Вы тут

Чаму трэба навучыцца падаткі не толькі плаціць, але і паважаць


Не так даўно Прэзідэнт падчас нарады па аўтамабільных пасажыраперавозках даволі рэзка выказаўся аб тых, хто не плаціць падаткі: «Падатак не заплаціў — туды! (у турму. — „Зв.“) ...У Амерыцы пажыццёвае даюць! ...Дэмакратычная краіна. А мы чаго целяпаемся?» Справядліва, бо за дзевяць месяцаў гэтага года праверылі больш за 10 тысяч аўтамабіляў, задзейнічаных у гэтай галіне, і высветлілі 9 тысяч парушэнняў. Датычацца яны не толькі падатковых выплат, але і бяспекі перавозак, перадрэйсавых медаглядаў, тэхнічнага стану аўто і правоў на кіраванне транспартным сродкам. Але мы засяродзімся менавіта на падатках, бо тыя грошы, што ідуць у кішэні нядобрасумленным таксістам, маршрутчыкам ды іншым бізнесменам, маглі б спачатку трапіць у бюджэт, а далей — на фінансаванне сацыяльна значных галін. Таму і паспрабуем разабрацца, чаму ж так не хочуць некаторыя плаціць падаткі і ці можна зрабіць так, каб падаткі... паважалі.


Фота: pixabay.com

Сапраўды, здаецца, няма ў краіне чалавека, які б не ведаў усю іх значнасць для існавання дзяржавы. Ну, хаця б тэарэтычна. Спытайся ў любога, і ён табе скажа, што дзякуючы падаткам існуюць медыцына і адукацыя, ратавальнікі і праваахоўнікі, падтрымліваюцца сацыяльныя праграмы і праекты. Кожны пацвердзіць — падаткі трэба плаціць, бо як без гэтага. Аднак, азірнуўшыся навокал, паразмаўляўшы са знаёмымі і паслухаўшы размовы незнаёмых у трамваі ды метро, упэўніваешся: далёка не кожны. Як далёка не кожны гатовы добраахвотна, без душэўных мук расстацца са сваімі кроўнымі. Прабачце за песімізм, але нешта падказвае, што калі б у нашых разліковых лістках з-за нейкай, напрыклад, памылкі хаця б на месяц знікне графа «падаходны падатак», мала хто пойдзе ў бухгалтэрыю разбірацца «чаму з мяне падатак не ўтрымалі». Яшчэ менш пойдзе ў падатковую інспекцыю, каб самому сплаціць тыя нявылічаныя грошы.

Апошняе асабліва актуальна для пэўнай катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў, бізнесменаў і проста грамадзян, якія павінны самастойна прадстаўляць падатковыя дэкларацыі ў адпаведныя органы. Не хочуць яны плаціць падаткі, бо лічаць, што заробленыя грошы — гэта іх грошы, а больш яны нікому і нічога не вінны. І дзеля таго каб не плаціць, у ход ідуць самыя разнастайныя схемы: ад простых і відавочных, як распаўсюджанае драбленне бізнесу або абслугоўванне «міма касы», да больш маштабных махінацый з трансфертным цэнаўтварэннем на міжнародным узроўні. З той жа кагорты — зарплаты ў канвертах, якія потым горкім хрэнам адгукнуцца перш-наперш іх атрымальнікам. А ўсё дзеля таго, каб не дзяліцца з дзяржавай. Той самай, якая забяспечыла бясплатнай медыцынай, адукацыяй, стварыла ўмовы для бізнесу, дарэчы, неблагія. Так, ёсць пытанні, і ёсць праблемы з фінансаваннем тых ці іншых галін. Але ж перад тым як наракаць на гэта, не перашкодзіла б задумацца: а можа, менавіта маіх падаткаў і не хапіла на рамонт у класным пакоі ці на зарплату ўрачу? Па вялікім рахунку, усе выгоды, увесь той звычны камфорт і, гаворачы канцылярскай мовай, якасць жыцця мы ствараем самі: своечасовымі дэкларацыямі, сплачанымі маёмаснымі падаткамі. І гэта правільна, яшчэ Фама Аквінскі казаў: «Будзе справядліва, калі падданыя аплацяць тое, чым забяспечваецца іх уласны дабрабыт».

Можна было б многа расказаць пра хітрамудрыя спосабы, якімі карыстаюцца неплацельшчыкі падаткаў, на адзін толькі пералік газетнай паласы наўрад ці хопіць. Але ж сказаць і паразважаць хочацца пра іншае. Пра тое, адкуль такое несур’ёзнае, мякка кажучы, стаўленне да падаткаў. У тым ліку і ў простых людзей, якія ў афіцыйных падатковых дакументах пазначаны як «фізічныя асобы». Усё далейшае — толькі разважанні і меркаванні, без прэтэнзій на нейкую ўсяленскую ісціну. Тым больш што і адказаў на пытанні наконт адасаблення асобы ад краіны (а нявыплата падаткаў — менавіта тое і ёсць: я асобна, дзяржава асобна) таксама не будзе. А будзе толькі спроба зразумець вытокі легкадумных адносін да таго, што складае значную частку бюджэту краіны.

Па-першае, давайце вызначым, якія падаткі мы плацім і колькі. У цэлым, падатковая сістэма Рэспублікі Беларусь налічвае 30 падаткаў і збораў (пошлін). Аднак па звычайнай дзейнасці плацяцца толькі 4: падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак, на нерухомасць, зямельны падатак. Ёсць яшчэ адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Сама падатковая сістэма двухузроўневая: падаткі падзяляюцца на рэспубліканскія і мясцовыя. За апошнія 10 гадоў яна грунтоўна рэфармавалася, стала больш дасканалай: спрасцілася падатковае заканадаўства, а сама сістэма стала больш стабільнай і ўстойлівай. Немалаважна, што знізілася падатковая нагрузка на эканоміку, яна не перавышае ўзроўню, прадугледжанага праграмнымі дакументамі аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, — 26% да ўнутранага валавога прадукту, прагнозны паказчык — 24% да УВП.

У працяг тэмы колькасці падаткаў і іх нагрузкі на бізнес трэба адзначыць, што, дзякуючы асобым рэжымам падаткаабкладання, якія замяняюць аплату сукупнасці асноўных падаткаў, асобныя катэгорыі фізічных і юрыдычных асоб могуць скарыстацца шэрагам падатковых льгот. Так, для малога прадпрымальніцтва створана даволі прывабная сістэма спрошчанага падаткаабкладання, якой уласцівы прастата падліку падатку і нізкая — 6% ад валавой выручкі — падатковая стаўка. А для тых, хто заняты вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, ёсць магчымасць прымянення прэферэнцыйнага рэжыму падаткаабкладання ў выглядзе адзінага падатку са стаўкай 1% ад валавой выручкі. Таксама пэўныя падатковыя палёгкі ёсць і ІТ-галіне.

Як адзначылі ў Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, гэтыя і іншыя захады ствараюць у Беларусі спрыяльную і эфектыўную бізнес-прастору. А наша падатковае заканадаўства, па ацэнках міжнародных экспертаў, — сучаснае, зразумелае і падрабязнае. У ім, як і сказана вышэй, выразна праглядаецца тэндэнцыя да стымулявання эканомікі, і, у параўнанні з заканадаўствамі іншых краін СНД, у ім больш спецыяльных спрошчаных рэжымаў, што дабратворна адбіваецца на развіцці малога і сярэдняга бізнесу. Стаўкі па асноўных падатках таксама ліберальныя. А агульная колькасць падаткаў — гэта далёка не асноўны паказчык падатковай нагрузкі, большую ролю тут іграюць іх стаўкі і магчымасці скарыстацца падатковымі прэферэнцыямі і льготамі. Ды і, шчыра кажучы, падаходны падатак з, напрыклад, фізічных асоб ці індывідуальных прадпрымальнікаў нельга назваць непад’ёмным. Але... пытанні ёсць.

Дык што ж можна прапанаваць, каб нашы грамадзяне ставіліся да падатковых абавязкаў з належнай павагаю? Цяжка тут знайсці нейкі цудоўны рэцэпт. Можа, справа ў тым, што і сапраўды мы ўспрымаем падаткі як нешта далёкае, з чым непасрэдна не сутыкаемся. Падаходны падатак вылічаюць з заработнай платы без нашага ўдзелу, выплаты ў ФСАН выплачвае работадаўца, транспартны ды маёмасныя падаткі — атрымалі паведамленне з сумаю падаткаў і алгарытмам аплаты. Прасцей не бывае, усё, лічы, зроблена за нас, толькі заплаці своечасова. Да чаго вяду думку? Да таго, што чалавек не ўдзельнічае ў працэсе. Таму ці вольна, ці не, ён абясцэньвае яго. Нешта далёкае, амаль абстрактнае рэдка калі ўспрымаецца аднолькава значным з тым, да чаго маеш непасрэднае дачыненне. Можа, калі б, як у тых жа ЗША, кожны штогод самастойна падлічваў усе свае даходы і падаваў дэкларацыю, то і да аплаты падаткаў, праз прызму асабістых намаганняў, ставіўся б па-іншаму? Хацелася б спадзявацца. Альбо чаму б у школах не ўвесці нешта накшталт факультатываў па фінансавай адукаванасці, дзе б расказвалі пра грошы і падаткі. Пра важнасць і важкасць апошніх. Каб з маленства фарміравалася адно простае правіла — падаткі трэба плаціць, яны тое, што дазваляе нам жыць у цывілізаваным грамадстве, а зусім не даніна, не аброк. Дарослым таксама не пашкодзіў бы такі лікбез…

Вядома, гэтыя ідэі не прэтэндуюць на арыгінальнасць ці нейкую там панацэю, але ж пасыл, думаю, зразумелы. Бо нават жорсткае пакаранне за падатковыя злачынствы (дарэчы, згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, максімальны тэрмін пазбаўлення волі за парушэнне падатковага заканадаўства — да 12 гадоў) не дасць таго эфекту, які можна атрымаць ад свядомага, добрасумленнага стаўлення грамадзян да падаткаў. І каб вы, паважаныя чытачы, таксама былі ў ліку тых свядомых падаткаплацельшчыкаў, нагадаем, што дэкларацыі па падаходным падатку за 2023 год трэба будзе падаць да 31 сакавіка 2024-га, а сплаціць падатак, памер якога на падставе дэкларацыі вылічаць супрацоўнікі падатковых органаў, — да 1 чэрвеня. Прадставіць дэкларацыю можна асабіста ў падатковы орган, праз свайго законнага ці ўпаўнаважанага прадстаўніка, направіць па пошце альбо ў электронным выглядзе праз асабісты кабінет плацельшчыка.

Дэклараванню падлягаюць даходы, атрыманыя сёлета, напрыклад, ад продажу другога аўтамабіля на працягу каляндарнага года, ад продажу другой кватэры на працягу пяці гадоў. Таксама нялішнім будзе наведацца ў падатковую інспекцыю ў выпадку атрымання падарункаў (не ад блізкіх родзічаў) на суму болей за 8078 рублёў ці даходаў з-за мяжы.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.