Вы тут

Гомельшчына прапаноўвае супрацоўніцтва не толькі ў бізнесе, але і ў культурнай сферы


Прадстаўнікі дзесяці краін свету і больш чым двух дзясяткаў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў вочным і анлайн-фармаце сталі ўдзельнікамі «Бізнес-дзён у Гомелі». Міжнародны форум у горадзе над Сожам арганізаваны дзявяты раз. У гэтым годзе яго галоўнымі тэмамі заяўлены пытанні трансфармацыі бізнес-магчымасцяў у новых умовах і турызму як фактару эканамічнага развіцця тэрыторый. Для ўдзельнікаў маштабнага мерапрыемства арганізатары падрыхтавалі насычаную двухдзённую праграму.


Да правядзення «Бізнес-дзён у Гомелі» традыцыйна далучылася кіраўніцтва Гомельскай вобласці і горада Гомеля. Удзельнікамі форуму сталі прадстаўнікі дыпламатычных місій, гандлёва-прамысловых палат, асацыяцый бізнесу, турыстычнай індустрыі і прафсаюзных арганізацый. Афіцыйнае адкрыццё міжнароднага дзелавога мерапрыемства прайшло ў бізнес-цэнтры Гомельскага хімічнага завода. На пленарнай частцы гасцей прывітаў першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі.

Ён звярнуў увагу на тое, што Гомельскі рэгіён дынамічна развіваецца як індустрыяльны, транспартна-лагістычны цэнтр, адкрыты для дзелавога ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы машынабудавання, металаапрацоўкі, хіміі і нафтахіміі, вытворчасці будматэрыялаў, харчовай, лёгкай прамысловасці і аграпрамысловага комплексу.

— У існуючых эканамічных умовах адна з найбольш эфектыўных форм, якія даюць магчымасць гібка і аператыўна ўзаемадзейнічаць па самым шырокім коле пытанняў, — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, — нагадаў Дзмітрый Петражыцкі.

Гомельшчына, як і заўсёды, зацікаўленна ў паглыбленні міжрэгіянальных адносін.

— Патэнцыял развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў Гомельскай вобласці ёсць практычна ва ўсіх напрамках. Мы маем намер узмацняць яго і пашыраць геаграфію ўзаемадзеяння, — зазначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама.

Пленарная частка «Бізнес-дзён у Гомелі» арганізавана на прасторах дзвюх тэматычных сесій. Сёлета прапанавана разгледзіць эфектыўныя формы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва рэгіёнаў, развіцця сферы аграпрамысловага комплексу, забеспячэння харчовай бяспекі, лагістыкі і транспартных шляхоў. Значная ўвага і пытанням імпартазамяшчэння, стварэння кааперацыйных ланцужкоў, узмацнення міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Між тым у праграме «Бізнес-дзён у Гомелі» сёлета шэраг сустрэч прысвяцілі менавіта пытанням развіцця міжрэгіянальнага турызму, актуальным задачам турыстычнай сферы ў цэлым. У Гомельскім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў Гомельскага і Кармянскага раёнаў Гомельшчыны, Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, Бранскай і Смаленскай абласцей, а таксама Санкт-Пецярбурга. Удзельнікі сустрэчы разгледзелі заяўленыя пытанні на прыкладзе ўнікальнага для Гомельшчыны праекта «Дарогамі Кацярыны». Яго сутнасць — распрацоўка канцэпцый новых турыстычных аб’ектаў, лакальных і міжнародных турыстычных маршрутаў, у змест якіх уключаны рэальныя факты, звязаныя з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ. Сёлета ўнікальны турыстычны праект «Дарогамі Кацярыны», які на Гомельшчыне ажыццяўляецца пры падтрымцы Гомельскага і Кармянскага раённых Саветаў дэпутатаў, быў прадстаўлены на ХХІV Міжнароднай выстаўцы «Вясна ў Гомелі». Днямі праект адзначаны спецыяльным дыпломам «За захаванне адзінай саюзнай культурнай спадчыны» ў намінацыі «Найлепшая ідэя турыстычнай падзеі» ў фінале Міжнароднай прэміі ў галіне падзейнага турызму «RussіanEventAwards», які прайшоў у Ніжнім Ноўгарадзе. У намінацыі «Найлепшая турыстычная падзея ў галіне культуры і мастацтва сярод гарадоў з насельніцтвам да 100 000 чалавек» дыплом першай ступені заваяваў праект «Фестываль «Ільняная карусель» Кармянскага раённага выканаўчага камітэта, дзе былі арганізаваны тэматычная пляцоўка, прысвечаная імператрыцы Кацярыне ІІ, майстар-класы па рукадзеллі і дэгустацыяй страў на аснове лёну.

Другі год працягваецца сумесная работа спецыялістаў турыстычнай сферы Гомельшчыны з калегамі з Бранскай, Смаленскай абласцей, Санкт-Пецярбурга над «Дарогамі Кацярыны», нагадала ініцыятар вялікага праекта, кіраўнік гомельскай прыватнай установы «Тэрыторыя развіцця — XXІ стагоддзе» Ірына Багданец. Так, у Санкт-Пецярбургу таксама плануюць праводзіць «Кацярынінскія гульні» з народнымі гуляннямі, катаннем з ледзяных горак, снежнымі бітвамі. Падобныя турыстычныя праекты ўжо рэалізоўваюць у Бранску, Смаленску, Карэліі і Татарстане.

— Ад «Бізнес-дзён у Гомелі» чакаем інтэнсіфікацыі расійска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, турызму, у цэлым малога і сярэдняга бізнесу. Асноўны праект, які мы сёння абмяркоўваем і які падтрымаў «Рускі дом», — «Дарогамі Кацярыны» — сапраўды цікавы для абедзвюх краін. Ёсць нямала знаёмых пунктаў на ім, асабліва ў Гомельскай вобласці. Ведаю, што многія рэгіёны Расіі далучыліся да праекта, яго цікава пашыраць, — адзначыла першы сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік «Рускага дома» ў Гомелі Вольга Бараненка.

У межах форуму ў Гомельскім дзяржаўным каледжы кулінарыі прайшоў майстар-клас «Як упрыгожыць турыстычны маршрут. Гастранамічныя прыхільнасці Кацярыны ІІ». Удзельнікам прапанавалі ацаніць стравы стылізаванага царскага абеду. Яго меню прапрацаваў су-шэф-кухар аднаго з рэстаранаў абласнога цэнтра Іван Крашаніннікаў.

— На жаль, на сёння дакладных рэцэптаў прыгатавання страў той эпохі не захавалася. Але мы ведаем, што ў той перыяд была мода на французскую кухню. Па некаторых крыніцах вядома аб любімых прадуктах Кацярыны ІІ. Адзін з іх — ананас. Ён настолькі спадабаўся царскай асобе, што яго спрабавалі вырошчваць. Тады ананас запякалі ў печы з мёдам, — расказаў су-шэф-кухар.

Між тым у межах міжнароднага форуму для прадстаўнікоў расійскай турыстычнай індустрыі арганізавалі рэкламна-інфармацыйны тур па Гомелі і Гомельскім раёне. Для дзелавых колаў — удзельнікаў «Бізнес-дзён у Гомелі» — былі распрацаваны індывідуальныя праграмы з наведваннем прадпрыемстваў Гомельскай вобласці.

— «Бізнес-дні ў Гомелі» ў першую чаргу задумвалі як мерапрыемства для дыялогу дзелавых колаў, — падкрэсліла генеральны дырэктар Гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Марына Філонава. — Міжнароднае мерапрыемства праводзіцца з 2015 года. Сёння ў «Бізнес-днях» два напрамкі: бізнес, у прыватнасці гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, і турызм, а таксама тое, што звязана з захаваннем культурнай спадчыны, ваенна-патрыятычным турызмам. Гэта актуальна для нас. Удзел у мерапрыемстве ў вочным і анлайн-фармаце пажадалі прыняць 10 краін, у тым ліку прадстаўнікі Індыі, сярод якіх супрацоўнікі кінакампаній, фотарэпарцёры. Будзем запрашаць іх здымаць Гомельскую вобласць, расказваць пра Беларусь у сваёй краіне. Прадстаўнікі турыстычнай кампаніі прыехалі да нас па лініі Міжнароднай палаты бізнесу, з якой у нас падпісаны дагаворы, — адзначыла Марына Філонава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.