зарабляе ці яна знаходзіцца вышэй за мужа па кар’ернай лесвіцы. А ці лёгка вам, Вольга, кіраваць мужам і ці камфортна вам, Сяргей, быць падначаленым жонкі?

С. А.: — Складаных сітуацый у нас не ўзнікае, бо мы ўжо вельмі шмат гадоў разам. Кожны на рабоце і дома займае сваю нішу, стараемся паважаць тэрыторыю адзін аднаго. На працы мы найперш калегі. І потым, як казала Волечка, у нас згуртаваны калектыў, у кожнага свая задача. Усе любяць і шануюць свае абавязкі, кіраўніку не трэба кагосьці панукаць, нават свайго намесніка (усміхаецца). Начальнік службы арганізоўвае работу зыходзячы з максімальнага камфорту гледачоў. Напрыклад, мы даведваемся, што ў нас два рады выкупілі замежныя турысты. Значыць, у той частцы залы будзе працаваць адміністратар з добрым веданнем замежнай мовы.

— А дома ў вас хто галоўны?

С. А.: — Мы абое галоўныя, заўсёды прыходзім да агульнага рашэння любога пытання. За 12 гадоў работы побач навучыліся вырашаць самыя розныя праблемы. Заўсёды важна чуць меркаванне адно аднаго, што і стараемся рабіць і дома, і на працы.

— Мне здаецца, у тэатры складаней за ўсё з публікай — кожны чалавек са сваім характарам і настроем. Назірала, як вам удавалася вырашыць няпростыя пытанні з дапамогай дыпламатыі. Памятаеце, як дзяўчаты не хацелі пакідаць кветкі для артыстаў у спецыяльным пакоі? Дык Сяргей ім патлумачыў, што спектакль доўжыцца тры гадзіны, і будзе вельмі шкада, калі такія прыгожыя букеты крыху падвянуць. А так яны будуць стаяць у вазах, і ў патрэбны час работнікі тэатра вынесуць іх на сцэну…

В. Г.: — Як у сям’і важна чуць адно аднаго, так і з гледачом трэба размаўляць, а не проста забараняць. Мы паважліва размаўляем, тлумачым, чаму так, а не інакш, і людзі, як правіла, адэкватна рэагуюць... Імкнёмся дарыць людзям дабро і пазітыўныя эмоцыі, і часцей за ўсё нам гэта вяртаецца.

— У беларускім Вялікім тэатры шмат сямейных пар. Як вы лічыце: больш мінусаў ці плюсоў у сумеснай працы мужа і жонкі?

В. Г.: — Я не ведаю, як у каго, а мы на працы — калегі. Хоць многія гледачы ведаюць, што мы пара, і калі не бачаць мяне, заўсёды пытаюцца ў Сяргея Паўлавіча, дзе Вольга Леанідаўна, і наадварот.

Сыны Данііл і Цімафей

С. А.: — Нам часта задаюць пытанне: «Як можна працаваць разам???» У нашым выпадку ўвогуле не бачу мінусаў, жонка заўсёды пад наглядам (усміхаецца). Нам камфортна разам. Мы ведаем, што заўсёды дапаможам, падтрымаем адно аднаго. Сітуацыі розныя бываюць, калі паасобку вырашыць праблему цяжка. Думаю, што разам працаваць могуць толькі тыя пары, якія і праз дзесяць, і праз трыццаць гадоў не страцілі цікавасці адно да аднаго.

— А хатнія абавязкі як размяркоўваеце?

С. А.: — Многія хатнія абавязкі даверылі тэхніцы, і яна добра спраўляецца. На кухні заўсёды спрабую дапамагчы, але мне не даюць такой магчымасці: жонка ўсё робіць сама, вельмі смачна гатуе і кожны дзень здзіўляе.

— А чым вы здзіўляеце жонку?

С. А.: — Я проста яе вельмі кахаю.

— Хто ў сям’і распараджаецца грашыма?

С. А.: — На мне аплата ўсяго, што звязана з камунальнай і бытавой гаспадаркай. Мая справа — зарабляць, а Волечка заўсёды ведае, як правільна грашыма распарадзіцца.

— У адпачынку вы аддаяце перавагу фармату «ўсё ўключана» ці самі складаеце праграму?

В. Г.: — Па-рознаму. «Усё ўключана» цікава паспрабаваць пару разоў. А так мы любім сонца, мора і імкнёмся спалучаць пляжны адпачынак з пазнавальным турызмам. Атрымліваем асалоду ад нашай, беларускай, прыроды. Мы — грыбнікі, а яшчэ любім парыбачыць, прычым абавязкова разам.

— На ваш погляд, ідэальная сям’я — гэта…

С. А.: ...Калі глядзіш на жонку з любоўю і ў адным напрамку, як мы.

В. Г.: Сям’я, якая прайшла цярністы шлях разам, але насуперак усяму захавала каханне, — ідэальная.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістага архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.