Вы тут

Сіла захавання традыцый і народнай памяці ў рэальных справах


Іх вёска жыве, не гасне, нягледзячы на блізкасць вялікага горада. Так могуць расказаць пра свой пасёлак жыхары Барка, што ва Урыцкім сельсавеце Гомельскага раёна. Пражывае тут больш за дзвесце чалавек. Гэты год для мясцовых выдаўся асабліва багатым на падзеі. У пасёлак «прыйшоў» газ, падрыхтавалі праектна-каштарысную дакументацыю для будучых водных сетак. Але акрамя вырашэння надзённых жыццёвых пытанняў жыхары Барка з нецярпеннем чакалі ўвасаблення ў жыццё важнай патрыятычнай справы. Напярэдадні святкавання 80-годдзя вызвалення Гомеля і Гомельскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сіламі ўраджэнцаў і жыхароў пасёлка, мясцовых улад і спонсараў быў адкрыты памятны знак аднавяскоўцам — братам Крычаўцовым.


Ганарацца землякамі

Цяпер мемарыял у гонар брацкага экіпажа Канстанціна, Міная і Елісея Крычаўцовых сустракае і праводзіць... Памятны знак устаноўлены на ўездзе ў населены пункт. Сёння кожны жыхар Барка шануе памяць аб сваіх земляках і ведае іх кароткую, але гераічную гісторыю жыцця. Браты выраслі ў сям’і былога вясковага настаўніка, рэгента царкоўнага хору. Бацька вялікага сямейства ўступіў у калгас, працаваў садоўнікам. Сыны добра вучыліся ў школе, былі музычна адоранымі. У 1939 годзе да прызыву ў Чырвоную Армію двое старэйшых братоў скончылі Гомельскае музычнае вучылішча. Мінай паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Так супала, што ў адзін час у двух старэйшых братоў скончылася адтэрміноўка ад прызыву на ваенную службу, а малодшы брат Елісей яшчэ вучыўся ў Гомельскім музвучылішчы. Ён адмовіўся ад адтэрміноўкі, каб пайсці служыць разам са сваімі братамі. Іх бацька звярнуўся да міністра абароны Савецкага Саюза з просьбай, каб яго тры сыны праходзілі тэрміновую службу ў адным танкавым экіпажы. Так і здарылася. У родны Барок у бацькоўскую хату браты ў апошні раз прыехалі перад вайной. У 1941-м іх часць перавялі ў Заходнюю Беларусь. Экіпаж братоў Крычаўцовых адзначыўся ў баях з фашыстамі з першых дзён вайны. 26 чэрвеня 1941 года паблізу чыгуначнай станцыі каля Беластока падчас бою браты Крычаўцовы падбілі галаўны танк ворага. Але нямецкі снарад патрапіў і ў танк братоў, іх машына загарэлася. Брацкі экіпаж прыняў рашэнне ісці на таран, каб цаной свайго жыцця нанесці ворагу як мага больш страт. Гэта быў апошні бой братоў-герояў і першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны танкавы таран.

У іх родным пасёлку Барку іменем землякоў названа вуліца, а цяпер яшчэ і адкрыты памятны знак. Тым, як удалося ўвасобіць у жыццё ідэю ўвекавечання памяці землякоў, вельмі задаволеныя ўсе жыхары пасёлка, адзначае памочнік старшыні Урыцкага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна па пасёлку Барок Ніна Курыленка.

— Усе нашы жыхары клапоцяцца аб пасёлку. У нас склалася такая практыка, што ўсе пытанні, прапановы, якія датычацца жыццезабеспячэння, увогуле прыняцця любога рашэння па пасёлку, абмяркоўваем і прымаем рашэнні калектыўна. Многія прапановы па паляпшэнні жыцця ўзнімаюцца на агульных сходах. Тое, што можам выканаць самастойна, робім, а там, дзе неабходна падтрымка, парада, звяртаемся да часова выконваючага абавязкі старшыні Урыцкага сельвыканкама Міхаіла Выгляда, — расказвае Ніна Курыленка.

Памочнік старшыні Урыцкага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна па пасёлку Барок Ніна Курыленка

Ніна Міхайлаўна — памочнік старшыні Урыцкага сельскага Савета дэпутатаў па пасёлку Барок амаль дзесяць гадоў. Доўгі час яна працавала ў сферы дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі — узначальвала аддзяленне дзённага знаходжання для маладых людзей-інвалідаў. Цяпер яна на пенсіі, але працягвае актыўную работу з людзьмі. Памочнік старшыні сельсавета па пасёлку — аўтарытэт, правераны гадамі жыцця ў вёсцы. Звяртаюцца да яе людзі з любой праблемай.

— Мая задача — аператыўна перадаць хвалюючыя пытанні, якія ўзнікаюць, кіраўніцтву сельсавета, дапамагчы ў іх вырашэнні. У нашым пасёлку мы актыўна ўкараняем такую форму работы з людзьмі, як анкетаванне, апытанне па любым хвалюючым пытанні. У пасёлку дзейнічае ініцыятыўная група, у якую ўваходзяць як жыхары старэйшага пакалення, так і наша моладзь. Гэта Таццяна Мячыкава, Аксана Сідарэнка, Алена Гуц, Галіна Нікіціна. Разам праводзім тлумачальную работу з вяскоўцамі, арганізоўваем мерапрыемствы, — падзялілася Ніна Курыленка.

Іх ініцыятыўная група пераканана, што можна зрушыць з месца любую карысную справу. Арганізуюць актывісты Барка людзей праз сустрэчы на вуліцы, звароты ў сеціве і па тэлефоне. Жыхары пасёлка вельмі спагадлівыя. Напрыклад, тое што ў пасёлку няма свайго клуба, не перашкаджае мясцовым актыўна праводзіць святы вёскі. Дапамагаюць праводзіць мерапрыемствы і артысты з Урыцкага цэнтра культуры і вольнага часу. У гэтым годзе значнай падзеяй у жыцці пасёлка Барок, напрыклад, стала святкаванне 100-годдзя заснавання населенага пункта. Падрыхтаваліся вяскоўцы і правялі пазнавальнае мерапрыемства, безумоўна, і з нагоды адкрыцця памятнага знака ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, аднавяскоўцаў братоў Крычаўцовых.

— Людзі вельмі задаволены, прымаюць актыўны ўдзел і ў падрыхтоўцы да свят. Дапамагаюць з іх арганізацыяй, бо мы афармляем святочную пляцоўку. На Дзень пажылых людзей, напрыклад, разам вельмі кранальна ўшаноўвалі нашых старажылаў, на 100-годдзе Барка святочна віншавалі ўсіх, хто нарадзіўся і дагэтуль жыве ў пасёлку, — звяртае ўвагу Ніна Курленка. — З павелічэннем колькасці дзяцей, якія стала пражываюць у пасёлку ці прыязджаюць на канікулах да сваякоў, мы вырашылі, што вельмі важна прадумаць арганізацыю іх вольнага часу. Заахвочваем дзяцей і моладзь да вывучэння былых вясковых традыцый. У нас ужо ёсць вопыт арганізацыі і правядзення народных калядных гулянняў. Цяпер рыхтуемся працягваць гэтую традыцыю і далей.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.